Урывак з паэмы
Стаіць з вінтоўкаю салдат,
Стаіць бандыт закляты,
“Ды толькі ўперад, не назад
Ігнасік пойдзе! Чуеш, гад?!
Табе жыць не багата!
Чаго ты тут, чаму ячмень
Ты топчаш наш калгасны?
Чаму кладзеш свій чорны цень
На ніву ў ранак ясны?
Ты ўсё зламаў, перамясіў
І поле й сенажаці.
Ты бацьку ў крэпасці забіў,
Ты выгнаў з Брэста маці.
Мяне пусціў ты ў белы свет,
Іду я, сіратую,
Шукаю ў полі свежы след,
Шукаю сцежку тую,
Дзе маці родная прайшла,
Дзе, родная, ступіла.
Мо гэта б сценка правяла,
А тут ты стаў,
Шляхі заняў,
Заняў гвалтоўнай сілай.
Надзеў ты шапку-макацёр,
Стаіш, як бык рагаты…
Густы ячмень… а побач — бор:
Шпурну ў яго гранату…”
..Бывай, любімая сталіца,
Масква любімая, бывай!
Зноў воін едзе на граніцу,
У свій бацькоўскі едзе край;
У месца тое, што ля Буга,
Каб стаць на варце мірных дзён.
Ён развітаўся з кожным другам,
З Масквой развітваецца ён.
Масква, Масква! Якое шчасце,
Што ты на свеце белым ёсць!
Ты ўсе нягоды і напасці,
Няпраўду, крыўду, гора, злосць
Змагла і здолела пакласці
У дол сыры, у цёмны дол!..
Зноў сэрца атуліла шчасце,
Зноў песні, радасць навакол.
Не быў ні дня ён сіратою,
Вавек не будзе сіратой,
Бо быў Ігнась, Масква, з табою,
Заўсёды, родная, з табой.
Твайго Крамля праменні-зоры
Гарэць у сэрцы будуць век…
Ігнась узрушаны гаворыць:
— Дзень добры, родныя прасторы,
Палі, лугі ля светлых рэк!
Бывай, цягнік! А мне рукою
Падаць да крэпасці цяпер…
Тут вее ласкаю такою —
Не можа сэрца супакоіць
Герой — савецкі афіцэр.
Ідзе, заглядваецца ў твары:
— Мо гэта мой былы таварыш?
Мо ён майго маленства друг,
З якім хадзілі мы на Буг?
Хадзілі ў ягады, арэхі,
Трубіў нам горн: — Пад сцяг, атрад!
І раптам гром вайны праехаў —
І я — салдат, і друг — салдат.
Ігнась гатовы пакланіцца
Вітрынам, вуліцам усім,
І гэтым новым камяніцам,
І комінам фабрычным тым!
— Дзень добры, горад, горад мілы,
Прымай зноў воіна, прымай!
З табою, Брэст, з апошняй сілы
Стаялі мы за родны край!
Стаялі, Брэст, насмерць стаялі,
Касіў бязлітасны свінец.
Няма такой гартоўкі ў сталі,
Як загартован наш баец!
І мы прыйшлі да перамогі,
Не склалі зброі, моцных крыл.
І я свае шляхі-дарогі
Прыйшоў замкнуць ад цёмных сіл;
Граніцы нашы, небасхілы
Для вас замкнуты,чужакі!
Браты свае з’ядналі сілы,
З’ядналі моцна, на вякі!
Стаіць, маўчыць у задуменні:
— Дзе маці? Дзе ляжыць яна?..
Маўчаць цагліны і каменні,
Маўчыць разбітая сцяна.
Там бацьку роднага скасіла…
Там нёс патроны для байца…
Там маці родная прасіла
Вады прынесці з Мухаўца.
Як сведкі, брацкія магілы
Гавораць пра іх цяжкі лёс…
Стаяў Ігнась, раслі ў ім сілы,
Напеў над Бугам рос і рос.
Нібыта скрыпка тая грала,
Яго ўсё клікала, гукала,
Нібы на крыллях, уздымала
Вышэй,
Вышэй,
Вяла далёка
Услед за песняю ў прасцяг:
— Ідзі, мой ясны сокал,
Хай лёгкім будзе шлях!