Застылі ў нерухомасці фарты
З прабітым цемем нізкага скляпення,
І амбразураў чорныя раты
Перакасіла страшным утрапеннем.
Бо тут нядаўна сыпаў смерць свінец,
Стагналі бамбавозы ў чорных хмарах,
Глытаў снарады мутны Мухавец,
З усіх бакоў ляцела цэгла жарам.
Здавалася, расшчэпіцца зямля,
Ды гэта пекла вытрывалі людзі.
Цяпер чаромхі квеценню пыляць
І першы гром у лузе краскі будзіць.
А ў гнёздах-гамаках на ўсе лады
Гарластыя гракі
крычаць без сцерпу.
Вярба стаіць сагнутай, як тады,
Калі баец ваду пілоткай чэрпаў.
Для тых,
хто гронку бэзу не кране,
Каму не зазірне матуля ў вочы, —
Сюды вясна спяшаецца раней
І гэтую зямлю кідаць не хоча.
Зязюля рэха клікае ў бары,
На досвітку няма ўгамонку птушкам,
Вясёлка сяміколерна гарыць
Над крэпасцю, як ордэнская стужка.