Успаміны —
Неўзарваныя міны —
Гулам матора
ўзарваў самалёт.
Я лячу ў сорак першы год.
Курс на зніжэнне бяром.
Зарослы травою мірнай
аэрадром…
Як недаспеты агрэст
на зубах,
Да аскоміны
Брэст
Мне вайною запах…
Дзюбку цягне з гнязда птушаня,
Просіць есці.
Прыкідваецца цішыня!
Я сплю.
Мне ачнуцца трэба:
Убачу наўсцяж не бухматыя дрэвы —
Выбухаў цяжкіх слупы
І неба позірк ад жаху сляпы…
Зямля не ад сонца парэпалася…
Аперазалася крэпасць
Патранашам тугім Мухаўца —
Хопіць патронаў
выстаяць да канца!..
Не!
Я не сплю —
Гэта ўспамінаў узарваныя міны…
Можна спакойна брысці па Брэсце,
Сёння ён у турысцкім зялёным берэце
Каштаноў і кляноў бухматых…
Ідуць маладыя салдаты,
Яны —
аднагодкі вайны…
Халадком патыхае вячэрнім…
Сонна ціўкае шпачаня…
Брэст, 22 чэрвеня.
Цішыня…