Астрейко Анатолий (Астрэйка Анатоль). Абаронцам Брэсцкай крэпасці

Залпы гармат на граніцы.
Пала на ўзмежак сасна.
Лязгат матораў
І скрозь бліскавіцы —
Так пачалася вайна.

Брэсцкая крэпасць над Бугам,
Ты ж і Радзіма і дом.
Будзь ты матуляй нам, другам,
Слаўным таварышам,
Нашым апошнім жыллём.

Клятву сваю мы стрымалі
І на варожых касцях
Помнік бяссмерця сабе збудавалі,
Свой жа не зганьбілі сцяг.