Бабицкий Александр (Бабіцкі Алесь). Гляджу на Бярэсце

Гляджу на Бярэсце, на хаткі драўляныя,
І чую – гамоніць бярозавы гай…
Тут людзі жылі, у жыццё закаханыя,
Абралі душой гэты казачны край.

Хоць хаткі былі, нат, без вокан, без комінаў,
Куды ім да нашых, што мкнуцца да хмар,
Ды іх напаўняе весялосцю і гоманам
Наш продак далёкі – тутэйшы жыхар.

Ён першым тут кінуў зярнятка ўрадлівае,
Сцяжынку праклаў у наш радасны век,
Каб сёння ствараў шчырай працай рупліваю
Багацце сваё уладар – чалавек.

Гляджу на Бярэсце, на хаткі драўляныя,
І чую – гамоніць бярозавы гай…
Тут людзі жылі, у жыццё закаханыя,
Любілі, як мы, гэты казачны край.