Томашевич Георгий (Тамашэвіч Георгій). Вітаю 1000-годдзе! (2)

Слаўны Брэст — наша веліч і песня
З тых далекіх, адметных часоў,
Калі продак чароўным прадвеснем
Тут прытулак жыццёвы знайшоў.
Векапомнымі свецяцца годы,
Жыватворнымі — промні падзей.
Неўміручая памяць народа
Пераклічку з эпохай вядзе.
Эстафетныя справы бадзёра
Зычаць сэрцам і думкай працяг.
З вышыні юбілейнай прасторы
Углядаемся ў роднасны шлях.
Расцвітаюць і вёсны і леты
Амплітудай жаданых замоў.
Абнімаюць бульвары, праспекты
Дабрынёй маю думку ізноў.
Бачу новыя яркія дахі,
Паўнаводныя рэк рукавы,
Жураўліныя кранаў узмахі
І вяслярны канал прызавы.
Накірункі, дарогі, спатканні —
Гасцявая сардэчнасць без віз.
Цытадэль пераможным гучаннем
Векавы беражэ жыццяпіс.
Саграваюць пялёсткі каштанаў
І алеяў святочны парад.
Назвы вуліц душой завярстаны
У нябесны жывы зарапад.
Любімая кропка на карце —
Мой горад над Бугам-ракой.
Праводзіць, сустрэне, як маці,
Атуліць пяшчотнай рукой.
Прыгожыя вабяць алеі,
Бульвараў шырокі прастор,
І вуліцы памаладзелі,
І плошчаў чароўны узор.
З сябрамі — суседзямі ў згодзе
Шляхі — скрыжаванні дарог.
Вітаю я Тысячагоддзе
І веліч усіх перамог!