«Жывы» літаратар Уладзімір Калеснік

«Уладзімір Андрэевіч Калеснік…Як толькі азарае свядомасць гэтае імя, адкідваеш прэч пацяруху штодзённасці, застываеш у захапленні і павазе да асілка беларускай думкі…»

(А. Філатаў)

17 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння знакамітага земляка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, пісьменніка, кандыдата філалагічных навук, прафесара, літаратуразнаўцы і крытыка.

У чытальнай зале Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі да канца верасня будзе экспанавацца выстава-прысвячэнне «Уладзімір Калеснік: натхненне асобай».

Уладзімір Андрэевіч Калеснік нарадзіўся на Гродзеншчыне, у вёсцы Сіняўская Слабада. Аднак жыццёвы лёс паяднаў яго з нашым краем. На франтах Вялікай Айчыннай вайны апынуўся дзевятнаццацігадовым юнаком. З восені 1942 г. камандаваў узводам, затым стаў начальнікам штаба атрада Баранавіцкага партызанскага злучэння. Двойчы паранены. Узнагароджаны ардэнамі і медалямі.

У маі 1950 г., працуючы над дысертацыяй, Уладзімір Андрэевіч зноў трапіў на Берасцейшчыну. Ужо тады ён адчуў, што гэты рэгіён мае вялікую і слаўную гісторыка-літаратурную мінуўшчыну. Але не ведаў малады даследчык літаратуры, што менавіта яму наканавана ў 1954 г. пасяліцца ў гэтым горадзе, працаваць выкладчыкам, а затым на некалькі дзесяцігоддзяў узначаліць кафедру беларускай літаратуры Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута імя А.С. Пушкіна, стаць вучоным-літаратарам, пісьменнікам, першым кіраўніком абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і значна ажывіць літаратурнае жыццё краю.

За гады працы ў Брэсцкім дзяржаўным педінстытуце Уладзімір Андрэевіч падрыхтаваў тысячы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, якія сёння з удзячнасцю згадваюць свайго настаўніка, карыстаюцца яго шматлікімі артыкуламі і манаграфіямі, чытаюць дакументальныя творы: «Аповесць пра Таўлая», «Я звогненнай вёскі» (з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём), «Пасланец Праметэя», «Час і песні», «Ветразі Адысея», «Лёсам пазнанае», «Тварэнне легенды», «Усё чалавечае» і інш.

Сам Уладзімір Андрэевіч Калеснік сціпла ацэньваў свой уклад у развіццё літаратуры гэтага краю. Ён адзначаў : «Я проста працаваў, рабіў сумленна асветніцкую работу, наколькі дазвалялі мае здольнасці…» На доме, дзе жыў літаратуразнаўца, усталявана мемарыяльная дошка. Яго іменем названа адна з вуліц Брэста. Абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі заснавана літаратурная прэмія імя У. А. Калесніка.

Падрыхтавала Т.Юрчык