Вакула Вера. Брэст

Горад светлы прыгожы і ўтульны,
Шчодра сонцам паўднёвым сагрэты.
Пад табою трывалы падмурак
Векапомнай сівой даўніны.
Цесна звязаны лёсам агульным,
І гісторыя помніць аб гэтым,
З тымі, хто тут знайшоў свой прытулак,
І паклаў на мяжы валуны.

З веку ў век горад удзячны ўсім тым,
Хто абраў для яго гэта месца –
Ад захопнікаў усіх бараніў,
Аднаўляў пасля жудасных войн.
Ведаў страты і вогнішчаў дым,
Быў паселішчам з назвай Бярэсце –
З тых часоў тут яго карані,
І пачаў ён тут летапіс свой.

У гэтым месцы зямля спрадвякоў
Дрыгавіцкай крывёю паліта...
У славутай Грундвальдскае бітве
Берасцейцаў харугва была.
Разам усталі супроць крыжакоў
Рука поруч Ягайла і Вітаўт –
Іх дамова, як факт знакаміты,
Менавіта ў Бярэсці прайшла.

Быў валынскім, літоўскім і польскім
На гандлёвых шляхоў скрыжаванні.
Магдэбургскае права найпершы
За здабыткі свае атрымаў.
І, магчыма, што воляю Боскай
Месцу гэтаму наканавана,
Каб канязь Чорны – асветнік тутэйшы
Сваю Біблію надрукаваў.

Па над Мухаўцам і па над Бугам
Вербы стан свой схілілі ў паклоне.
Тояць Брэсцкае крэпасці сцены
Горкі водгук апошняй вайны...
Год за годам ідуць шчыльным цугам –
Горад мужна стаіць на кардоне,
Як ахоўнік дзяржавы нязменны,
Каб яе не парушылі сны.

Брэст, ты светлы, прыгожы і ўтульны,
Шчодра сонцам паўднёвым сагрэты.
Ты прайшоў праз усе ліхалецці
І да 1000-годдзя дажыў!
Маеш тытул сталіцы культурнай,
Існаваць табе “многая леты”!
Лепшы горад ва ўсім белым свеце –
Ты пашану сабе заслужыў!

Твае вуліцы, паркі і скверы,
І будынкаў сучасных кварталы,
Кветак столькі, што часам здаецца –
Нехта выткаў яскравы абрус…
Цяжка, нават, у гэта паверыць,
Што ўзрост у цябе вельмі сталы –
Ганарацца табой берасцейцы!
Ганарыцца табой Беларусь!