У наш горад прыязджала казачніца!

«Кніжная фея» Кацярына Хадасевіч-Лісавая наведала брэсцкія бібліятэкі. 22 верасня ў канферэнц-зале цэнтральнай гарадской бібліятэкі адбылася сустрэча дзіцячай пісьменніцы з чацвёртакласнікамі сярэдняй школы нумар 20.

Літаратурнае знаёмства юных чытачоў з новымі кніжкамі аўтара прайшло ў форме гульні і чытанкі-апытанкі. Адзін перад адным імкнуліся хлопчыкі і дзяўчынкі адказаць на пытанні казачных герояў, паўдзельнічаць у імправізаваных гульнях, атрымаць аўтограф з рук чараўніцы.

Кацярына Хадасевіч Лісавая – папулярная беларуская пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У яе творчым заплечніку больш за 20 кніжак для дзяцей. Цікава, што новыя кнігі аздоблены гульнямі, аўдыё-ўрыўкамі, QR-кодамі і спасылкамі на сацыяльныя сеткі казачніцы. Дарэчы, яе заўсёды рады вітаць як маленькія, так і дарослыя наведвальнікі бібліятэк.