Тыдзень рэкламы бібліятэк у філіяле № 3 імя Янкі Купалы

Год гістарычнай памяці ў Беларусі праходзіць яшчэ і пад знакам 140-гадовага юбілею вялікіх майстроў паэтычнага слова, класікаў нашай нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы i Якуба Коласа. Імёны песняроў беларускай зямлі заўсёды гучаць побач. Яны – сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай літаратуры.

Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова. Праз іх творы свет пазнаў жыццё беларускага народа, звычаі, гісторыю, прыгажосць беларускай прыроды.

Творы Янкі Купалы і Якуба Коласа сталі крыніцай натхнення многіх кампазітараў. Песні іх спявае народ, на іх творах моладзь вучыцца шанаваць і ганарыцца сваёй краінай, моваю. А таму, Я. Купала і Я. Колас – нашы сучаснікі, яны заўжды побач з намі.

У бібліятэцы-філіяле № 3, якая носіць імя Янкі Купалы, працягваюцца мерапрыемствы да юбілеяў беларускіх песняроў.

Напярэдадні Дня бібліятэк мы запрасілі да сябе ў госці нашых даўніх сяброў –ваеннаслужачых в/ч 5526 унутраных спраў МУС РБ.

З пачатку мерапрыемства маладыя вайскоўцы даведаліся пра гісторыю стварэння нашага прафесійнага свята, пачулі гісторыю стварэння нашай бібліятэкі (якой спаўняецца ў гэтым годзе 70 гадоў), пазнаёміліся з этнаграфічным кутком «Беларуская хатка».

Далей нашым гасцям была прапанавана літаратурна-музычная кампазіцыя «Сейбіты слова і мудрасці», на якой прагучала шмат вершаў, песень, відэаролікаў на словы паэтаў, нямала выказванняў пра іх творчасць, шчырых слоў удзячнасці за іх талент.