Шляхі-дарогі Алены Васілевіч

22 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Алены Сямёнаўны Васілевіч (1922-2021) – беларускай пісьменніцы, заслужанага работніка культуры БССР.

Сёння, перачытаўшы яе кнігі, ніхто не скажа, што простыя ісціны пісьменніцы састарэлі.

Алена Сямёнаўна нарадзілася на Случчыне. На восьмым годзе жыцця засталася без бацькоў. Выхоўвалася сваякамі.

Скончыла Слуцкае педвучылішча, літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці.

У 1946 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала загадчыкам аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка», у выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва”.

У літаратуру Алена Васілевіч прыйшла як празаік у 1947 г. Першая аповесць “У прасторах жыцця” была надрукавана ў часопісе “Беларусь”. Пасля адзін за адным выходзяць яе кнігі: “Блізкія і знаёмыя”, “Заўтра ў школу”, “Сябры”, “Апавяданні”, “Падслухала сэрца” і інш.

“Галоўнай” кнігай пісьменніцы з’яўляецца тэтралогія “Пачакай, затрымайся…”. За цыкл аповесцяў, якія ў яе ўвайшлі (“Расці, Ганька”, “Доля знойдзе цябе”, “Новы свет”, “Пачакай, затрымайся…”), А.С. Васілевіч узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР. А тэтралогія стаіць у шэрагу лепшых аўтабіяграфічных твораў беларускай літаратуры.

Тамара Юрчык.