«Калеснік – гэта цэлы сусвет»

Дваццаць год таму бібліятэка-філіял № 7 «Юнацтва» атрымала яшчэ адну назву: бібліятэка імя У.А. Калесніка. Нядаўна мы адзначылі стогадовы юбілей гэтага выдатнага літаратуразнаўцы, пісьменніка, педагога.

Уладзімір Андрэевіч Калеснік родам з-пад Навагрудка. Шлях вясковага хлапчука да навукі быў няпростым. Тым больш да навукі беларускага літаратуразнаўства – заходняя частка краіны ў той час знаходзілася пад польскай уладай. Вучыцца чытаць па-беларуску прыйшлося па насценным календары. Потым была вайна, два гады ў партызанскім атрадзе, цяжкая хвароба… І нарэшце – літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута.

Скончыўшы інстытут і аспірантуру, малады выкладчык трапляе на працу ў Брэст. Гэты горад стаў яго лёсам, яго новай радзімай. Тут ён пісаў свае цудоўныя кнігі, нарысы і артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Уладзімір Калеснік адкрыў для чытача літаратуру Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў, пра якую на той момант гаварылі няшмат. Разам са сваімі сябрамі, Алесем Адамовічам і Янкам Брылем, аб’ехаў 147 вёсак, каб запісаць успаміны іх жыхароў і стварыць знакамітую кнігу «Я з вогненнай вёскі». А былыя студэнты прафесара Калесніка дагэтуль узгадваюць, як цікава праходзілі ў яго лекцыі і нават экзамены.

17 верасня 2022 года ўсе наведвальнікі бібліятэкі «Юнацтва» мелі магчымасць паглядзець прэзентацыю пра жыццё і творчасць У.А. Калесніка. Увазе чытачоў была прапанавана прысвечаная яму кніжная выстава. А вучні СШ № 23 сталі ўдзельнікамі вечара-прысвячэння «Калеснік – гэта цэлы сусвет».

Запрашаем і вас у нашу бібліятэку. Даведайцеся больш пра чалавека, якім ганарыцца Брэст!