Дзень беларускага пісьменства і друку

Штогод у першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйна гэты дзень праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

У бягучым годзе ХХХ-ыя юбілейныя ўрачыстасці прайшлі 2 і 3 верасня ў самым паўночным рэгіёне Беларусі – на віцебскай зямлі, якая дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання. Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2023 годзе стаў раённы цэнтр Гарадок – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Бібліятэка-філіял №3 ім. Янкі Купалы падрыхтавала да Дня беларускага пісьменства літаратурна-гістарычнае падарожжа «Вялікі сын Беларусі – Францыск Скарына» і кніжную выставу «Імёны, падобныя да свяціл». 2 верасня бібліятэку наведалі навучэнцы 4-ых класаў САШ №16 ім. Героя Савецкага Саюза А.М. Карасёва.

Зоркай першай велічыні на небасхіле нашай айчыннай культуры і сёння з'яўляецца Францыск Скарына – тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак... Ён не толькі наш першы доктар навук – ён першы беларускі універсітэт. Дзякуючы Францыску Скарыну беларускае нацыянальнае кнігавыданне ўзбагаціла не толькі еўрапейскую, але і агульнасусветную культуру.

На мерапрыемстве хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з біяграфіяй Францыска Скарыны. Іх увазе была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя «Першадрукар беларускай зямлі»

На кніжнай выставе «Імёны, падобныя да свяціл» прадстаўлены выданні пра асветнікаў, якія стаялі ля вытокаў беларускага пісьменства. Побач з імёнамі Еўфрасінні Полацкай, златавуста Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны стаяць імены Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, Мяленція Сматрыцкага, «волатаў» беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа.