Жукович Василий (Жуковіч Васіль). Гаворыць Крэпасць

Уступ
Нехта з таннным транзістарным трэскам
ёй увагу сваю аддае.
Я прыходжу да крэпасці Брэсцкай
ўсёй істотай паслухаць яе.

Незагойным балючым шрамам
засталася на сэрцы вайна.
Крэпасць Брэсцкая — першая драма.
Шмат чаго мне гаворыць яна.
Слова цішыні
Не лясная я, не крынічная —
цытадэльная цішыня.
Ёсць трывога ва мне хранічная
за світанне новага дня.

Я хачу, каб ніколі на золку
не стралялі гарматы ў мяне,
не ўпіваліся ў цела асколкі
і каб Буг ад крыві не цямнеў.

Я, салдацкая, пагранічная,
цытадэльная цішыня,
зычу, людзі, вам міру прывычнага,
ціхай ночы і яснага дня!

Слова штыка
Падымаюць людзі галовы
ля мяне, велікана-штыка.
Зброяй, ведаюць, быў я суровай
і пяром у байцоўскіх руках.

Бы па дрэву, па мне сцякаюць
промні сонца і кроплі дажджу.
Тут мой пост. Мая доля такая:
я стаю на граніцы, служу.

Слова смагі
Я — салдацкая смага.
… Дапаўзці б да вады
і з напоўненнай біклагай
ратаваць ад бяды.

Там параненых сэрцы
просяць: “Піць!”
Тут — два крокі да смерці:
вораг не спіць.

Асвятляецца бераг.
А ва мне
абуджаецца вера:
куля мо абміне …
…………………………………………
Абмінулі варожыя кулі —
смагу нельга забіць.
Вы з бетону мяне пачулі
і не здолееце забыць.

Я напоўню ваш дзень, ваш будзень,
буду вашы сэрцы паліць,
каб няслі дапамогу людзям
і каб чулі, каму баліць.

Маналог вечнага агню

Гарэць — гэта ЖЫЦЬ.
Я жыву не ў задушлівым дыме,
а ў граніце,
на рубяжы
паміж мёртвымі і жывымі.

Я — свабодны агонь,
б’юся сэрцам салдата
за тых, без каго
святкаваў СОРАК ПЯТЫ.

Я скажу вам за ўсіх,
што навек тут заснулі.
Раскажу вам пра іх,
вы прыходзьце, матулі.

Я — свяшчэнны агонь,
я — агонь урачысты.
Ды прашу аднаго —
вашай памяці чыстай.

Эпілог
Зерні міру і дружбы сеем —
прарастуць хай у новы дзень.
Стала крэпасць адкрытым музеем —
плынь людская нястрымна ідзе.

Промні сонца на кветкі упалі.
Кветкі мары маёй узышлі.
О, каб раптам музеямі сталі
усе крэпасці на зямлі.