“Які гэта цуд, мова родная мая!”

Пад такім дэвізам 20 лютага ў бібліятэцы-філіяле № 3 праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы. Бібліятэку наведалі навучэнцы 9-ых класаў СШ № 17 г. Брэста.

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для нашай бібліятэкі, таму што мова яднае нацыю, народ і ўсіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.
Беларускаму народу ў спадчыну засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова – яна лічыцца самай мілагучнай пасля італьянскай і самай старажытнай сярод славянскіх моў.

У першай частцы Дня роднай мовы навучэнцам быў прапанаваны інтэлектуальны турнір “Знаўцы роднай мовы”. Своеасаблівую атмасферу стварылі цікавыя заданні і конкурсы, накіраваныя на кемлівасць і выяўленне творчых здольнасцяў вучняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі дружна і зладжана, паказалі добрыя веды і моўную эрудыцыю. Да мерапрыемства падрыхтавана медыя-прэзентацыя “Слова жывое, роднае, гаворкае…”

Другая частка свята роднай мовы была прысвечана беларускай нацыянальнай кухні. У бібліятэцы створана тэматычная выстава “Беларускія стравы”, дзе змешчаны рэцепты простай беларускай ежы, такіх як халаднік, дранікі, клёцкі, верашчака, тварожны сыр. Каб зрабіць выставу больш цікавай, для афармлення выкарыстоўваліся хатнія нарыхтоўкі: грыбы па бабуліным рэцэпце, ліпавы мёд, хрусткія агуркі, квашаная капуста, вішнёвае варэнне. У прысутных хлопчыкаў і дзяўчынак за добрыя адказы была магчымасць паспрабаваць беларускія блюда: дранікі з мясной начынкай, наліснікі, вясковую каўбаску, пірог з бульбы.

Беларуская нацыянальная кухня – гэта спадчына, якую пакінулі нашы продкі. Яна складалася на працягу шматлікіх вякоў і мае сваю гісторыю, традыцыі, асаблівасці і ўнікальнасць. Гэта неабходна захаваць, зберагчы і данесці да будучага пакалення, пазнаёміць вучняў з беларускай культурай і з багатымі беларускімі звычаямі і традыцыямі.

Мерапрыемства пакінула ва ўсіх часцінку дабрыні, любові да роднай мовы. Спадзяёмся, што дзеці будуць старацца размаўляць па-беларуску, паважаць родную мову.