Свет Кузьмы Чорнага

5 лютага ў бібліятэцы “Юнацтва” ўспаміналі “майстра прозы жыцця” Кузьму Чорнага. Сустрэча была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Кузьма Чорны яшчэ толькі пачынаў, а крытыка яго ўжо ахрысціла «беларускім Дастаеўскім». Сам ён добра ведаў цану такім вызначэнням, бо для таго, каб стаць «Дастаеўскім», узысці на ідэйны і мастацкі ўзровень вялікага пісьменніка, трэба было перш за ўсё стаць беларускім пісьменнікам, выявіць у сваёй творчасці нацыянальны характар беларуса, стварыць беларускі раман, беларускі стыль. Менавіта сам Чорны і стаў стваральнікам беларускай інтэлектуальна-філасофскай прозы.