Сустрэча з пісьменнікам Анатолем Брытуном

Творчую сустрэчу вучняў СШ № 29 з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, празаікам, публіцыстам Анатолем Брытуном падрыхтавалі ў пачатку сакавіка бібліятэкары філіяла № 10.

Мерапрыемства атрымалася незвычайна цікавым. Анатолій Арцёмавіч пазнаёміў прысутных са сваёй біяграфіяй, з удзячнасцю, цеплынёй расказаў пра сваіх продкаў, паведаміў пра творчы шлях у літаратуру, падзяліўся са слухачамі ўспамінамі.

Аўтарству А. А. Брытуна належаць кнігі, якія заваявалі прызнанне сярод чытачоў: «Сяліба», «Пах мускусу», «Трылогія прыгод тысячагоддзя».

Першы яго твор – «Пах мускусу». У рамане пісьменнік знаёміць чытача з яцвяжскім паданнем пра вечнага вартаўніка, які ахоўвае некранутыя лясы Белавежы. Другая праца аўтара – аповесць «Сяліба». У аснове «Сялібы» – аповеды дзеда пісьменніка з боку маці. Увогуле праз погляды галоўнага героя пісьменнік паказаў лёс нашай малой радзімы на працягу доўгага часу, адносіны простага чалавека да змены ўлады, якая, дарэчы, адбывалася тут сем разоў. «Трылогія прыгод тысячагоддзя», якая была выдадзена да 1000-годдзя Брэста, скіроўвае чытача ў старажытныя часы: XI-XV стагоддзі. У ёй аўтар распавядае пра ўзнікненне і будаўніцтва цяперашняга абласнога цэнтра, абарону яго ад мангола-татарскага нашэсця, уплыў жыхароў на вынікі Грунвальдскай бітвы.

Падчас сустрэчы аўтар адказаў на пытанні вучняў. Гучала тэма малой радзімы, гістарычнага мінулага роднага краю.

Пасля найцікавейшага выступлення ўсе прысутныя мелі магчымасць атрымаць аўтограф пісьменніка, а таксама сфатаграфавацца з ім.