За цаглянай сцяною даўняй,
што народ наш калісьці злажыў,
ў пагранічнай крэпасці слаўнай
лейтэнант малады служыў.
Не абы-як служыў — з ахвотай
ў гэтай крэпасці баявой
гарнізонную нёс работу,
службу бацькаўшчыне сваёй.
Служба пэўная на граніцы —
ад зары да другой зары,
недарэчна жа на пятліцах
цёмна-алыя кубары.
…Не забудзецца ранне гэта,
помняць людзі усе на зямлі
дзень, калі на наш Край Саветаў
орды рушылі і пайшлі.
Ў беларускія нашы далі
наляцеўшы з зямлі чужой,
танкі доўгія скрыгаталі,
вылі бомбы над галавой.
Ды, з камення ўся і з металу,
як вароты, што пад замком,
непарушная крэпасць стала
на шляху варожых палкоў.
Непахісны ён быў і чысты,
гэты зліты намёртва сплаў:
амбразуры і камуністы,
рэдуіты і камсастаў.
Ты, Радзіма, тады не знала,
страты бачыла ўсе свае,
што варожым тыле трывала
пехацінцы стаяць твае.
Што на гэтай зямлі зялёнай
пад разводдзем хмар агнявых
ўсе трымаюць яшчэ абарону
радавыя палкоў тваіх.
За змаганнем — яшчэ змаганне,
за разведкай — бой, як заўжды;
ў акружэнні прачнуўся ўранні
лейтэнанцік той малады.
Не хваліўся, не канькаў потым
ён, разгневаны і худы,
за радамі калючага дроту
жывучы у няволі гады.
Як прагнаў сярод акупантаў
і ўзяў логава лютых зграй,
тады вызваліў лейтэнанта
дарагі і любімы край.
Ён не каяўся, не ганарыўся,
а вярнуўся,
а вярнуўся з вайны ні з чым,
як заведзена, пасяліўся
у адным гарадку малым.
Жыў не бедна і не багата,
Сем’янінам сапраўдным стаў,
не сутуліўся вінавата
ды былое не ўспамінаў,
А расказваў хто-небудзь з болем
аб вайне свайму дружбаку —
ён трымаўся дзіўна даволі
і як быццам бы ўбаку.
…Разлічыўшы твм часам планы,
пакараючы высь і даль,
сталі мы, залячыўшы раны,
у гісторыю заглядаць.
Ў пахавальныя тыя акопы
па загаду роднай зямлі
інжынеры і землякопы
з інструментам сваім прыйшлі.
І, адкрыўшы свае падвалы,
перакрыцці сваіх глыбінь,
цытадэль паволі ўзнікала
з-пад маўклівых, нямых руін.
Праяўляліся ўсюды раптам
пад руінамі і пяском
запаветы, даты і клятвы,
рэзка выбітыя штыком.
Галаву Радзіма схіліла
над патэтыкай гордых слоў,
і расчуліла і здзівіла
ўсіх адвага яе сыноў.
Па трансляцыі і з газеты
са сталіцы па ўсіх кутках
пакацілася вестка гэта,
даляцела да гарадка.
Стол застаўлены рознай стравай,
падае віно гаспадар,
маладзейшы зрабіўся нават
лейтэнанта былога твар.
Аб’яўляецца яшчэ не к спеху
І няёмка героем быць,
не, а ўсё ж ён пазней паехаў
ў слаўнай крэпасці пагасціць.
Тут жа гэтаму лейтэнанту
(каб дарэмна час не губляць)
піянераў і экскурсантаў
даручылі суправаджаць.
Красамоўнічаць ён не ўмее,
але сэрца хвалюе ўсім.
Ў залах памятнага музея
мы сустрэліся неяк з ім.
Ён запомніўся, нізкі ростам,
як і ціхі яго расказ.
Пінжачок яго вельмі просты,
танны, выцвілы самавяз.
І прастрэлен свінцом гарачым,
і апалены ўвесь агнём,
ні медалямі не адзначан,
ні ў загады не ўнесен ён.
Быў паранены і забітіы
ў незабыўных цяжкіх баях.
А ні гордасці, а ні крыўды
не відаць у яго вачах.
Гэта руская ўласцівасць,
нам такую не пазычаць:
гераізму ўласнага сілу
ў думках нават не прыкмячаць.
Пераклад М. Аўрамчыка