Симонов Константин (Сіманаў Канстанцін). Маёр прывёз малога на лафеце…

Маёр прывёз малога на лафеце.
Не развітаўся з роднай маці ён.
За дзесяць год на тым і гэтым свеце
Залічацца малому дзесяць дзён.

Ён ехаў з Брэсцкай крэпасці, зацяты,
Быў пашарпаны кулямі лафет.
Здавалася, што месца для дзіцяці
Зручней няма, як ні вялікі свет.

Разбітая гармата. Рана ў бацькі.
Прывязаны, каб раптам не упаў,
Заснулую прытульваючы цацку,
Сівы хлапчук на тым лафеце спаў.

Яму насустрач нас Расія слала.
Прачнуўшыся, махаў ён войску ўслед…
Гаворыш ты, што іншых ёсць нямала,
Што я там быў і мне дадому след…

Ты ведаеш пра гора з вуснаў трэціх,
А нам яно, — як рана ад свінца.
Хто хлапчука таго хоць раз сустрэціў,
Дамоўпрыйсці не зможа да канца.

Павінен бачыць тымі ж я вачамі,
Слязьмі з якіх мо ўсю зямлю залью,
Як вернецца хлапчук той разам з намі
І пацалуе родную зямлю.

За ўсё, чым мы з табою даражылі,
Прызваў на бой нас воінаў закон,
Цяпер іой дом не ў краі, дзе мы жылі,
А дзе ў малога адабраны ён.

Адсюль далёка, у гарах Урала
Твой хлопчык спіць. Пазначаны вайной,
Я веру цвёрда — дзесь за перавалам,
У рэшце рэшт, мы стрэнемся з табой.

А калі не, калі настане дата
Яму, як мне, ісці ў такія дні, —
Пры развітанні з сынам, як салдата,
Мяне тады хоць словам памяні.
                                                                                    1941, ліпень. Мінская шаша
Пераклад Ул. Паўлава