Шматгалосая проза і паэзія

Май заўсёды шчодры на падзеі і юбілейныя даты. Зусім нядаўна святкаваў свой 80-гадовы юбілей шматгранны чалавек: пісьменнік, публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, галоўны рэдактар дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, арганізатар Усебеларускага фестывалю гумара ў Аўцюках - Уладзімір Ліпскі.

Уладзімір Сцяпанавіч нарадзіўся 6 мая 1940 г. у маленькай вёсачцы Шоўкавічы, што на Палессі, у Гомельскай вобласці.
“Шоўкавічы адкрылі мне свет, – зазначае Уладзімір Ліпскі. – Гэта незабыўна дарагія мясціны. Здаецца, што тут самыя шчырыя людзі. Мудрыя ад неба, багатыя ад зямлі, душэўныя ад божай прыгажосці, якой надзелены Шоўкавічы”.

Ён адзіны ў шматдзетнай сям’і атрымаў вышэйшую адукацыю, скончыўшы ў 1966 г. факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта.

У 1971 г. з’явілася яго першая кніга публіцыстыкі “Райкомаўскія будні”. У тым жа жанры напісаны таксама “Дзень за днём” (1973), “Знайдзі сябе” (1974), “Якое яно, шчасце?” (1977), кніга-нарыс “Прыдзвінскі цуд” (1975).
У 1976 г. - новая прыступка ў жыцці Уладзіміра Ліпскага – Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе ён працаваў адказным сакратаром.
У 1978 г. па рэкамендацыі народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна Уладзімір Ліпскі быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”.

У той жа час Уладзімір Ліпскі становіцца кіраўніком Беларускага дзіцячага фонду. Праца ў Дзіцячым фондзе адкрыла магчымасць для здзяйснення запаветнай мэты Уладзіміра Ліпскага – служыць дзецям, змагацца за іх шчасце.

Вынікам шматгадовага пошуку стала кніга Уладзіміра Ліпскага “Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод” (1998). “Гэта кніга-ўчынак, кніга-подзвіг”, – так сказаў паэт Анатоль Вярцінскі, а кандыдат гістарычных навук, Аляксандр Міхальчанка назваў Уладзіміра Ліпскага “Калумбам беларускіх архіваў”.

Уладзімір Ліпскі выдаў шмат кніг, аповесцей, казак, нарысаў. У многіх калектыўных зборніках, школьных падручніках і чытанках змешчаны яго творы. У 2001 г. Уладзіміру Ліпскаму прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, у 2005 г. – прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў, у 2007 г. – Ордэн “Францыска Скарыны”.