Няроўны бой…
Падзелены на групы,
Адзіным полк не быў яшчэ такім.
Баец з паста ніколі не саступіць,
Пакуль Радзіма любая за ім.
Як шчыт жалезны, у героя грудзі,
Яны ў баі — байніца і мішэнь…
Мацней за крэпасць сталі самі людзі.
З крыві ўсплывае кожны новы дзень.
Адважныя Гаўрылава салдаты!
Ў іх боль — адзін і радасці — адны…
З вачэй нянавісць — іскрамі па катах,
І ў полымі заходзяцца яны.
Парторг Піскун, сцякаючы крывёю,
Не адыходзіць ад байцоў сваіх, —
Чым, як не помстай, рану ён загоіць?! —
І зноў, і зноў вядзе ў атаку іх.
Парторга слова развінае крылле,
Ў баі салдатам сілы надае.
Іх смерць не забывае ні на хвілю,
Яны ж даўно забылі пра яе.
Баец Аскар…
Ён кулі не баіцца,
І смерць над ім сягоння не ўладар…
Ачаг свій родны на самой граніцы
Абараняе асецін Аскар.
Скупы на словы, шчодры ён душою.
Апошні зберагаючы патрон,
Пачвар страчае шчодрасцю сваёю —
За куляй кулю катам дорыць ён.
Пятроў з ім поплеч —
рускі друг адданы,
Ў руках яго не моўкне аўтамат…
Упаў ён раптам ад смяротнай раны
На захад тварам, як герой-салдат.
— Бывай, мой полк, бывай,
мая Радзіма…
Адпомсці ім, Аскар…
Не трэба слёз…—
Ляжаў Пятроў з адкрытымі вачыма,
Блакітнымі, як волжскі чысты плёс…
…О крэпасць Брэсцкая!
Агонь твой чысты
І з гор Асеціі убачу я здалёк.
Ля сцен тваіх злюцелыя фашысты
Зрабілі свій для смерці першы крок.
Пераклад з асецінскай Г. Кляўко.