Поптонев Стефан (Паптонеў Стэфан). Акоп

Вянок твой,
якім ты ўвянчана, —
незагойная рана,
куля пад сэрцам засела глыбока, —
Беларусь-партызанка,
мне ў вочы глядзіш сінявока.

І я гляджу ў вочы твае.

Спакою мне нестае,
бо не забыць
чорны чэрвень
і год-
ліхадар:
мой народ,
волі верны,
цалаваў свяшчэнны штандар
чырвоны
і ствол варанёны
у непарушным адзінадушшы.

І водбліск тваёй “Кацюшы”
над партызанскай зямлянкай заднеў,
якую выкапаў гнеў
несціханы
у зямлі Балкана.

Колькі год —
дзень пры дні —
палае Брэст у агні
і ў народа майго ў грудзях.

Прайшоў праз грудзі фронт наўпрасцяг:
іх не акупуе
захопнік люты
ні ботам кутым,
ні хлусні атрутай.


Колькі год —
дзень пры дні —
Брэст адраджаецца ў цішыні
і ў народа майго ў грудзях.

Праходзяць праз грудзі фронта працяг:
страляе ў нас здрада,
ладзіць засады,
прысуджае ўзнагароды
за голас, што змоўк ад згоды,
за акоп, які малаверца пакінуў,
за боль забыты ірваных ран,
за ўтравелую дамавіну
тваіх
і маіх партызан.

Цэляць і кулі
і словы
у нашыя сэрцы —
братэрскай еднасці сховы.

Ды наша не згіне справа.
І мы на акоп
маем суровае права,
бо да небяспекі павернуты тварам;
кожны дзень,
кожны міг
змагаешся ты пад маім,
я змагаюся пад тваім
чырвоным штандарам!


Пераклад з балгарскай Р. Барадуліна.