Паэт купалаўскай школы

Александрына, цяпер прыйшла зіма.
Александрына, шукаю я – няма...
Александрына, і з песьняй ты цвіла.
Александрына, якою ты была?

 Мілагучны напеў, выкананы калісьці “Песнярамі”, узгадаюць нават тыя, хто няўважліва слухаў у школе настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Калісьці за адну ноч Уладзімір Мулявін напісаў музыку на верш славутага беларускага паэта Петруся Броўкі.

Стары Дзядок Аўлас, Юрка Баравы, Пятрусь Звычайны… Усё гэта творчыя псеўданімы Пятра Усцінавіча Броўкі. Яго творчасць – адна з самых важных і цікавых старонак у гісторыі беларускай літаратуры.
25 чэрвеня 2020 года спаўняецца 115 год з дня яго нараджэння. Хаця бацькі Пятруся былі беднымі сялянамі, але у дзяцінстве ён шмат чытаў, захапляўся творамі Купалы і Коласа. Пасля рэвалюцыі юнак пачаў пасылаць артыкулы у вясковыя газеты, стаў селькорам (сельскім карэспандэнтам), а потым перайшоў на пастаянную працу у адну з газет горада Полацка. Там і былі упершыню надрукаваны яго вершы.

Пятрусь Броўка – у першую чаргу паэт. Але ёсць у яго і празаічныя творы: аповесць “Каландры”, раман “Калі зліваюцца рэкі”, апавяданні. Акрамя таго, Броўка напісаў лібрэта для двух опер Яўгена Цікоцкага.
Яшчэ зусім маладым чалавекам, у 35-гадовым узросце, ён ужо быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя” і членам Союза пісьменнікаў БССР. У далейшым двойчы атрымоўваў Сталінскую прэмію (2-й і 3-й ступені), узнагароджаны трымя ордэнамі Леніна і званнем Героя Сацыялістычнай працы.

На працягу 13 год П. Броўка працаваў галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай энцыклапедыі. А сучасная “Беларуская энцыклапедыя” носіць яго імя.
У мінскім доме, дзе была калісьці кватэра П. Броўкі, цяпер размяшчаецца Літаратурны музей Пятруся Броўкі. Ёсць і дом-музей у вёсцы Пуцілкавічы Віцебскай вобласці, дзе ён нарадзіўся.

Наведвальнікі выставы “Паэт купалаўскай школы” пазнаёмяцца з жыццёвым і творчым шляхам выдатнага песняра беларускай зямлі.

Чакаем вас!