Орлов Сергей (Арлоў Сяргей). У Брэсце

У сорак першым,
                            на пачатку дня,
Тут першы крок
                       зрабіла ліхалецце.
Тут зараз салаўі
                                        і цішыня
Струменіцца
                    з навошчанага вецця.
Бетону глыбы спапяліў траціл
І на пясок патрушчыў казематы .
Хвалююцца рамонкі між магіл
Над попелам,
                дзе спяць адны салдаты.
Яшчэ мы ўсіх не ведаем імён,
Хто тут насмерць стаяў
                             у сорак першым,
Хто і цяпер
                   здаецца не памершым,
Бо засланіў грудзьмі наш бастыён.

Яснеюць паўшых вочы ў сіняве
Над полем, што прагуло над намі,
Бы і цяпер пачваны цень плыве
Квадратных крылаў
                           з чорнымі крыжамі.

Ужо лавіна выбуховых хваль
Сышла на гістарычныя старонкі.
І той, хто перамог сляпую сталь,
Даўно перавасобіўся ў рамонкі.

Не бронзай і не звонкаю струной
Яны ўстаюць над крэпасцю быліннай,
А салаўіным цёканннем вясной
І цягніком, што мчыцца да Берліна.

Не патрабуючы узнагарод,
Усё, што можна, здзейснілі салдаты.
Іх подзвігам – святы той ураганны год,
Без іх бы не настаў і сорак пяты.

Я у Брэст іду, бы ў сорак першы год,
Што стойкасцю ўзвялічан легендарнай,
Дзе парадзелы камеданцкі ўзвод
Прымае націск азвярэлых армій.

Ён вераломства гэтага чакаў
І не паддаўся паніцы гарачай,
Грудзьмі прышэльцаў брудных сустракаў.
Як мог бы тут ён выстаяць іначай?

Без гімнасцёрак, з ложкаў на траву,
Умацаваўшы сошкі кулямётаў,
Залёг ён на агністую жарству
І грозна сек варожую пяхоту.

Год сорак першы,
                           сорак першы год,
Устаў тут,
прысягаючы дзяржаве.
Непераможны каменданцкі ўзвод
У крыві, жалезе і
                          нятленнай славе.

Устаў у салаўінай старане,
У расе і травах маладых па пояс
І слухае, як з далячыні мкне
“Масква – Берлін”,
                        зялёны скоры поезд.

З рускай мовы пераклаў Сцяпан Гаўрусёў.