На літаратурным гастрафэсце можна было есці!?

Уяўляеце, на Тыдні роднай мовы ў бібліятэцы-філіяле №2 кармілі дранікамі, хатняй каўбасой, саленнямі і яшчэ многім іншым!

Да літаратурна-кулінарнага гастрафэсту гаспадыні філіяла падрыхтаваліся шляхетна. Толькі адкрыўшы дзверы бібліятэкі, апетытныя пахі так і вабілі прайсці ўнутр. Сярод шматлікіх кніг погляд упаў на багата накрыты стол. Перад вачыма з'яўляюцца карцінкі з дзяцінства, калі прыязджаеш да бабулі ў цёплы, утульны дом і любімыя рукі клапочуць ля стала.

– Праходзьце, частуйцеся. Бярыце ўсё, што падабаецца – не саромейцеся, – голас Таццяны Іосіфаўны Кузьміч прыводзіць мяне ў пачуццё ад успамінаў.

Чаго там толькі не было! Стравы беларускай кухні па-вартасці ацанілі школьнікі, якія прыйшлі на мерапрыемства. Хлопцы і дзяўчынкі спрабавалі пачастункі і даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра побыт нашых продкаў.

Словы падзякі ў адрас гаспадынь бібліятэкі прагучалі ў той дзень не адзін і нават не пяць разоў. Рабяты, сыходзячы, падзяліліся сваімі жаданнямі: замовяць у матулі на вячэру дранікі, якімі частавалі ў бібліятэцы-філіяле №2.