… І 333-га палка
Скляпенні за іржавымі дратамі …
Янвы мяне гукаюць з раўчука
Прабоінамі, чорнымі шчытамі.
Нішкніце, вы, за горадам, гудкі,
Замоўкніце, галінкі-шалястухі!
Не дзвынкайце аб гэтыя грудкі
Краплістыя, з маленькай хмаркі, мухі!
Скажыце лепей, дзе былі тады,
Чаму гудкі падмогі не гукнулі?
Чаму хмурынкі не далі вады?
Чаму галінкі іх не захінулі?
Каналі хлопцы, падалі ў агні,
Хрыпелі ледзь жывыя ля падвалін …
Іх тут было … Не падлічу, ані!
Чаму ж герояў вы не ўратавалі?
Байцы:
— Не, паратунак быў бы не для нас:
Уратавала б хіба толькі здрада …
Яе маўкліва слухалі не раз,
Калі сціхала раптам кананада.
Заводзіла гадзіннік салдатня
І ўключала гучнагаварыцель.
— Здавайцеся, здавайцеся … — штодня
Умову дыктаваў сваю “збавіцель” …
І выкуп за жыццё зусім малы:
Сабрацца грамадой і скласці зброю!..
Але ж якой даслужыцца хвалы
Тады зямля, палітая крывёю?
Якая вестка птушкай паляціць
На ўсход, на поўдзень,
да крамлёўскіх вежаў?
Чыімі дашкалят пачнуць лічыць,
Калі бацькі іх здрадзілі ля межаў?!
Гадзіннік цікаў …
Дзесяць, пяць мінут,
Імгненне! І пад вогненнай навалай
Ізноў, нібы жывыя, ад пакут
Уздрыгвалі спрадвечныя падвалы.
З варонкі, зацярушаны зямлёй,
Зноў узнімаўся з воклічам:
“За мной!”
Паранены, ахрыплы Кіжаватаў.
І адбівалі мы напады банд,
Хоць падалі і грукату не чулі.
Тут быў забіты слаўны леётэнант —
Батрацкі сын, салдат,
таварыш чулы …
Казармаў з бою гады не ўзялі,
Як яшчаркі,
паўзлі яны на дахі,
Шпурлялі толу шашкі — на зямлі
Накрылі нас, жывых,
у дыме гмахі …
Ды вы не плачце па крыві сяброў
І жаласлівых песен не складайце.
А лепей, калі стрэнецеся зноў,
Вы маладым на межах нагадайце:
Як грымне бой, усёй зямлі на жах,
І палыхне агонь над соннай пашай, —
Хай так стаяць на родных рубяжах,
Як мы стаялі на заставе нашай.