Няма на свеце большага гора,
як ведаць, што мёртвыя не ўстаюць.
…Лягу на зямлю,
узірнуся ўгору
і буду слухаць, як кулі пяюць.
Пяюць і пяюць,
і стогнуць,
і плачуць
і сёння
з тым болем, як і заўжды…
Чырвонаармейцам адна ўдача —
пад крыкі “ура” змыкаць рады.
Шмат ужо год у гарматным гуле,
на Зямлі, што заліта крывёй,
шмат ужо год
спяваюць
кулі
і салдаты ідуць у бой!
Мне б узірнуцца
у воблік герояў,
імёны б пачуць іх усіх…
Ды не дайсці к ім
ніякай парою
і не сустрэць ужо іх.
Да брэсцкай зямлі прытулюся
ў стоме, —
тая ж трава
і гарачы пясок.
Ляжу,
як ляжыць салдат невядомы,
што не сышоў ні на крок.
Пераклад Р. Няхая