Пяю табе, родны горад

Георгій Тамашэвіч нарадзіўся непадалёк ад Нясвіжа, у вёсцы Долкінды. Скончыў факультэт журналістыкі Кіеўскага ўніверсітэта, 16 год працаваў рэдактарам баранавіцкай газеты “Тэкстыльшчык”.

У Брэсце ён жыве з 1984 года. У свой час быў начальнікам упраўлення па друку Брэсцкага аблвыканкама, потым старшынёй Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў. У 2019 годзе стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка. Прэмія прысуджана яму за зборнік “Анёл над Брэстам. Вянок санетаў”.

Гэты зборнік Георгій Сцяпанавіч прынёс на сустрэчу з васьмікласнікамі СШ № 29. Дзеці нанова адкрывалі Брэст, слухаючы шчырыя, лірычныя вершы-прызнанні ў любві паэта гораду.

Паказаў Георгій Сцяпанавіч і іншыя свае зборнікі: “Жытнёвае слова”, “Шлях”, “Новы дзень”. Пачытаў урыўкі з кнігі “Журналісцкія будні”. Гэта разважанні сталага, мудрага чалавека пра прафесію журналіста, пра грамадскае жыццё Брэста. Асабліва зацікавіў слухачоў раздзел “Бацькі і дзеці” – пра ўзаемаадносіны пакаленняў.

Дзіна Барушка.