«У сугучнасці з самім сабою». Да 70-годдзя з дня нараджэння Алеся Каско

У бібліятэцы імя А.С. Пушкіна падрыхтавана выстава «Алесь Каско.У сугучнасці з самім сабою”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння вядомага берасцейскага паэта, лаўрэата літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1995), мядовай літаратурнай прэміі (2001), літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2008).

Ён з’явіўся на свет на Ганцаўшчыне, звязаў свой лёс з Берасцем і Жабінкай. Дэбютаваў з вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1970 годзе. Сышоў ад нас 26 лістапада 2017 года ва ўзросце 65 гадоў.

Алесь Каско – паэт філасофска-інтэлектуальнай плыні беларускай паэзіі. Плён яго творчай працы – кнігі вершаў, навел і дзённікавых запісаў. Першая асобная паэтычная кніга «Скразная лінія» прасякнута любоўю да прыроды роднага краю, трывогай за яго будучае. Вершамі зборніка «Час прысутнасці» А. Каско раскрыў сябе як паэт-грамадзянін. На яго творчым рахунку таксама кнігі паэзіі «45», «Прынадхінуты небасхіл», «Набліжэнне» і іншыя.

Таксама заявіў пра сабе як літаратурны перакладчык з македонскай, польскай, нямецкай, украінскай моў. Пісаў для дзяцей. Выдаў кнігу сабраных на Берасцейшчыне народных чарадзейных казак «Чыстага ўсё нячыстае баіцца».

Калі вы яшчэ не знаёмы з творчасцю вядомага земляка, прапануем гэта зрабіць у чытальнай зале нашай бібліятэкі. На выставе прадстаўлены зборнікі з вершамі Алеся Каско, часопісы з публікацыямі яго паэтычных твораў, матэрыялы аб жыцці і творчасці паэта.