Теперь я точно знала, что счастье есть, что счастье — это просто. Счастье, это когда внутри что-то пузырится, счастье — это когда любишь весь мир.

Андрей Жвалевский, Евгения Пастернак «Время всегда хорошее»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Кобец Марыя

         Кобец Марыя Уладзіміраўна нарадзілася і жыве ў вёсцы Валішча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Пінскае медыцынскае вучылішча (1994). Працавала загадчыкам Валішчанскага фельчарска-акушэрскага пункта (1998-2010), дырэктарам Валішчанскага сельскага Дома культуры (2010-2013). З 2013-га  – рэдактар  карэспандэнцкага пункта г. Пінска РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Брэст”. Студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вершы  друкаваліся ў  перыядычных выданнях Беларусі (газеты:  “Палеская праўда”, “Пінскі веснік”, “Навіны Палесся”, “Народная трыбуна” “Заря”, “Краязнаўчая газета”, “ЛіМ”, “Звязда”, “Народная газета”; часопісы: “Полымя”,  “Маладосць”, “Нёман”, “Гаспадыня”, “Алеся”).
       У перакладах асобныя творы аўтаркі друкаваліся ў Расіі, Польшчы, Сербіі, Чарнагорыі, Туркменістане.
Аўтар паэтычных зборнікаў:
       “Кроплі”  (Выдавецтва “Мінкапрынт”, г. Мінск, (2011);
       “Палыновая квецень” (Выдавецтва “Альтернатива”, г. Брэст, (2016).  
Удзельнік шэрагу калектыўных кніг:  
       “Я приветствую мир” (зборнік паэтаў-медыкаў Берасцейшчыны, (ААТ “Брэсцкая тыпаграфія”, г. Брэст), (2012);
       “Благословенный миг” (зборнік твораў Беларусі і Узбекістана, серыя “Сугучча сэрцаў”, (Выдавецкі дом “Звязда”), (2013);
       “Зорка Венера” (зборнік твораў аўтараў Беларусі, (бібліятэка часопіса “Гаспадыня”), (2016);
       “ARTESTIH” (анталогія Сусветнай паэзіі, г. Бялград, Сербія, (2016).
       Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат літаратурнага конкурсу “Галасы Берагіні” Беларускага Фонду культуры (2010), лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012).

     ***
Імклівы дзень скаціўся пад страху,
Хавае футра белае на ўзлессі,
Кладзецца спаць
Туманнае Палессе –
Краіна лоз, балот і трыснягу.

Шамкочуць штосьці грыўкі-быльнягі
Працяжна-даўкай калыханкай-песняй.
Кігіча зрэдчас кнігаўка…
Палессе!
Твае шчымяць без вільгаці лугі.

Твае маркоцяць шэрыя снягі
І высмаглыя рэдкія міжлессі.
Тваіх шкада мне журавін, Палессе,
Твае баляць мне рэкі-берагі.

Крынічка… Ледзь цуркоча…
Ад тугі
Сціскае грудзі  прыгажосцю весняй.
Цнатліва-архаічнае Палессе!
Ледзь б’ецца пульс твой між вякоў смугі.

     А ПОМНІШ, МАМ?..
…Тваёй вясны раскошны цвет,
Згарэў агністаю шыпшынай…
А помніш, мам, як мы абед
Дзялілі з чарадой птушынай?

Шапталі штось да збажыны
ў тым полі сарамліва макі...
Апоўдзень.
Бічаўнік.
А мы
Расклалі сціплыя прысмакі:
Сальцо на гладзі хвартуха,
Акраец хлеба, соль, цыбуля…
Смачней ці ж пёк хто пірага
За той акраец твой, матуля?!

 – Налі, дачушка, й малака,
Навошта есці ўсухамятку?!
Дае стамлёная рука:
 – Шчэ яйка з’еш, яно ж усмятку!

Нярвова бзыкаюць чмялі,
Раяцца ля няхітрай снедзі.
– Дачушка, малака налі!
Запі, ды й будзе па абедзе!

Буяюць зёлкі ў сонцапёк.
Дзень – доўгі век за працай ў полі.
– Радочак, ну яшчэ радок! –
Ты заахвочваеш міжволі.

Гадзіна, дзве, радок, другі,
Дранцвее спіна – дзень упрысядзь.
– Эх, пахне лепш за пірагі –
Скарынкі ў торбе ж засталіся.

Садзіцца сонца спакваля:
– Пара, пара заканчваць справу.
Хай песціць шчодрая зямля
Ўраджай багаты нам на славу!

Лагодзіць вершаліны дрэў
Бурштыну фарбай надвячорак,
Бруіцца жаўруковы спеў,
Кладзецца сонейка на ўзгорак.

… Маёй вясны таксама цвет
Згарэў здзічэлаю шыпшынай.
 ... А помніш, мам: жыты, абед
Пад гоман чарады птушынай?

     ***
                           Прысвячаецца маёй бабулі Зоні
– Давай, унучка, цэўку!
Пакінь верацяно!
Сама ўжо скора дзеўка,
Вучыся ткаць радно!

Варштат пасярод хаты
З драўніны залатой…
– Не паглядай заўзята,
Сядай, крані нагой!

Трымай рукою чоўнік.
Вось так. Закінь сюды.
Прыцісні трохі. Поўна.
Не нарабі бяды.

Рупліва і старанна.
Узор не парушай.
Вучыся, унучка, прагна.
Вучыся, не спяшай.

Кладуцца ніткі гладка.
І, выпушчаны з рук,
Чаўночак надта шпарка
Снуе пад бёрдаў стук.

…Снаваць вучыла кросны
Ды ткаці палатно.
Майстрыхаю дзівоснай
Была на ўсё сяло.
Дзяругі, хусткі, ходнік,
Абрусы, ручнікі…
Рукам тваім лагодным
Няўрымслівым такім
Давалася ўсё лёгка.
…Ды не змагла адно:
Між лёсаў, як палотнаў,
Саткаць сваё радно.

       СОН
У светлым роздуме вясны,
У свежым водары маёвым
Ружовыя мне сняцца сны –
Зарніцы між лясоў хваёвых.

Мне сніцца човен на рацэ,
Сівой накрыты таямніцай.
Мая далонь ў тваёй руцэ.
І песня-плынь рачной вадзіцы.

І ціхі шэпат буйных траў,
Ружовым досвіткам напеты,
І ты, што ўсё далонь трымаў
У сне, тваім цяплом сагрэтым...

     ***
... Усмешкі Вашай шчырае святло,
Далоняў цёплых хуткае крананне —
Да дрыжыкаў,
Бяспамяцтва...
Сышло
Зімы мярзотнай золкае
трыванне.

Заззяў Сусвет адценнем
Вашых воч,
Згарэлі ўміг сумнеўі спадзяванні.
...Стаў Новы Свет!
Былое ўсё — апроч!
Дзень добры,
Час адчайных парыванняў!

Бывай навекі ўжо, назола-тло!
Бывай...
Спатоліць хай імкліваеадхланне —
Усмешкі роднай шчырае святло,
Далоняў цёплых дрогкаекрананне... 

     ДА ПАЭЗІІ…
Пагібель?..
Надзея?.. 
Збавенне?..
Нязграбная ноша,
Ці крыж?..
Ратуеш, ці дорыш сцаленне?
Знішчаеш, узняўшы ўвысь?

Вясны гаманкой захапленне!
Бурлівы, няўрымслівы плёс!
Любоў…
             да шаленства-ўтрапення!
Нянавісць… да ўедлівых слёз!

Самоты, журбы паланенне!
Усмешка… з ударам пад дых!
І Веры Святой наталенне!
І споведзь,
І каянне ўслых!

Трохперсце…
Пацір…
Ачышчэнне…
Пачатак... і ўрэшце... канец.
Пагібель... і дзеля збавення
цаглянага жвіру свінец!..

     ***
…Хай віруе сумлення баль! –
Без дажджу камнем
Я дарую сабе ўсё, на жаль.
Я дарую сабе
Апасля…

А пакуль…
Захлісне пад дых.
І сумлення спаўе змяя.
Не дарую я дзён слабых.
Не даруйце мне –
Я – не Я.

Не шкадуйце мяне. Не трэ.
Ад нячулых спагада
Уратуйце сябе!
Мой грэх –
ёсць не ваша – мая цана.

Не пытайце, навошта?!
Так! –
Даўні вязень сумлення я.
Ланцугі і бізун,
Кулак.
Так і трэ мне!
Бо я – не Я!

Справядлівасць?!
Які ў ёй смак?
Асалода мядовых траў?..
Не! – акраец чарствы, праснак.
Не! – халодны ляза метал.

Гэта верад і вораг мой,
Гэта боль і пятля мая,
Кайданы ад сваіх жа няволь,
Што трымаюць мацней удвая.

Не даруйце мне!
Лепей так!
Хай сумлення спаўе змяя!
Ланцугі і бізун, кулак –
Ёсць прычасце і споведзь мая.
І збавенне ад дратаўя
І ахоўнік мой, і анёл!
…Не даруйце мне –
Я – не Я.
Дараваць можа толькі ЁН.

     ПРАБАЧ МЯНЕ, НЕБА, ПРАБАЧ…
Я чую – Ты плачаш,  не плач,
Далёкае блізкае Неба…
Спадаюць слязінкі…
Крумкач
Ірве набрынялую глебу.

Я чую Твой стогн.
                              І ў журбе
Выпростваю стомлена рукі.
Ты плачах,  ці чуеш – 
                                  к Табе
Вандроўнік ідзе блізарукі.

Выслізвае крыж  з далані,
Халоднай, амаль акалелай.
Сцяжына – наўсцяж аканіт1,
І цела – ледзь-ледзь ацалела.

І сэрца ледзь б’ецца, ды плач,
Твой плач ушчувае дакорна.
І шляхам грымотных няўдач
Іду нетаропка,  пакорна.

У  тварах счарнелых кабет
Шукаю зноў  існасць і веру,
Нязнана шапчу свой абет –     
Выдыхваю  думкі даверу.

Прытрызніцца  ветразь… 
                                        і плач,
Твой плач,  Найвысокае  Неба…
Прабач мяне, Неба, прабач,
За слабасць  адсутнасці хлеба.

Akoniton1–  з грэчаскай  назва расліны, ужывальнай для атручвання ваўкоў і іншых драпежнікаў.

     САКРАМЕНТАЛЬНАСЦЬ ПАКУТ
Штосьці ў душы зварухнулася –
Вецер узняўся ў цішы? –
Даўкай аскомай кранулася
Боль трапяткое душы!

Хвіля... і ўсё  сцепанулася –
Роздум стаў морам ліхім –
Пэўна, сумленне прачнулася –
Просіць няволі-тугі.

Просіць, да цела звярнуўшыся:
“Хоць на парукі –  вазьмі!”
У чорны паркаль апрануўшыся,
Стрэну прычасце слязьмі.

Іголкамі ў цела ўтыркнулася,
Госпадзі, моца сышла.
Словы малітвы прачнуліся
І… благадаць увайшла.

І перад срэбраным крыжыкам,
У бляску прасветлай свячы,
У ліхаманкавых дрыжыках
Слёзна малітву шапчу.

Споведзь у гук апранулася:
“Божа, Ты побач, Ты тут!”
Святасць  у сэрцы прачнулася –
Сакраментальнасць  пакут.

     ***
Аддам  свавольную душу
Без роздуму на літасць Бога.
Яму відней, я не рашу,
Куды ісці, якой дарогай.

Яму, напэўна, шлях відзён,
Відны мае грахі-пакуты.
Як бачна – ці хапае дзён
На споведзі ў гадзіны смуты?
На катаванне, на журбу,
На ўвесяленні і ўсалоды,
На  апантаную мальбу,
Рахункі і з сумленнем згоды.

Наросхрыст, кволую…
Грашу –
Свавольную…
Цераз знямогу
Аддам збалелую душу,
Аддам на літасць волі Бога.

     ***
Праўда і ісціна –
адзінства душы,
існасці сэнс
і пазнання Сусвету.
Дзе мы і хто мы
ля хісткай мяжы?..  –
Безліч памылак
у пошуку гэтым!

Мноства пытанняў
і столькі ж прычын –
Самі сваім
апраўданнем сагрэты.
Божачкі, колькі між намі ілжы!
Колькі  бяды
замаўляюць манеты!

Колькі нявер’я –
Балююць нажы
ў гандлі крывёй
і зямлёй пракаветнай!
Колькі знявагаў
Святое Імшы!.. –
Толькі не гэта,
Не, толькі не гэта!

Шлях да Галгофы…
Прыступкаў, сцяжын,
хопіць ці сіл
ля зямных парапетаў?!
Госпадзі, мілуй! –
Ля хісткай мяжы
Толькі б не збіцца нам! –
Толькі б не гэта!..

Прочитано 744 раз Последнее изменение Суббота, 11 Март 2017