Ну, хорошо, съем я в жизни две тысячи котлет. Изношу двадцать пять темно-серых костюмов. Перелистаю семьсот номеров журнала "Огонек". И все?

Сергей Довлатов «Чемодан»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Паплаўскі Алесь

         Алесь Паплаўскі нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна. Скончыў Полацкі лесатэхнікум і Беларускі тэхналагічны інстытут. Працаваў ў лясгасах Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Аўтар трох паэтычных зборнікаў: “Спынены лістапад” (1997г.) ,  “Незваротнасць” (2001г.) і “Скрыжалі душы” (2013г.),  а таксама кніжак прозы “Тэрыторыя скразнякоў” (2004г.)  і “Пастка для рэха” (2009г.). Паэтычныя і празаічныя  творы змяшчалі  часопісы ”Дзеяслоў”  “Маладосць”, “Тэрмапілы”.  Адзін з заснавальнікаў беларускамоўнай бард-студыі “Вежа”. Піша песні на свае вершы і вершы беларускіх паэтаў. Жыве і працуе ў г. Брэсце.

 На плошчы св. Марка ў Венецыі

Шчымлівую веліч дзён
выдрапвае з чорнай медзі
на плошчы хрыпаты звон,
і  ў арках бруістых недзе
шалее натоўп людскі,
а  я,  нібы той Петрарка.
кармлю цішыню з рукі
на плошчы святога Марка.

Чужы прымяраю сон
прысутнасцю блізарукай.
За рэхам ляту ўздагон.
Губляюся ў тле завулкаў.
Здаюся красе ў палон…
Дапіты, пусты мой келіх.
І гоніць ладдзю Харон
Да вострава Сан-Мікеле.

І вецер гартае стынь
апошняй глумлівай мілі.
Ладдзя не ладдзя, пры тым,
ні  Дантэ я, ні Вергілій.
Знікае сівы стары,
І  згадкі, і перазовы..
Я зноў  у людскім віры.
Вяртаюцца гукі, словы…

Кармлю галубоў з рукі,
і цешуся небарака,
як гэтыя  мінакі
смяюся, каб не заплакаць…

       ***
Губляю сутнасць разумення быць.
Спакусай наталяю недалужнай,
Таплю ў віне свае спакой і сыць,
і нема адгукаяся на чужасць
Ілжывых слоў… Час не належыць мне…
Хто вы, мае сябры? --
Гляджуся ў вочы.
на вейках тае летуценны снег,
і вусны нематою крываточаць.
Скуголіць вецер – крык на шэпты рве…
І ўсё цяжэй лячыць душу самотай.
Занадта гучны гэты злыдзень-век,
каб чуць мой шэпт адчайны, неістотны.
Нясецца ў невараць, у  скон людская плынь.
Святло і рух… І цені цені множаць.
Гляджуся ў сон чужы, нібы з імглы --
Мяне няма…  Мяне няма даўно ўжо.

       Шалом, Іерусалім!

Спазнаць Цябе ў сабе.
Адчуць Тваю прысутнасць
у шэрых камянях,
у шолахах аліў…
Шалом, Іерусалім!..
Здымаю з ног абутак,
кранаюся ступнёй
тваёй Святой Зямлі.
З трывогай і нудой
гляджуся ў тваю самасць,
цалую далягляд,
Іі прымяраю дні
нікчэмнасцю людской
пад заклікі імама,
пад сціплы перазоў
тваіх святых званніц.

Спускаюся з гары
маршчыністай, той самай,
адкуль глядзеў прарок
І плакаў па табе….
Шалом, Іерусалім,  –
сакральны Храм без Храма!..
Ты велічны ў сваёй
прытоенай журбе.

Чужога сонца цень,
расколінай бварвовай,
паўзе да ног маіх,
цяплом да шыі льне…
Мой вечны боль…
Тваё жывое Слова,
як повязь ад Адама да мяне…

       ***
Вар’яцтва мрояў… Холад небыцця…
Туга – не лекар. Страх – не абаронца.
Дзве стрэлкі на гадзінніку Быцця
Разматваюць маўклівую бясконцасць.

Сапраўднасць агаляе галізну
Сапраўднасці нязбытных абяцанняў.
Дзве лініі сыходзяцца ў адну
Размытую адлегласцю чакання.

Жыццё, як шал, як звычка спакушаць,
Як марнасці наіў, як грэх адхлання…
Ахрыплым рэхам выпархне душа
З пустэльні цесных, душных памяшканняў.

Паломніцтва ў суладдзе, дзе Сусвет
Вартуе сум нявыплаканай Моўчы,
Дзе слёз маіх застыг нябачны след
Усмешкай тых, хто здрадзіць мне аднойчы…

       На Савецкай
                                Ул. Глазаву

Ля падмуркаў былой сінагогі,
У панурым яўрэйскім квартале
Коцяць дні нашы кола знямогі,
Тлеюць тлумам,  пакутлівым жалем.

Немач вулічных “охаў” і “ахаў”
Агрызаецца юрам і смехам,
Аблятае з аголеных дахаў
Палахлівым неонавым рэхам.

У віры гэтай плыні імклівай
Упіваемся Фэрэнцам Лістам.
Цэдзім з пластыку мутнае піва
У кампаніі двух кэдэбістаў.

У размовах пустых, недакладных
Слепа верым у цуды  зямныя.
І дарэмна шукаем спагады,
Зазіраючы ў вочы шляныя.

Нас няма ўжо?!.  Як боль – недасяжнасць!..
Як  пратэст -- запаздалая споведзь…
Захмялелая праўдай прадажнай
Гіне ўпотай  душа  на паўслове.

Патанае  ў вачах-аметыстах
Гэты дзень векавой  прыгажосцю.
Мы п’ем піва і слухаемЛіста.
І  яшчэ спадзяемся на штосьці…

       ***
Пакорлівасцю атрутнай
Разлічваюся старанна
За прывідную прысутнасць
Таго, што наканавана.

Світальнаю прыгажосцю
Душы слепату змываю…
Пляваць, што за вочы хтосьці
Смяецца з майго адчаю.

Вяртаюся праз вяртанне
Растрачанага, святога
За згоду на пакаянне
Прыняўшы маўчанне Бога.

       Жоўтая рака

Бяздоннасці вачэй жывы разлом –
Пагардлівая жоўтая рака.
Струменіцца лампаднае святло
Святлом выратавальным маяка.
Дрыжыць рука, і прагны б’ецца пульс.
Дыханнем разварушаны паўзмрок.
Яго густы, нахабны, жоўты гнюс
Спустошвае па кропельцы нутро.
Улада рухаў. Мроіва. Імгла.
Адценнямі разгойданая  столь…
Адчэпленая лодка без вясла.
На ёй ужо не выплыве ніхто.

       ***
Сыход вялікай чорнай хвалі.
Бяссоннем стурзанае цела.
Бясполы профіль у правале
Майго акна з фіранкай белай.

Святло і рух. Бясформнасць гукаў.
Твайго вяртання немагчымасць.
Самаўяўленне
                           як  навука
Шторанку слухаць ноч вачыма.

Несувымернасць цмяных блікаў
З нямога тла сатруць далоні…
Там толькі цень сухой галінкі
Дрыжыць
                 на брудным падваконні.

       ***
Дабрынёю тваёй неспазнанай
І чужой мітуснёй безгалосай
Нечакана апусціцца ранак
Праз дзіравую наледзь нябёсаў.

І святло варухнецца на нітцы –
Дзвюх фіранак крануцца далоні.
Твар маўклівы Хрыста ля бажніцы
З цемры выхапяць золкія промні.

Сціхнуць крокі далёка ў прасторы.
Сэрца сціснецца ў скрусе і жалю.
І жанчына цнатлівая ў чорным
Тры грамнічныя свечкі запаліць.

Прамільгне перажытае ночы
Раскудлачаны сполах адценняў,
І шчасліва засвецяцца вочы
Недзе ў іншых зусім вымярэннях.

       ***
Чатыры градусы цяпла.
Прапахла дымам наваколле.
Панура вечар ля жытла
Калыша непагадзь над голлем.

На прэлым лісці свежы след
Вятроў пранізлівых, прыблудных.
Спрыяльны час – ён здзівіць свет
Прышэсцем новага Іуды.

Вартуе крокі цішыня
У прадчуванні дня агледзін.
Чакаць?... Змірыцца?...
                                       І прыняць…
Прыціх натоўп на плошчы недзе.

       ***
Зноў навырост на грудзі лёг
Нясцерпны боль – і ўсё багацце…
Прасуюць сотні брудных ног
Дарог асмуглае распяцце.

Акамянелы холад дня
Сваю дыктуе незалежнасць.
А я твой вязень, цішыня.
Мая турма – твая бязмежнасць.

       ***
За думкамі – нашы словы.
За словамі – нашы справы.
Як часта ў палацы новым
Замок на дзвярах іржавы!
Няўцешнасць – за грэх адплата.
Бязмежнасць – яшчэ не воля.
І брытвы ў руках у ката
Не толькі, не толькі голяць…

       ***
На знявечанным ветрам дрэве
Невядомасць калыша ранне.
Ля калодзежа чорны певень,
Як дзівак,  на ўвесь свет гарланіць.

І трасе журавель пахілы
Перабітай драўлянай шыяй.
Дажывае, губляе сілы.
Дажывае… І сэрца ные.

І па целе - мароз ад песні,
Ад успомненых слоў прарочых,
Што, як злодзей, стаяць ля весніц
Буду некалі я да ночы.

Дык стаю ж… З-пад нябёс да горла
Цягнуць дрэвы густое голле,
І нячутны мне шэпча голас:
- Не прыходзь больш сюды ніколі.

       ***
Вы маўчанню майму паверце.
Вечар ветраны і бясконцы.
Мы адны, больш нікога ў свеце,
Як знаёмыя незнаёмцы.

Супярэчлівасць вочы ў вочы.
Далячынь – палахлівым бляскам.
- Ну куды ж Вы насупраць ночы?
Заставайцеся, калі ласка.

Горад сонны ў абдымках сцюжы.
Халадоў незнаёмы почырк.
Патухаюць на снезе ружы,
Толькі рукі падняць не хочуць.

Лішні крок – размінемся, збочым.
Будзе ў весніцы вецер ляскаць.
- Ну куды ж Вы насупраць ночы?
Заставайцеся, калі ласка.

Прочитано 499 раз Последнее изменение Четверг, 09 Март 2017