Я говорю «удача», но я не встретил бы ее на своем пути, если б не искал.

Артур Конан Дойл «Архив Шерлока Холмса»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Папко Алёна

         Нарадзілася 24 лютага 1990 года ў вёсцы Сакалова Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Агароднікаўскую сярэднюю школу і факультэт замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Працуе ў школе, выкладае нямецкую і англійскую мовы.
       Паэтка, празаік. Вершы і апавяданні друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Неман”, “Наш современник”, газетах “ЛіМ”, “Звязда”, “Чырвоная звязда”, “Заря”, “Маяк”, у альманаху “Жырандоля”. 
       Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча.
       Лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу для дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
       Пераможца конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост сяброўства” – 2014-2015 гг, 2016-2017 гг. 
       Лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу “Родны дом”.
       Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

       ***
Я з краю Бярозаўскага…
У ім мядовыя росы,
Атавы духмянай густыя косы.
Клякочуць буслы,
Спяваюць салоўкі –
Ў нашага лета ярчэйшыя
Фарбы-абноўкі!

Ў восені нашай
Цёпла-кароткія ночы…
Неба раскройвае
Голас маланак прарочы.
Цягнуцца ў вырай плацкартам
Нягоды. І пасмачкі дыму
Ўсё задуменна над хатай
Кружляюць тужліва.

Наша зіма белакрылымі
Ўецца сняжынкамі.
Плача калі ледзяшамі –
Слёзаў ільдзінкамі,
Жвава калі завіхаецца
Сцюжай шчымліваю.
І па-сяброўску частуе
Салодкай калінаю.

Вёсны ў Бярозаўскім краі
Заўжды дужа шчодрыя:
Белапялёсткава кроўныя,
З імі – мы родныя.
Гонарам нашым гаі слывуць
Беластволыя.
Непераможнасцю нашай –
Песні вясковыя.

       Грамніцы
Абрус святочны, што зімы радкі,
І навальніцы злёгку адшумелі.
… А мы ўсё палім свечкі
                                       ў цішыні
Грамнічныя – у пошуках надзеі.

Усім даспадобы ранняе цяпло,
Мяцеліцы суцішаныя крылы.
А мы сумуем, гледзячы
                                     праз шкло,
Як нашай веры растаюць
                                     кілімы. 

І п’е вясковы певень
                                не з вядра –
Сцюдзёную капежную вадзіцу.
А мы ў нябёсы чыстыя штодня
Каханне адпускаем,
                                як сініцу.   

... Абрус святочны,
                            што зімы радкі,
І навальніцы злёгку адшумелі.
Мы больш не палім свечкі ў цішыні –
Грамніцы,
                 як імгненне,
                                     праляцелі.

       ***
Цвіце зямля рамонкамі і мятай,
Маліннік заплятаецца ў жыццё.
Мне не парушыць казачнага свята,
Не наталіцца сонечнасцю дзён.

А далягляд імжыць над цішынёю
Сунічнай. І ніколі не збяднець,
Калі палі красуюць збажыною,
Калі ўзыход спяшае ружавець.

Прыйду на міг, застацца каб навечна
І любавацца дзіўнай стараной –
Звіняць лугі над Ясельдаю-рэчкай,            
Зямля гудзе сівою даўніной…

       ***
Няхай кожны дзень будзе новым,
І ўсё ж такі крышку маім.
Лістотай святочна-маёвай
Убіраюцца дрэвы. Цяплынь…

У час расквітнелі чарэшні,
Пад ногі атава-трава
Расістаю сцелецца песняй…
Мой край, я навечна твая!

Чаромха над кручаным вірам
Губляе пялёсткі ў вадзе.
Прыроды вясновая шчырасць
Нас новай дарогай вядзе.

Высокае сонца ўладарыць
Над кожным дыханнем жывым.
Давайце па-простаму марыць
І шчасцем дзяліцца сваім!

       ***
У прыгаршчы
                    збіраю май духмяны,
І лашчыць думка ўтрапёна скронь:
Злавіць бы промень шчасця вершаваны,
Празрысты, як нябесная далонь.

І запрасіць ў чаромхавыя госці
Цябе, цябе і – ў соты раз – цябе…
Надзеі раскашуюцца калоссем,
І радасць ад чакання ў скроні б’е.

Сны ружавеюць соладка і ясна,
Адно, гарчыць глыток віна на дне:
Даспее нашых дзён скупая ласка –
Не адгукнецца болей ува мне.

       Маме
У шэрань туману апранута хата,
Беланаліўны вірыць наўкол пах.
Мама – ты сэрца маё,
                                     маё свята,
Дотык дзяцінства на яве і ў снах.

Светлых рабін чырванеюць каралі,
Рэзкіх вятроў разгалосая плынь.
Мама – ты лепшае, што я маю
У свеце дарослым,
                            на ласку скупым.

Ў пульсе дажджоў
                            серабрацца трывогі,
Точаць маланкі лязо-вастрыё…
Мама, як моцна пякуць твае ногі,
Доля баліць, быццам полю – жніво.

І пацалункі гадоў пакрываюць
Твой дарагі мне маршчынкамі твар.
Усмешкай тваёй раніцою світае
Белагалубкавы наш небакрай.

Сцелецца роснай травою дарога… 
Малітвай-надзеяй спавіта душа,
Просячы шчасця дачушцы ў Бога.
Мама – ты радасць мая! 

Першае слова і першая казка,
Сноў хрызантэмных сплываюць гады.
Першыя крокі любові нязгаснай…
Дзякуй, матуля, што ў свеце ёсць ты!

       ***
Сярод сатканай белі лугавой
Чаромхавай, як злепак першамаю,
Я песняй прагучу табе зямной
І з нотамі апошнімі растаю.

Сярод палёў пясчаных і трывог,
Агортваючы стомай летняй спёкі,
Я пылам абдыму цябе дарог,   
Няходжаных і што навідавоку.

Сярод святочных вопратак і дзён,
Ў чарзе людзей далёкай і няспыннай.
Я незагойнай праўдаю тваёй
Гучаць спрадвеку буду ў шуме ліўняў.

       ***
Я падзякую весняму сонцу
І тваёй набалелай зіме,
Дзе пакінуты водар ядлоўцу.
… Мама лёгка фіранкі кране.

І ўварвецца цяпло ў пакоі,
Як няспешнае свята – ў душу.
Дзе бяссонне тваё міжволі,
Адганяю – і ўсё ж берагу… 

       ***
Сустрэла – і адчула як зямля
З-пад ног бянтэжна ў нікуды знікае.
… Нібыта сарамлівая вясна
Цябе праз час мне ластаўкай вяртае.

Ды толькі не ўцякаю з небыцця,
Гляджу ў бяздонне шчасця ненарокам,
І адгарае промень пачуцця –
Як хораша цвітуць сады высока!

Ты з успамінаў прышласці і страт!
Такі святы, аднак усё ж далёкі.
І не прыняць абачлівых парад,
Не наталіцца ад нябачнай спёкі.

Не варажу на тое, чым жыву,
Надоўга боль і радасць прымірыла.
І спадзяюся: ўсё-ткі разлюблю,
Каго яшчэ душою не забыла.

       ***
Гляджуся ўслед і ясна разумею:
Спляценні лёсаў не перахітрыць!
Таму лаўлю, як крохкую надзею,
Пагляд вачэй, якім – не даражыць.

Таропка людзі некуды спяшаюць,
І час разводзіць нас, нібы масты.
На гэтай станцыі нас болей не чакаюць,
У нас білеты ў розныя канцы.

І абсыпае ў поўдзень вецер ліха
Пялёскамі акацыі ўвесь свет.
Душы тваёй жаданая адліга…
Знікае між дамамі сілуэт… 

       Ты
Навучаная абыходзіць шчасце
Лёгкімі крокамі.
Бадай амаль на цыпачках,
Пешшу ды скокамі.
   –  Намулялі боты…
   –  Ізноўку хлусіш!
   Чаму яго не затрымаеш?
   Чаго марудзіш?

Навучаная рабіць памылкі –
Цана не падлічана.
Лічу твае абдымкі
Прыкра, ледзь узвышана.
Каханка твая ўсміхаецца,
Відаць, я ёй зайздрошчу.
Іншага не атрымаецца,
А лепшае – толькі госцю.

Навучаная нецярпімасці,
Чаму ж гэты дзень не скончыцца?
Стужкай ружовай павіннасці
Ззяе сонца.
     –   Чаму яго не затрымаеш?
     –   Відаць таму, што далёка.
     –   Але ж да яго ўсяго некалькі крокаў!

Некалькі крокаў…

     Я і ты
З якога ранку звонкім рэхам
Мой сон спазніўся на гады?
Ёсць чалавек для чалавека,
Але ёсць проста я і ты.

Падхопіць вецер снегу пёркі,
Нібыта ўзнёслы мой настрой.
Жыццё падасца вельмі лёгкім,
Наноў прыдуманым табой.

Калючым халадком абдыме,
Ёсць у адзіноты немата,
Малітва, што з магіл падыме.
Ёсць проста ты і проста я.

Пяшчоту горкую дарую,
Да іншай ужо не прывыкаць.
Дзе ахвяруем, дзе шкадуем,
Каго ў гэтым папракаць?

Ёсць чалавек для чалавека,
Ёсць у радасці свая сляза.
Аднак завучанае рэхам –
Ёсць проста ты і проста я…

     ***
Не ўшчуваю таго, што забыта,
І ў пазыку гадоў не бяру.
Поле татава з сонечным жытам
Я няйначай, як лёс, бласлаўлю.

Каласок да зямлі, як да маці,
Сэрцам выткана песня з лугоў.
Загасціліся будні у хаце,
Загасціўся палын вечароў.

Па прыкметах надвор’е чытаю,
Па павер’ях народных жыву.
І няхай не цябе бласлаўляю,
Не цябе ад дажджоў берагу.

     Добрае слова
Добрае слова лішнім не будзе,
Добрае слова – падзякі расткі,
Добрае слова – ў веснічкі людзям
Добрыя справы каваць на вякі.

Добрае слова душы ўскрыляе,
Светла, пяшчотна гучыць праз гады.
Добрае слова шчыра кранае,
Аберагае ад змоўнай журбы.

Добрае слова, каб не збяднелі,
Воляй нябёсаў гучыць над зямлёй.
Каб аніколі мы не захварэлі
Крэўнай няўдзячнасцю і мітуснёй.

     ***
                                  Дзядулі

Ваенных куль, што зорак увышыні.
Баляць яны, баляць сівыя ночы.
А 41-ы і пасля вайныТо сонцапёкам,
То дажджом грукоча.

Гады ў рады калосяцца жыты
На адзінокім полі каля хаты.
А 41-ы і пасля вайны
Шчыміць ад незваротнасці
І стратаў.

Бядуецца, гартуецца душы.
Задумна бусел пра сваё клякоча.
А 41-ы і пасля вайны
Ў спакоі пакідаць цябе
Не хоча.

       Горад N.
У горадзе N. дажджы…
Той горад з дажджу захварэў…
Крычы ці зацята маўчы – 
Той горад асірацеў.

Чарнобыль на сэрцы яго
Дзікім насеннем прарос.
Чарнобыль… Было жыццё,
На тысячы душ перамнож!

Душна пыліць зямля…
Дайце паветра ўдыхнуць!
У горадзе N. бяда,
А дзічкі толькі цвітуць.

Ніхто іх, на жаль, не збярэ,
Варэнне было б і віно.
… Чарнобыль з дажджом забярэ
Жыццё не адно.

     ***
                                           К.**

Давай з табой пагутарым пра вечнае:
Пра азярцо бярозаўскае і жыты,
І пра тваё гасціннае палескае
Сяло, куды спяшаюцца буслы.

Давай з табою ўслухаемся ў вечнае:
У звон лясных ядлоўцавых крыніц,
У шчабятанне ластавак зарэчнае,
І ў першы гром стракатых навальніц.

Давай з табою ўгледзімся у вечнае:
У россып зор, што на падлік не браць,
Ў нябёсы сінякрылыя, надрэчныя,
Ў якіх нам белым воблакам растаць. 

       ***
Дзён залатых радзее пазалота,
Спавітая букетамі тугі.
Жыццё святлее: хмаркамі маркота
Сплыла ў няведамыя землі-берагі.

І лашчыць твар з самоцінкай усмешка,
Як промень парыжэлы, сенажаць.
Сны прыхавае да Купалля рэчка,
Чаго яшчэ, шчаслівіцы, жадаць?

І песня, што яшчэ не даспявана,
На вуснах не сасмагне праз гады.
Дзён залатых лагоднасць незямная
Абудзіцца не раз пад шум вады.

       Дзень за днём
Лёгкі ветрык кране вербалозы,
Плёс змялелы і галька да дна…
І жыццё – невымоўная проза,
І паэзія – радасць адна.

Залацее пшанічная ніва –
Час узгадваць свае карані.
І збіраць, што пасеем рупліва,
І губляць,
               што ўзрасціць не змаглі.

За далёкім грыбным небакраем
Прасяваем пачуцці дажджом.
А ці верым яшчэ, ці кахаем?
Ці жывём дзень за днём?
                             Дзень за днём…

     ***
Што было, магчыма, і паўторыцца.
Толькі пражывем пражытае не мы.
І заснежыцца мая ваколіца –
Не заплачуць звонка капяжы.

І чаго раней не прымячалася –
Найважнейшым стане у жыцці.
Зерне, выпадкова што гублялася,
Падзяўбуць ахвотна вераб’і.

Толькі лёс наш, ведай, не паўторыцца –
Двойчы не ўвайсці ў адну раку.
Але як хацелася б прымроіцца
У цвіценні белым вішняку!

Прочитано 465 раз Последнее изменение Четверг, 09 Март 2017