Blowjob
Возраст — всего лишь число.

Стивен Кинг «Страна радости»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Антаноўскі Мікалай

         Мікалай Дзмітрыевіч Антаноўскі нарадзіўся 06.01.1952г.   ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна ў сялянскай сям’і.  Тут жа скончыў сярэднюю школу, працаваў у калгасе. Служыў у войску. Пасля быў літаратурным супрацоўнікам Ганцавіцкай раённай газеты “Савецкае Палессе”. Паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыў вучобу ў 1978 годзе і быў накіраваны на працу ў Браслаўскую раённую газету “Браслаўская звязда”. У 1982 годзе пераехаў у Пружаны, працаваў у раённай газеце загадчыкам аддзела пісьмаў. З 1984 года па 2016 год – галоўны рэдактар газеты “Раённыя будні”.
       Піша вершы са школьных гадоў, друкаваліся яны ў газетах Піянер Беларусі” і “Полесская правда”.    
       Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1996 года. Уганараваны званнямі: “Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў”, “Лаўрэат рэспубліканскага журналісцкага конкурсу “Залатое пяро”, “Выдатнік друку Беларусі”. Прызнаннем асабістага ўдзелу ў грамадскім і творчым жыцці вобласці стала рашэнне аблвыканкама аб прысуджэнні М.Д.Антаноўскаму ганаровага звання “Чалавек года-2009”.

       Выдаў кнігі:                      

Антаноўскі М. Святаяннік: Зборнік вершаў. – Мн.: Беларускі дом друку,1993.
Антаноўскі М. Падсочаны бор: Зборнік вершаў. - Пружаны,1997.
Антоновский Н. Зелёная рапсодия: леса и лесоводы Пружанщины: документальный очерк. - Брест,2004.
Пружаны і ваколіцы = Pruzhanydistrict”:фотаальбом//Аўтары тэксту: М. Антаноўскі і У. Шпарло. - Брэст,2013.

      Сааўтар калектыўных зборнікаў:

“Паміж Бобрыкам і Ланню”,  “Анталогія беларускага санета”, “Нашчадкам слова застаецца”, “Дзядзінец”. 

Вершы друкаваліся ў часопісах “Нёман”, “Маладосць”,”Белая вежа”, “Беларуская думка”, газетах “ЛІМ”, “Раённыя будні”

   *  *  *   
За лесам палавее жыта,
За жытам – зноў шумяць лясы.
Бяды нямала перажыта,
Не раз гарэлі каласы.

Але мы ўпарта жыта сеем
І садзім хвойкі і дубкі.
На лёс свой скардзіцца не ўмеем,
Надзея – на цяпло рукі.

І як бы нас ні церла доля,
Каб адракліся ад высноў, -
Змахнеш слязу на родным полі
Ды і ў жыццё паверыш зноў.

   Жыццёвая балада

Калі вайна круціла жорны,
І на палескае сяло
Лёг цень, нібы асмалак,  чорны -
Мяне тады шчэ не было.

Калі загінуў дзед без вестак,
І дзядзька галаву злажыў
На вышыні чужой за Брэстам, -
Я і тады яшчэ не жыў...

Ды вось у курныя зямлянкі,
Пад стрэхі збедавалых хат
Прыйшло яно зялёным ранкам,
Святое свята з усіх свят.

І слёзы радасці салдатак,
І слёзы сплаканых удоў,
І галашэнне-стогны матак
(Крый Божа перажыць сыноў!),
Як кроў надзеі і пакуты,
Як сіла гневу і цяпла,
Як немач болю  і атруты,
Як гордасць праўды і святла,
Гаюча,
            ўзбуджана,
                               збалела
Ўліліся ў спляценне жыл –
І я з’явіўся на свет белы,
Каб доўга-доўга жыць і жыць.

Я абавязан быў з’явіцца,
Каб нарабіцца:
Наарацца,
Набудавацца,
Накасіцца,
Нацалавацца, накахацца,
Нацешыцца, намілавацца
За тых, хто, кулямі абраны,
Упаў у пыл, гарачы снег
І хто,
         з франтоў прынёсшы раны,
Араць не выйшаў па вясне,
Хто пад гармонік – жалю зброю –
Збіраў у шапкі медзякі
І хто залічаны вайною
Быў у бязногія палкі...

Зямля мая!
Мне дай іх сілы,
Малю:
            не дай мне забыцця,
Што безыменныя магілы
Таксама ёсць працяг жыцця,
Не дай дачасна мне стаміцца,
Не пашкадуй дабра, любві...
На свет пашчасціла з’явіцца –
Жыві,
         жыві,
                  жыві!..

   *  *  *      
У кожнага свая ёсць Мекка.
Але ці кожны прыйдзе да яе,
Пакуль смерць не закрые века,
І нехта слёзы жалю не пралье?

Жыць праведна –
                               такую кару
Прыдумаць здольны толькі Бог.
У грэшнікаў - святыя твары,
А душы – едкія, як пыл дарог.

Быць праведным лягчэй без Бога,
А лепш – калі ты богам стаўся сам:
Ледзь не цалуюць людзі ногі
І кланяюцца чыну, не крыжам.

Малю на радасць чалавеку
І на ўстрывогу белае касці:
У кожнага свая ёсць Мекка,
Ты абавязан да яе дайсці!

   *  *  *
Знікаюць, быццам Атлантыды, вёскі...
На родных котлішчах – палын-трава,
І цэркаўка – самотная ўдава –
Адплакалася назаўсёды воскам.

Зрашэцілі сатлелы купал кроплі,
Даўно ў ім гаспадараць кажаны.
На лёсах пакаленняў без віны
Несправядлівы час паставіў кропкі.

На гонях утравелых ходзіць вецер
Ці прывіды аратых па вясне?
І не адзін з іх роспачна ўздыхне:
Такі бедлам на гэтым светлым свеце.

А нам, наіўным і жывым, здаецца:
Ідуць усе Туды, ніхто – Адтуль...
А раптам уваскрэснуць давядзецца –
Дзе знойдуць душы нашыя прытул?

   *  *  *
Любім спасылацца мы на сэрца,
Спачувальна ляпаць па плячы...
Бацька мой мяне сваёю смерцю
Не баяцца смерці навучыў.

Мо таму і сум мой светлы сёння,
Як над полем ветах малады,
І не прагну кінуцца ў пагоню,
Каб вярнуць мінулыя гады.

Паўтараецца, відаць, бясконца
Аднастайны захад і ўсход –
Для жывых і ўмёрлых адно сонца,
Шумных крыгаломаў хрэсны ход.

Для жывых і ўмёрлых адзін вецер
І адзін знак шчасця і бяды:
Асыпаецца спачатку квецень,
А пасля на дол ляцяць плады...

   Тры бярозы
Тры бярозы за сялом –
Як тры лёсы
                     скрушных самых,
А пабачу –
                   і цяпло,
Быццам верніку ля храма.

Тры бярозы за сялом
Даражэй за лес, за пушчу...
Калі-небудзь мы памром.
Толькі ці адпусцяць
Тры бярозы за сялом?..

   Сярод лістоў
І з ценем смутку, нейкага папроку
Сябе спытаю:
                        “Хто ты на зямлі?”
Няўжо як ліст самотна-адзінокі
Сярод лістоў, што сыплюцца з галін?

Хаджу ў задуме ціха між бярозаў
І, ап’янелы, можа, ўпершыню
Так разважаю аб жыцці цвяроза
І так высока сэнс яго цаню.

Таму прычынай, мусіць, гэта восень –
Нібы ў яе патрапіў неспадзеў,
Калі шукаюць вочы ў небе просінь,
А бачаць шэрыя шкілеты дрэў.

І хоць я знаю, што пасля завеяў
У прадчуванні з выраю гракоў
Вішшо бяроз ізноў заружавее,
Сумніў гняце з упартасцю грахоў.

А мо сумніў мой – толькі бура ў шклянцы,
Калі душа так прагне цеплаты?..
Ах, як зайздросна ў паўсонным танцы
Ляцяць з бяроз спакойныя лісты!

   *  *  *
Над высокім жытам – жаваронак,
А ў высокім жыце – васілёк,
І сузор’ем гаркаватых гронак
Арабіны свецяцца здалёк.

Капялюш зрывае пругкі вецер:
Выкінь, братка, гарадскі ўбор.
Тут цябе па-простаму прывецяць
Жаваронак, колас, светлы бор.

Капялюш здаўна тут не ў пашане,
Паважае поле картузы,
Бо чынілі полю пакаранні
Капялюш ды зрэдку маразы...

Патаемны зноў праб’ецца голас,
Славячы душэўную красу,
І – грашней знячэўку спляжыць колас,
І радней па ім журлівы сум.

Капялюш без жалю, без праклёнаў
Паляціць у жыта незнарок...
Над высокім жытам – жаваронак,
А ў высокім жыце – васілёк.  

   Санеты для каханай
(З вянка санетаў “Каханне”)

       1
Душой пасеяныя кветкі...
Іх не пабачыш, не кранеш рукой,
Ды толькі ведай: для цябе адной
Растуць іх цэлыя палеткі.
І хай, нібы ад горкай рэдзькі,
Паморшчыцца эстэт-пашляк і той,
Хто лічыць іх хімернаю журбой,-
Табе, табе дарунак рэдкі!

Хай трызніць казкай нашая зіма,
Калі нудота просіцца сама
Зусім не госцяй – гаспадыняй,
О, як  тады патрэбна скроні скронь!
О, як да  месца  зноў вяргіня
На схіле сноў начных і ясных  дзён!

       2
На схіле сноў начных і ясных дзён
Прыходзіць зноў жаданы ранак
З усмешкай мілаю каханай
І сонцам расфіраненых акон.
Зрунелае пяшчотнасці  загон
Пералапачваю  старанна,                 
Я - твой прыгонны, мая панна,
Мне даспадобы гэтакі прыгон!

Якою меркай волю мерыць?                 
Не страшна ўласны лёс даверыць
Таму, хто не адводзіць свой пагляд,
Калі ў трымценні шлюбнай свечкі
Пад купал, дзе сышоўся далягляд,
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі.

       3
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі,
Калі скразняк падуе ледзяны,          
І нераскручаны сувой віны –              
Пасаг ад зайдрасці-какеткі –
Без марных слоў, без фразаў едкіх
Глыбей схавае  куфар таямны,      
Каб засцярога золакам вясны           
Часцей прыходзіла ў адведкі,

Каб салавей, пяюн і дырыжор,
Настройваў сэрцы толькі на мажор
І спевам  для адной-адзінай
Гнаў прэч ляноту ложка  і скрозь сон
Засведчыў ранішняй гадзінай,
Што я, шчаслівы, здаўся ў твой палон.

   Ты, я і луг 
Падавіўся коласам салоўка,
А яму б спяваць яшчэ, спяваць!...
Згоркла вянуць травы ці салодка,
Плакаць сёння дню ці баляваць?

Луг ад сонца ачмурэў і пахаў,
І басіць, і звоніць, і пяе.
Ахінаюць, быццам крылы птаха,
Стан твой рукі цёплыя мае.

Толькі выплыў, як дакор, адзіны
На ўсё неба воблак малады –
За якія гэткія правіны
Ты караеш словам нематы?

Адкажы, пакуль не лёг пракосам
З лёгкім жалем малады наіў.
У вачах, журлівых і раскосых,
Ні папроку і ні цеплыні.

Згоркла травы вянуць – не салодка,
Пэўна, ў лузе дню не баляваць...
Падавіўся коласам салоўка,
А яму б спяваць яшчэ, спяваць.

   *  *  *
Зацягнуты раскай крыніцы
Багата і дзён, і начэй.
Шумяць маіх год навальніцы,
І зрок прытупіўся вачэй.

Падсочаны бор знемагае,
Дзе цішу ляснік сцеражэ.
Мне ціша між хвой дарагая,
А хвоі ў цішы – даражэй.

За вёскай жытнёвыя хвалі
Калышуць цянёк аблачын.
У сэрца ўвабраць бы ўсе далі
І можна было б на спачын.

Напоўніцца спеліва сокам
І плод разумення ўпадзе:
Няўжо можна жыць без вытокаў,
Без простых і мудрых людзей?

Прыйду і ачышчу крыніцы –
Вадою чало апячэ.
Шуміце, мае навальніцы,
Сплывай, павалока, з вачэй!

Прочитано 1548 раз Последнее изменение Четверг, 02 Март 2017