Ну, хорошо, съем я в жизни две тысячи котлет. Изношу двадцать пять темно-серых костюмов. Перелистаю семьсот номеров журнала "Огонек". И все?

Сергей Довлатов «Чемодан»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Нарэйка Настасся

Настасся Нарэйка


   Нарадзілася 28 лістапада 1986 года ў горадзе Маладзечна. Скончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, дзе выкладанне вялося выключна на роднай мове. Менавіта гэта ды яшчэ кнігі, без якіх не ўяўляла свайго жыцця, абумовілі імкненне да творчасці. Свой першы верш напісала ў 10 гадоў, і называўся ён “Мая Беларусь”.
   У 2009-м скончыла Інстытут журналістыкі БДУ па спецыяльнасці “Літаратурная работа. Журналістыка”, па размеркаванні трапіла ў рэдакцыю камянецкай раённай газеты “Навіны Камянеччыны”, дзе і працуе цяпер адказным сакратаром.
   Друкавалася ў “Маладзечанскай газеце”, “Раніцы”, “Бярозцы”, “Вясёлцы”, “Першацвеце”, “Навінах Камянеччыны”, “Заре”, “Літаратуры і мастацтве”, “Маладосці” і “Полымі”.
   Творы аўтаркі ўвайшлі ў тры калектыўныя зборнікі: ”Сила слабости” (жаночая паэзія Брэстчыны), “ЛітАўра” (творы паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны) і “Кахаць і верыць” (апавяданні маладых пісьменнікаў Беларусі).
   Напрыканцы 2013 года пабачыла свет першая кніга вершаў “Магдэбургскае права маёй душы”. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

    Магдэбургскае права тваёй душы

Ты не лічышся нават са мной.
Ты смяешся і робіш, як хочаш.
Я забыла пра сон і спакой,
Бо штурмую цябе дні і ночы.

Ты расставіў па вежах салдат,
А твой мост пад’язны, як прыбіты.
Не зраблю я і кроку назад.
Не чакай. Мы з табою спавіты.

Не жадаеш і слухаць мяне?
Мой адчай. Мой кароль ашалелы.
Не кахаеш? То гэта міне.
І ляцяць легкакрылыя стрэлы.

Апушчу, як у сне, арбалет.
Мне нашто заваёўніцы слава?
За цябе я аддам цэлы свет.
Клята будзь, магдэбургскае права!

 

   * * *

Каласы, камяні і крыніцы…
Карагод, крыгаход, краявід…
За цябе я баюся маліцца,
Бо растанеш, як белы прывід.

Мова-казка і мова-загадка,
Разам з тым, мова-крык, мова-боль,
Між любоўю і вечнасцю кладка,
Наш адвечны, забыты пароль.

Ты ж жывая! Згадаць нас прымусь!
Вер: не знікнеш, не згінеш дарэмна.
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Божа мілы, як гэта ўзаемна!

 

   * * *

Меч у зямлі. Дрыжыць успамінам рукі.
Срэбны метал. Месяц адліты ў ім.
Стаю на каленях. Мой гнеў іррэальны, гаркі
Палае ў вачах і люструецца ў срэбры тваім.

Меч у зямлі. Чаму ты яго не збярог?
Чаму працінаеш зямлю, а не ворага грудзі?
Чаму ты стаіш, не валяешся ў ганьбе ля ног,
Ля ног той адзінай, што з ім больш ніколі не будзе?

Меч у зямлі. Як ты мог дапусціць да жахлівай,
Да жудаснай смерці воя святога майго?
Несправядліва? І што? Як мне быць справядлівай?
Мне, што так моцна, так шчыра кахала яго?

Меч у зямлі. Ты дадзены быў не дарэмна.
Ты ў вернасці кляўся стальною, калянай кляцьбой.
Як жа ты мог паслужыць так па-здрадніцку дрэнна
Яму, што цябе паважаў, ганарыўся табой?

“Горды мой меч, – гаварыў мой адзіны каханы. –
Горды мой род, што нічым не абразіў яго.
За верную сталь, за Радзіму прымалі мы раны.
За сталь і Радзіму не шкода жыцця мне свайго.”

Меч у зямлі. Дараваць не магу. Немагчыма.
Мы раны свае, як ваўкі, безумоўна, заліжам.
Сталь прадала. Але ў нас застаецца Радзіма.
Меч у зямлі стане чорным, абвугленым крыжам.

 

   * * *

                                     Уладзіміру Караткевічу
Ісці па галіне, якая спружыніць і гнецца
Пад нагамі. А неба ўсюды: звонку, ўнутры.
Ісці, і баяцца, і ведаць, што сэрца сарвецца,
Як яблык з галіны, і стукнецца вобзем: памры!

Ісці па галіне. Нячутна ў цемры гайдацца.
Зоры хаваць на грудзях, каб апёкі навек.
У гэтай вадзе, што ідзе, без канца люстравацца.
І ведаць, што свет нерэальна прыгожы, як здзек.

Ісці па галіне. Цемрай у коле святла.
Потым сарвацца і плыць, і уліцца ў траву.
І чуць, і не верыць, і ведаць… Удары вясла.
Мроіцца толькі. Я дыхаю, веру, жыву.

Галіна звініць, бы струна. Аддаецца ў вушах.
Ноч адклікае назад свае чорныя войскі.
Знічкай сарвецца надзея. І сцішыцца жах.
Ляжаць, і маўчаць, і глядзець у сябе, як Загорскі.

Галіна кранецца гарачага злітка сонца.
Будзе рака свае воды ў неба нясці.
Устану. Пайду. Шчаслівая страшна, бясконца.
І будзе з душы маёй новае дрэва расці.

 

   * * *

Уцягні мне нітачку ў іголку.
Я амаль не бачу пры газніцы.
Вышывала з вечара да золку –
Вочы не маглі не прытаміцца.

Будзе снежнабелая кашуля
Быццам бы скрываўлена. І пяльцы
Возьмеш, каб дапамагчы, матуля,
Бо сабе я ўсе скалола пальцы.

Рукі ціха лягуць на калені,
І на іх пасыплюць слёзы бобам.
О, нашто адчай і галашэнні?
О, матуля, што з табой мы робім?

Хай згасаюць зоры-зараніцы.
Мне пара… Накрыю маці світкай.
У падол сваёй старой спадніцы
Утыркну іголку з белай ніткай.

Ты стаіш на сонным скрыжаванні.
Лашчыць ногі босыя трыпутнік.
Пацалуй мяне на развітанне
І вяртайся, вой мой і пакутнік!

Апрані кашулю, калі ласка,
Вузел завяжы на паяску.
Ведаю: вайна – не сон, не казка.
Працягні мне з полымя руку.

Тоненькі шывок іголкі смелай
Адсячэ шляхі да забыцця.
На далоні цёплай ніткай белай
Працягну я лінію жыцця.

 

   Восень вярнулася…

   1.

Кліча мяне Тураў халоднай ноччу,
Клічуць Гальшаны, Мір і Гародня, Нясвіж,
Кліча Наваградак, Полацак кліча – я крочу,
Пакуль не застыне душа там, дзе сцежкі, як крыж.

Клічуць мяне галасы – прачынаюся ў жаху.
І збавення няма, і няможна збавення займець.
Далоньку кладзе за мяне на бяссонніцы плаху
Маленькі лісточак асенні, чырвоны, як медзь.

 

   2.

Восень вярнулася. Восенню мне не спіцца,
Восенню трэба ісці па кладах і слядах,
Восенню трэба на сцены і кнігі маліцца,
Восенню трэба блукаць па старых гарадах.

Восенню сны і пыллё атрасае гісторыя,
Восенню бітва вякоў паўтараецца зноў,
Восенню да слепаты узіраюся ў зоры я,
Восенню стогне ў жылах мінулага кроў.

Пэўна, таму клічуць яны толькі восенню,
Восенню, пэўна, таму адкрываюцца раны.
Кляновы лісточак ляжыць не мядзяны, а з просінню.
Літасці не існуе. І не трэба, Гальшаны.

 

   * * *

Трэба ехаць дамоў…
Там чакаюць з дарогі любой.
Нават той, што вядзе незваротна
У пекла ці рай.
Маладзечна маё!
Што рабіць мне ў адчаі з табой?
Каменец мой!
Што рабіць мне з табой?
Выбірай…

Два гарады.
Дзве радзімы маёй душы.
У адным – мае карані.
У другім – мае вершы.
Непадзельныя вы.
Вы – арэшкі мае, спарышы.
На шчасце абодва,
Ніводзін ні горшы, ні лепшы.

Маладзечна маё!
Карані, і бацькі, і дзяцінства.
І аснова мая,
І уток, і чырвоная ніць.
Ніхто рассячы не здалее
Святое адзінства,
Тое, што многа гадоў
Паміж намі струніць!

Каменец мой!
Вершы, і Вежа, і вечнасць.
І гісторыі водар,
І гнуткае сцежкі працяг.
Як грамнічную свечку,
Як вершаў маіх невылечнасць,
Як памяць сваю,
Ты трымаеш мяне ў руках.

У начных цягніках
Я ніколі заснуць не магу.
Раз за разам у іх
Вырашаецца доля мая.
Па перонах знаёмых,
Нібы да збавення, бягу.
Два гарады.
Ці ж для кожнага розная я?

Я адна.
Я такая, як ёсць. Вы стварылі мяне.
Вы сумесна пісалі мяне,
Бы карціну ці верш.
Як вы можаце верыць тады
Гэтай подлай мане,
Што за некага з вас аднаго
Я малюся найперш?

Прыйдзе час выбіраць.
Гэта будзе няпроста. Бясспрэчна.
Я спытаю ў сэрца й душы.
Дам спакой галаве.
Вырашай, выбірай жа:
Каменец ці Маладзечна?
Маладзечна, прабач.
Толькі тут … мой каханы жыве.

 

   * * *

Ты адзіны мой, Богам дадзены.
Ты радзінны мой, а не крадзены.

Ты спрадвечны мой, векапомны мой.
Ты бясспрэчны мой і нязломны мой.

Ты – жыццё маё, ты – мой снег сівы.
Ты – маё жніўё, ты – мой меч крывы.

Ты – вясла крыло, ты – вятрак стары.
Ты – нябёсаў шкло, гарадоў муры.

Ты – палёў абсяг, ты – зубрыны крок.
Ты – жыцця працяг, ты – жыцця урок.

Ты бяздонны мой, ты бяссoнны мой,
Ты палонны мой, ты загонны мой.

Ты калючы мой – ты бяззбройны мой.
Ты балючы мой. Незагойны мой!

Ты адзіны мой. Сярод воўчых зграй.
Ты глыбінны мой… Ты – мой родны край.

 

   * * *

Па зледзянелых сходах – да ўзнясення.
Па лесвіцы забытай, вінтавой
Іду наверх, і жорсткае сумленне
Звівае ўсе грахі ў адзін сувой.

На самую вяршыню гонкай вежы,
Туды, дзе час ператварыўся ў вецер,
Туды, дзе чалавек сабе належыць,
Сабе і анікому больш на свеце.

Іду. І адзінотаю спрадвечнай
Мне пахнуць камяні, метал і дрэва.
Глухой сцяны, хваробы невылечнай
Цягну ярмо. І кроў, і боль, і Крэва.

Мой Крэўскі замак! Унія і сэрца.
Я – мёртвая, як спаленая кніга.
Хай кнігі не гараць! Не азавецца
Душа мая. Я болей не Ядвіга.

Я – не Ядвіга! Вецер – я! І толькі.
Ты ахвяруй гісторыі другую.
Ідзі. Цябе не клікала. Ніколькі.
Я не люблю цябе. Я варагую.

Я – вораг твой! Я болей не Ядвіга.
Я не баюся смерці анізвання.
Я – ерась, забароненая кніга.
Не заключыць, як унію, каханне.

На вежы, між зубцоў, на самым краі
Вазьму ЯГО руку замест тваёй.
Мой Бог чужы, цябе я выбіраю.
А унія? І што? Ды д’ябал з ёй!

 

   * * *

Імем Беларусі,
Імем Бога,
Што вядуць
Ад роспачы да веры,
Зробіш братам
Ворага любога
І любыя разнасцежыш дзверы.

Імем Беларусі,
Імем Бога,
Што жывуць у сэрцы,
Як у храме,
Вымаліш і выбавіш
Любога,
Хто ў бядзе ці скрушыцца
Па ране.

Ты паслухай, ты адкінь правіны,
Зразумей, але не праз прымус:
Беларусь твая ёсць Бог адзіны,
Бог твой ёсць адзіна Беларусь.

 

   Максіму

   1.

Ты назаві Веранікай мяне.
Ты назаві.
Ціха насоўку тваю падніму
Ўсю ў крыві.
Ціха ў празрыстыя вочы зірну.
Там – іншасвет.
Нехта сказаў: ты сыходзіш ужо.
А запавет?
Верш застанецца, слабое рукі
Росчырк адзін.
Слова адно застанецца яшчэ.
Слова-палын.
Слова адно, што мацней ад усіх
Велічных слоў.
Слова адно – Вераніка. Яно
Ў сэрцы ізноў.
Гэта імя мне, на жаль, не насіць.
Мары як дым.
Думаеш рэўнасць з’ядае мяне?
Справа не ў тым.
Справа ў віне, што спазнілася я
З веснім “жыві”.
Ты Веранікай мяне назаві.
О, назаві…

 

   2.

Сухоты прыходзяць да тых,
Хто дыхаць хацеў
Да дна,
Бы ў келлі зачынены мніх,
З якім – малітва
Адна.

Сухоты прыходзяць да тых,
Чый голас усім –
Арган,
Чый голас ліецца з кніг,
Як кроў з непрамытых
Ран.

Сухоты прыходзяць да тых,
Каго душылі
Дарма.
Не знішчыць песень жывых,
А мёртвых – павер –
Няма.

Сухоты. І мора сінь.
Ты дыхай. Жыві!
Жыві…
Ты кніжку сваю пакінь –
“Вянок”
З жыцця і любві.

 

   3.

Я гляджу на цябе і адно
Разумею даўно незвычайна.
Што кахаю цябе даўно.
Што кахаю цябе адчайна.
Мне да болю цябе не стае.
Ну і што? – Не апошняя, не першая.
І няварты ўсе вершы мае
Твайго – адзінага – верша.

Прочитано 521 раз Последнее изменение Среда, 22 Февраль 2017