Никогда не сдавайся, слышишь, никогда! Даже если все обстоятельства, весь мир против тебя! Никогда не сдавайся!

Дарья Донцова «Букет прекрасных дам»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Бабарыка Галіна

Бабарыка Г.С. БАБАРЫКА ГАЛІНА СІДАРАЎНА. 
   Нарадзілася 19 чэрвеня 1960 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча, пасля - Магілёўскі педагагічны інстытут. Працуе настаўніцай. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларусі.       Паэт, празаік. З 2000 года актыўна займаецца літаратурнай творчасцю.  Яе вершы, водгукі, літартыкулы, гумарыстычныя апавяданні друкаваліся ў “Настаўніцкай газеце”, “Народнай газеце”, газетах “Голас Радзімы”, “ЛіМ”, “Белорусская нива”, “Звязда”, у часопісах “Маладосць”, “Роднае слова”, “Бярозка”,  “Вясёлка”, “Гаспадыня”, “Алеся”,  “Пачатковая школа” і іншых перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках  “Беларускі ручнік”, “Па праву жывога”, “Літаратурная карта Берасцейшчыны”, “Сіла слабасці”, “ЛітАўра” і інш. У Саюз пісьменнікаў Беларусі прынята ў 2007 г. па рэкамендацыі Уладзіміра Карызны. Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага  конкурсу “Сям’я – Адзінства– Айчына”. Выдала зборнікі паэзіі:  “Давер”і “Дарога ў восень” .

    Няпростая ісціна

Не праклінайце. Бога не гнявіце.
Усё расставіць. Зробіць так як след.
А ворагам… даруйце, іх любіце –
Такі ў жыцці няпросты запавет.

Ідзе твая малітва да нябёсаў
З падзякаю. Няхай не лепшы лёс…
Няхай жыцця бялюткія палосы
У чорных пасках, як ствалы бяроз…

Але ж жывеш: Людзей не вінаваціш,
У дні звычайным бачыш прыгажосць,
Не крадзеш у суседзяў радасць, шчасце,
Бо кожны ў гэтым свеце толькі госць.

У кожнага свой лёс, гадзіннік лічыць
Яго жыцця хвіліны ці гады…
Не маем права і дазволу іншым
Жадаць нягоды, болю і бяды.

Не праклінайце. Бога не гнявіце,
Бо вернецца пракляцця бумеранг.
Не зло, спагаду да людзей нясіце.
Дабро – душы бяссмертнай крыж і сцяг.

 

   Рыцарам мовы

Самабытнасці нашай выток
І дзяржаўнасці нашай аснова –
Як крынічнай вадзіцы глыток,
Беларуская родная мова.

На чужыне, падслухаўшы покліч,
Што ляцеў ад Айчыны здалёк,
Уплятаў малады Багдановіч
Бессмяротныя словы ў “Вянок”.

Мілагучна і чыста гучала:
Паэтычныя промні наўкола
Рассыпаў пясняр долі-Купала,
Засяваў душы творамі Колас.

Не лічылі тугі кашалёк
За выдатную лёсу адзнаку,
Сабіралі з балот і дарог
Першавобразы Мележ, Шамякін.

Баранілі Радзіму сыны,
Радавыя Айчыннай без шыку…
Скрыжаванні і знакі вайны
Паказаў рэаліст Васіль Быкаў.

Караткевіч з былым на спатканне,
Як мастак, чытачоў запрасіў:
Чорны замак… Бяда. Паляванне…
Васількі. Пад сярпом  - каласы.

Адышлі… Адгучалі іх крокі,
Затаптаны сляды на траве,
Ды застаўся іх след на старонках,
Дзе пакінулі думкі свае…

Паднялі прадаўжальнікі сцяг.
Ім сумленне падказвае тэмы:
Свету, што захлынуўся ў грахах,
Не падспеўваць – казаць аб праблемах.

Ад Скарыны да сённяшніх дзён
Берагуць беларускае слова,
Праслаўляюць Радзіму радком
Літаратары – рыцары мовы.

 

   У ВЯНОК МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ

Вечар залачоную падкову
Кінуў на галіны вербалозу.
Дзіўныя зімовыя абновы -
Бела-серабрыстыя бярозы.

Сінню атуліўшыся, разлогі
Стылі пад зіхоткім пакрывалам,
Венчаная з далеччу дарога
Цяжкасцю ніколькі не пужала.

Будучыня вечнасцю здалася,
Зоркі паглядалі так лагодна,
Толькі заблудзіла недзе шчасце,
Болей не вярнуцца ў край свой родны.

Бомы адзвінелі пад дугою,
Зорка васількамі адцвітала...
Сэрца перапоўнена журбою:
Мала лёс адвёў яму…Так мала…

 

   СЛЕД ЧАРНОБЫЛЯ

Як рана лягла сiвiзна
На скронi матуль i бацькоў!
Iх лёс не кранула вайна -
Пакутуе родная кроў.

Чарнобыля жорсткага млын…
Дзiцячы пад жорнамi лёс…
Бальнiца, дзе змучаны сын
Хваробай пад назвай “лейкоз”...

Чарнобыль у белi палат,
У тварах бязвiнных дзяцей,
Застыла  ўглыбi вачанят
Малая расiнка надзей.

Узняўся крыжом на пагост
Чарнобыль. Чарнобыля след.
Устала бяда на ўвесь рост
Бядою на цэлы Сусвет.

Чарнобыль, як кат…У бядзе
Няхай не пакiне нас Бог,
Каб шчасце на вуснах дзяцей
Нiхто патушыць больш не мог.

 

   ***

Вядзі мяне далей, сцяжына,
Ад тлуму, зайздрасці, хлусні.
Насустрач белая каліна
Нясе ў карунках пах лясны.

У травах кветак-зорак россып,
Туману шлейфы на дубах,
Глядзіцца сонца ў люстры росаў,
Грукоча дзюбай лекар-птах.

Дзяцінства наша тут блукала,
Гукала:”Лепшы хто грыбнік?”
У соснах рэха паўтарала,
А нам здаваўся чараўнік.

Гады сплылі. Няма былога…
Няма сяброўкі і сястры…
Вядзе мяне адну дарога
Па гэтым казачным бары.

Ачысціў думкі, даў здароўе
І яснасць той лясны спакой.
Бывай, сасняк! Бывай, дуброва!
За лекі – дзякуй! Я – дамоў.

 

   ПАЛЫНОВЫ СУМ

Заблудзiла дзяцiнства ў тумане,
Маладосцi мiльгнула крыло.
I спатканне, i наша каханне
Адышло, адбалела, сплыло.

Таямнiчая горыч палыну
Засталася на нашых губах,
Засталiся нам толькi ўспамiны
Аб начах, салаўях i шляхах.

А гады - нiбы шпаркiя конi...
Сустракае нас восень сама,
Серабрыстая нiтка на скронях...
Але ж гэта яшчэ не зiма...

 

   МРОЯ

Ты прыходзiш у сны
Кожны раз нечакана,
Подых даўняй вясны
Ты нясеш, закаханы.

Салаўіных рулад
Гукі сэрца ўстрывожаць,
А вакол - зарапад
Нашы мары ўсё множыць.

Золак зноў рубяжы
Памiж нас пракладае...
I ты зноў мне чужы,
І табе я чужая.

 

   ЯК ЛЁГКА ДУМАЦЬ У САДАХ…

Вятрам халодным не спыніць
Зялёных колераў разводдзе,
Бо так назначана ў прыродзе:
Вясною ўсё імкнецца жыць.

Вятрам халодным не суняць
Усходаў да святла імкненне,
Ужо святкуе нараджэнне
На лузе травяная раць.

Лістоты клейкай навізна
Здзіўляла ненадоўга вока,
У садзе з кветкавага шоўку
Убранні дрэвам тчэ вясна.

І засмяецца прыгажосць:
Сустрэнуць яблыні-дзяўчаты
У пышных падвянечных шатах -
Ізноў успомняць маладосць.

Як лёгка думаць у садах
Аб чалавечым прызначэнні,
Бо мы, як голле і карэнне,
Мы – і пачатак,мы -  і працяг…

 

   ПЕРАМОЖНЫ МАЙ

Дзявятага Мая – галоўная з дат:
Свой шлях пераможны закончыў Салдат.
Крывавых дарог, што вялі ад рэйхстага,
Вяртанне на захад… Чырвонага сцяга
Трыумф ганаровы… Апошнія стрэлы…
Як мірна гучаць салаўіныя трэлі…
І кідае кветкі Еўропа пад ногі,
Пялёсткі з садоў засцілаюць дарогі,
Бялеюць бінтамі пялёсткі на сцежках,
На тварах абветраных ззяюць усмешкі:
Уволю адведаўшы гора і страт,
Варожае логава знішчыў Салдат.
О, колькі параненых і пахаваных!
Нарэшце прыйшоў ён, так доўга чаканы,
Еўропе прынёс вызваленне, свабоду
Той велічны май сорак пятага года.
Жыццё ўратаваў светлы май пераможны,
Пакінуў свой след у краіне ён кожнай.
Паклонімся нізка, сябры, ветэранам:
Фашызм растапталі!  Ім наша пашана,
Найлепшыя словы і кветак букеты
Салдатам, ад зла ўратаваўшым планету.

 

   БУСЛІНЫЯ КРЫЛЫ

Васiльковае неба. Маўклiвае ранне.
У нябёсах раздольна малююць кругi,
Абдымаюць Радзiму буслы прад расстаннем,
Ахiнуўшыся намiткай смутку-смугi.

Мабыць, пiшуць у небе буслiныя крылы
Аб палескiх азёрах, мурожных лугах
I аб тым, што да берага жоўтага Нiла
Пралягае далёкi, са стратамi шлях.

Краявiд, што чакае, не мiлы, не блiзкi,
Непадобны на родны лясны.
Узмахнулi буслы над буслянкай-калыскай.
У адлёт! Да вясны! Да вясны!

Васiльковае неба. Буслiныя крылы.
Адлятае i лета з чародамi ўдаль.
Адлятае ў мiнулае, можа, у вырай
Перажытая радасць i сцiшаны жаль.

 

   ПЕЙЗАЖЫ ВОСЕНІ

Страсае восень з дрэў лісты
Яшчэ нясмела і няспешна,
Паслухай…Чуеш? Ціха песню
У тумане шэпчуць чараты.

На ніцях – ягады-рубіны,
Імшары рдзеюць іх святлом.
Журботны вокліч. На крыло
Зноў клін узняўся жураўліны.

Ад сонца зажаўцела даль
Пад лёгкім цюлем павуціны.
На плечы стройная рабіна
Надзела каляровы шаль.

Спраўляе ў яркай прыгажосці
Прырода свой адвечны баль
Ёй фарбаў не шкада, на жаль…
Да восені спяшаю ў госці.

Зрывае восень з дрэў лісты
І сцеле, сцеле іх паспешна…
Ты чуеш? Словы новай песні
Кілім шапоча залаты.

 

   МУЗЫКА

Яблыкам малiнавым даспелым
Сонца ападае за сады,
Вёску ахiнаючы нясмела,
Цягнуцца туману невады.

Сiлы не хапае любавацца,
Ночы прыгажосць без гледача,
Стомленая восеньскаю працай,
Вёска замiрае на вачах.

Рукi адпачылi каб да ранку...
Раптам, разарваўшы цiшыню,
Найгрышам музыка каля ганка
Стому выклiкае на вайну.

Музыка ўзлятае пад аблокi,
Зоркамi трымцiць у вышынi,
Грай жа, беларускi Завалокiн,
Душы ад знямогi баранi.

Месяц серабрыстыя нябёсы
Бляклым асвятляе лiхтаром,
З яблыкамi падаюць у росы
Ноты залатыя пад акном.

 

   НОЧ

Змрок нячутна невад цягне,
Гоніць прэч святло і цень.
Тоне вёска ў цемры-багне.
Ноч ідзе - адходзіць дзень.

Ясным вокам зорка гляне.
Месяц, мрой начных ліхтар,
З рэчкай-люстрам на спатканне
Выйдзе з белых пасмаў-хмар.

Мяккі бляск і ціш. Раздолле
Тайны, блізкай к царству мар.
Ноч, спакой. Павіс на голлі,
Дрэмле поўні жоўты шар.

 

   ***

Здарожыўся дзень. Надвячорак
Упаў на зямлю цішынёй.
Сусвет мірыядамі зорак
Расшыў парасон над зямлёй.

Усё, што за дзень перажыта
Пясчынкамі радасці, слёз,
Здаецца, не стала нябытам –
Лягло на прасторы нябёс.

Ляжаць каля праўды і веры
Крупінкі сумненняў, маны,
І здрады, і злосці без меры,
Дабра, што не мае цаны.

Світанак пастукае ў дзверы
З надзеяй, што мудрасць нясе…
Асыплюцца зоркі… І шэрасць
Атуліць зноў свет пакрысе.

 

   ЧАКАННЕ ВЯСНЫ

Агонь у печы дровы ліжа –
Мільгаюць хутка языкі,
Сігае ўвысь вавёркай рыжай,
Як схопіць корм з маёй рукі.

Утульна ў хаце…Каля печы
Забудзеш вецер і мароз,
Што білі ў грудзі, гналі ў плечы,
У чырвань фарбавалі нос.

Зіма здаваць рубеж не хоча,
Завеі снег трасуць яшчэ,
Мароз, як хто яго сурочыў,
Пад дваццаць градусаў пячэ.

Усё ж прырода чуе крокі
Вясны зусім- зусім здаля:
Блакітам белыя аблокі
Плывуць, як парус карабля.

А з поўдня дах нагрэе люты,
Звісаюць іклы ледзяшоў
Зімова-веснім атрыбутам
Марозу, сонца, капяжоў.

Нішто не вечна: пройдзе сцюжа,
Пачуецца вясны хада,
І заблішчыць у люстры лужын,
І ажыве ў рацэ вада.

Умыецца зямля старанна,
Пяшчотны сонечны прамень
Асушыць твар яе. Жаданы
Зямля сустрэне весні дзень.

 

   РАЗВІТАННЕ З ЛІСТАПАДАМ

Дарыў пасланні безупынна
У танцы з ветрам лістапад,
Закідаў імі ён сцяжыны
Пад спевы на мінорны лад.

Каб наталіцца прыгажосцю,
Душа шукала прыгажосць,
Яна ў жыцця таксама госця,
Як  гэты ліст на дрэве –  госць.

Ішла праз замець лістападу
На споведзь прад самой сабой,
Ішла, шырэлі далягляды,
А за спіной – гады сцяной…

Праз развітанне з лістападам,
Праз слоты восеньскі настрой
Счарнелы ліст пад ногі падаў,
Каб зліцца з роднаю зямлёй.

 

   ДЗЯЦІНСТВА

Дзяцiнства маё ў паркалёвай сукенцы,
Слязой закiпаюць люстэркi вачэй,
Няўмелыя пальчыкi ў прыцемку сенцаў
Шукаюць халодную клямку дзвярэй.

Адчынены дзверы, удалеч сцяжына
Цудоўнаю казкай тады павяла,
Не ведала: казка завецца Радзiмай,
Пачатак яе - на старонках сяла.

Старонкi палескiх гаёў, сенажацяў,
Аздобленай рэчкамi, роднай зямлi,
Пазначаны словамi-песнямi мацi,
Навечна ў дзiцячую памяць ляглi.

Дзяцiнства маё ў паркалёвай сукенцы
Глядзiць запытальна праз замець гадоў.
Праросшая папараць-кветкай у сэрцы
З маленства расце да Радзiмы любоў.

 

   БЫЛЫЯ ЧАСЫ СЕНАКОСУ

Зялёнага лугу раздолле…
Алмазы халодныя рос
Схілялі травіцу дадолу
На міласць размашыстых кос.

Лажыліся роўна пракосы
Пад націскам бацькавых рук.
“Шух-шах” прыгаворвалі косы,
І рэха разносіла гук.

Той гук узлятаў у нябёсы
І з птахамі вольна кружыў…
Вясковец у час сенакосу,
Лічы, сенакосам і жыў.

А потым стажар’е рабілі
І сена зграбалі ў валы.
А ночкаю рукі так нылі
Не толькі ў старых, а й малых.

Затое па ўсіх сенажацях
Высокія шапкі стагоў
Стаялі як сімвалы шчасця,
Працоўнага шчасця твайго.

Былыя часы сенакосу,
Дзе сонца расплаўлены круг,
Дзе мы гартаваліся лёсам,
Дзе стомы і радасці дух…

 

   МОЙ РОДНЫ КРАЙ

Над любым краем – неба сінь,
Палошча ветрык белыя аблокі.
І позіркам куды ні кінь –
Бягуць зямлёю рэкі і дарогі.

Зямля мая – мой край навек святы,
Дзе я душою грэшнай спасцігаю
Тваю красу. Праношу праз гады
Любоў, замілаванне родным краем.

Тут бор, што храм. Малітву ўзнось
З душой, як перад абразамі –
Пануе веліч, прыгажосць
У гэтым паднябесным храме.

Бусліны край, ты – першая любоў,
Жамчужынка паўднёвай Беларусі,
З усіх мясцін спяшаюся дамоў,
Я птушкай да цябе імкнуся.

Тут чысціня тваіх азёр
Спрачаецца з цнатлівасцю нябёсаў.
А па начах мільёны зор
Страсаюць срэбны пыл для ранніх росаў.

Тут Прыпяць паўнаводная цячэ,
Над плынню чайкі крылы раскідаюць.
І хочацца глядзець яшчэ й яшчэ,
Як хвалі з сонцам у вадзе гуляюць.

Зямля мая – мой край навек святы,
Дзе я душою грэшнай спасцігаю
Тваю красу. Праношу праз гады
Любоў, замілаванне родным краем.

 

   МОЎСТВА – РЭЧАНЬКА МАЯ

Моўства – рэчанька мая,
Ціхая, іскрыстая,
Па барах і па гаях
Коціць хвалі чыстыя.

Падступаюць лазнякі
Да яе прадоння,
Дзе стаіліся вякі
Пад вадою чорнай.

Потым водмель. Моўствы плынь
Човен ледзь гайдае.
Колер спелых журавін
Льецца з небакраю.

Сонца стомлена ў вадзе
Мые промні-косы:
Будзе заўтра новы дзень,
Новыя дзівосы.

На спачын у чаратах
Прымасціўся вецер:
Будзе заўтра новы шлях,
Новы круг па свеце.

Толькі рэчанька за век
Адпачыць не хоча:
У яе і шлях, і бег
Той жа днём і ноччу.

 

   СУСЕДЗІ РОДУ

Асела нізка. Дацямна
Глядзіць на свет з нямым папрокам.
Святло з маленькага акна
Не льецца больш у цемру змроку.

У гэтай хаце нехта жыў,
Тут гасцявалі радасць, гора,
І песні матчынай матыў
Гучаў уранку і пры зорах.

Бацькі на могілкі сышлі,
Раскідала дзяцей па свеце,
Сляды іх з памяці зямлі
Сцірае ўпотай час і вецер.

І пасталелыя сюды,
Да той пакінутай сядзібы,
Ідуць-прыводзяць маладых,
Засвецяцца надзеяй шыбы.

Хаціне здасца, што рака
Жыцця ізноў напоўніць русла.
Але не сцены, а страха
Прымае шчасце – дзетак…бусла.

А праўнукі гаспадароў
(Сучасных тэхналогій дзеці)
Здымаюць кліп пра тых буслоў,
Каб размясціць у інтэрнэце.

Для гараджан цяпер буслы
Сапраўдны рарытэт прыроды…
Яны ж – мінулага паслы,
Суседзі дзедавага роду.

І расцілае крылы птах
Над сэрцу мілым продкаў краем,
Увесну ён не зменіць шлях:
Буслянка родная чакае.

Прочитано 588 раз Последнее изменение Среда, 22 Февраль 2017