Никогда не поздно поумнеть.

Даниэль Дефо «Приключения Робинзона Крузо»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Валасюк Лявон

валасюк лявонВаласюк Лявон (Леанід Хведаравіч) нарадзіўся 13 снежня 1955 г. ў  в. Песцянькі Тэвельскага сельсавета  Кобрынскага раёна Брэсцкай  вобласці.
   З 1963 г. жыве ў Берасці. Тады ж  пайшоў вучыцца ў сярэднюю школу №16 на Граеўцы, якую скончыў у 1973 годзе. Працаваў на заводзе слесарам.
   У 1974 – 1976 гг.. служыў у Савецкай Арміі чарцёжнікам у штабе Паўднёвай Групы Войск у Будапешце (Венгрыя).
   У 1981 годзе скончыў архітэкрурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер – дзяржаўны тэхнічны універсітэт).
   Працаваў на розных пасадах ў Абласным   навукова-метадычным цэнтры культасветработы  і  народнай творчасці  Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Потым была плённая праца мастаком-дызайнерам на шматлікіх прадпрыемствах горада, у тым ліку ў рэкламным камбінаце Аблспажыўсаюза, у Брэсцкім ЦУМе.
   З’яўляецца сябрам грамадскіх аб’яднанняў  “Беларускі саюз мастакоў”, “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
   Вершы пачаў пісаць з пятага класа школы. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў абласной газеце “Заря” 22 кастрычніка  1982 года – “Озеро Гать” на рускай мове.
   Вершы былі надрукаваны ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”,  газетах “Літаратурная Беларусь”, “Народная трыбуна”, “Заря”, “Брестский курьер», “Настаўніцкая газета”, у калектыўных зборніках “Дзень паэзіі – 2005”, “Ягамосць” (вершы-прысвячэнні Анатолю Сысу) (2009г.), у часопісах “Маладосць”, “Полымя”.
   Проза - ў часопісах “Вожык, “Маладосць”, “Дзеяслоў”; газетах “Літаратурная Беларусь”, “Звязда”, “Заря”,  “Народная трыбуна”.
   Аўтар зборнікаў вершаў  “Блики дня”(1999г.),  “Краски души» (2000г.),  “Под знаком Стрельца”(2001г.), “Леаніды”(2003г.), “Чырвоная вежа”(2004г.), “Познія сны”(2006г.), “Знакі на валуне” (2010г.), “Вечаровы настрой” (2016г.);  кніжак прозы “Сцежкі да сядзібы” (абразкі маленства) ( 2008г.), “Вяртанне Берасцейскай Стралы” (2012г.), кніга эсэ “Непрыдуманыя партрэты” (2014г.).
   Лаўрэат Берасцейскай  абласной мядовай  літаратурнай прэміі за кніжку абразкоў маленства  “Сцежкі да сядзібы” ( 2008 г.).

Матчына сонца

З-за хаты выглянула сонца.
Нарэшце новы дзень настаў...
Я маці на падворку ўбачыў, -
Далоні ўсход ёй цалаваў.

Душу люляла асалода:
Я побач з маці, на двары!
І выпраменьвалі лагоду
Лугі, палеткі і бары.

Падарунак буслоў

Чорна-белае пёрка
Пакінуў мне на ўспамін
Стары дзедаў бусел...

Ён зверху паглядаў
На мой прыезд
Да старой сядзібы.

Малыя бусляняты
Віталі шумам крылаў,
Ледзь чутным клёкатам.

Ім з вышыні лепей відаць,
Каго адораць
Перайкам чорным
Ці перайкам белым.

Свята паэзіі
на бульвары Тараса Шаўчэнкі

Спяшаюся да ракі Мухавец...
У спякотны час
Белае сонца кліча
Да вады, да кнігарні
І да бібліятэкі...

Празрыстыя аблокі
Ляцяць і ляцяць да небакраю,
Да маўклівых паэтаў і паэтак,
Якія з далёкай прасторы
Назіраюць з сумам за намі,
Грэшнымі вершатворцамі...

Балота

Балота паблісквае, зіхаціць лёдам
Пад марозным сонцам.
Празрысты лёд
Пакрыў паверхню балота
На ўсю шыр да небакраю...

Увесну лёд растае,
Пачынае зелянець наваколле.
Пад сонечнымі веснавымі промнямі
Шматгалоссе кнігавак
Абуджае балота...

Балота заварожвае,
Балота палохае і спакушае...
Балота кліча да сябе і гоніць,
Балота трымае жыццё.

Мяжа

Мяжа нябачна
Пралегла паміж
Мною і мінулым.
На сівых валунах
Сляды продкаў чытаю.

Мяжа трымае мяне
На гэтай зямлі
Важкасцю валуноў,
Сілаю ўрослых у глебу
Дубоў і вязаў.

Грымоты і бліскавіцы

Летнія грымоты
І бліскавіцы
Вяртаюць у дзяцінства,
Нагадваюць  колер
Бабулінай спадніцы.

Як можна забыцца:
Той радаснай парою
Усё падавалася
Казачна-прыгожым
І непаўторным.

Пасля навальніцы
Іду на вуліцу
Дыхаць водарам паветра,
Што трымае ў сабе
Рэшткі грому і маланак...

Гадзіннік

Не памятаю таго ўзросту,
Калі пачаў разбірацца ў часе...
Здаецца – заўжды...

У памяці гукі ківача,
У памяці лічбаў
Чорны адлік
Тонкай металічнай стрэлкі
Па жывым подыху сэрца.

Гадзіннік, як і сэрца,
Не павінен прыпыняцца...
Пакуль працягвае
Пульсаваць жыццё.

Гадзіннік – адлік часу,
Гадзіннік – адлік памяці
Ад першага ўсведамлення
Да цяперашняга дня.

Хаду гадзінніка-часу
Прыпыняюць аднойчы,
Калі памірае чалавек,
Калі надыходзіць
Вечная цішыня.

На  Радзіме

Апошні дым
Над комінам чырвоным
Завейнай хмарай
З вёскі праплыве
У іншыя краі, абшары...
Асядзе ў высахлай траве.

І толькі крыж,
У блакіт пафарбаваны,
Шчэ доўга будзе
Лёсу варажыць.

Неруш

У светлым ранішнім спакоі
Пануе невыказны рай:
Кружляюць птахі нада мною,
Крылом кранаюць небакрай.

Сцяжынкай крочу я лясною.
Ліецца песня жаўрука...
А сонца лашчыць цеплынёю,
Нібы матуліна рука!

Крокі
               Памяці мастака Міхаіла Канькова

Не рыпяць болей дзверы
Скразнякамі будынка...
Аркуш белай паперы,
Нібы кветнік узімку...

На бетонных прыступках
Пыл нябачных слядоў.
У сухіх фарбах-скрутках
Шэпт апошніх гадоў...

Чым зыход адгукнецца
У прасторы нямой?
Стужка-цень застанецца
Ўздоўж магілы зімой…

У праменнях аблокі
Сумна ў небе плывуць...
Над зямлёй чую крокі,
На зямлі – не пачуць.

Род

З сівых туманоў над балотам,
З навіслых нябёсаў плыве
Хмурына тугі і маркоты,
Бы штосьці шукае ў траве...

Мігне і пагасне зноў зорка,
Патоне ў халоднай рацэ...
Мой продак стаіць на пагорку,
Бярозавы кій у руцэ.

Каго ён і што тут шукае?
Радзіму? Свой час, свой народ?..
З сівых туманоў выплывае,
Вяртаецца прашчура род.

Брэст. ХХІ стагоддзе

Сярод знаёмых вулак
Чужыя галасы.
Сярод любімых вулак
Чужыя мне дамы.
Мне не стае паветра
Цішы, волі...

Над тлумам, пылам,
Над крыкамі машын
Анёл адзіны –
Вартаўнік спакою –
Трымае крыж
І пазірае ўніз.

Прочитано 890 раз Последнее изменение Понедельник, 31 Октябрь 2016