Надзея Парчук - Государственное учреждение культуры "Брестская центральная городская библиотека им. А.С. Пушкина"
Брак – это возможность поговорить вслух с самим собой, но при этом быть выслушанным близким человеком.

«Дремлющая жизнь» Ренделл Р.


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Надзея Парчук

Надежда Парчук       Нарадзілася 27 верасня 1951 г. у вёсцы Ладараж Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Пачынаючы з 2001 года яе вершы, літартыкулы, водгугі, рэцэнзіі, пераклады друкавалася ў “Настаўніцкай газеце”, газетах “Голас Радзімы”, “ЛіМ”, “Белорусская нива”, “Звязда”, “Рэспуюліка”, у часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вясёлка”, “Гаспадыня”, “Алеся”,  “Бібліятэчны свет”, “Бібліятэка прапануе”, у альманахах “Жырандоля”, “Гоман”, “Свая стыхія” і іншых перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках “Дазволь прычасціцца”, “Беларускі ручнік”, “Па праву жывога”, “Дыханнем адзіным”, “Паэзія 2011”, “Сіла слабасці”, “Карусель”, “ЛітАўра” і інш. Лаўрэат прэміі імя У.А. Калесніка. Выдала сем зборнікаў паэзіі, у тым ліку і для дзяцей – “Венерын чаравічак”.Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вершы прысвечаныя малой радзіме

       Пра Ладараж
              
1

З нас кожны кут радзінны мае.
Ёсць і ў мяне куточак свой,
Які я часта апяваю
Любой спрыяльнаю парой.

…У маляўнічае мясціне 
Больш за чатырыста гадоў
Стаіць мой Ладараж адзіны –
Бацькоў радзіма і дзядоў.

Далі ж і назву вёсцы ўдала! 
Такой не ўчуеце нідзе,
Бо слова гэтае ўвабрала 
Прамудрасць вечную людзей.

Былі ж разумнікі і ў той час!
Хай будзе пухам ім зямля!..
Яшчэ гучыць у сэрцы голас
Майго дзядулі Васіля.

Здаецца, зноўку добра чую,
Як дзед на ганку ў летні час
Гамоніць з намі, ці жартуе,             
Ці пра жыццё заводзіць сказ.

Дзед гаварыў заўжды без стомы,
Дый мы цікаўныя былі,
Здзіўляла нас яго свядомасць,
Скарала – любасць да зямлі.

Не прапускалі мы ні слова,
Запаміналі кожны сказ.
А ён – расказчык адмысловы –
Глядзеў з прышчурынкай на нас.

О, колькі дзед спазнаў і зведаў!
А колькі ў сэрцы меў цяпла!
Мы ўсе цягнуліся да дзеда,
Нібы сцяблінкі да святла.

Адну з яго прамоў цікавых
Я зараз вам пераскажу.
Калі дайшло ўжо ў нас да справы –
Увагі вашае прашу.

…Пад задуменны шум бярозкі,      
На ганку седзячы ў двары,
Пра назву нашай роднай вёскі
Дзядуля гэтак гаварыў:  

Дайшло да нас з часінаў даўніх –
Праз пакаленні і гады –
Найцікавейшае паданне,
Не чулі? Слухайце тады:

Мясцінай нашаю нібыта
Калісьці ранкам ехаў пан, –
Каласавала ў полі жыта,
Над ім стаяў густы туман,

Здалёк азвалася зязюля,
Зайграла сонца над зямлёй –
Краса шыкоўная кранула   
Яго вялікасцю сваёй.

“Ладная рож!” – падаў пан голас,  
А ветрык словы падхапіў, –
І паўтарыў іх кожны колас,
Адно з адным навек злучыў.

Так вёска назву атрымала 
З тых пор на доўгія гады,
Дай Бог, каб жыта квітавала
За вёскай Ладараж заўжды!..

                   2

Добразычлівым пажаданнем
Дзед скончыў гутарку, прыціх,
А ў сэрцы грэлася прызнанне,
Любоў да прашчураў сваіх.

Сядзеў дзядуля ў задуменні,
Як быццам нас не заўважаў, 
Ды мы чакалі з разуменнем –
Ніхто яго не пакідаў.

Душа дзядулева балела
За лёс мясцінаў дарагіх,
Ёй бачыць вечнымі карцела
Свае ў цвіценні абсягі.

Яна, радзімая, хацела
Каб вечна вёсачка жыла,
Каб працвітала і мацнела,
Духоўнасць свята берагла.

З тых пор прайшло ўжо паўстагоддзя,
Сышоў дзядуля ў іншасвет…        
Зямелька наша жыта родзіць,
Кладзецца ў будучыню след.

Ладаражская непаўторнасць

Чым славіцца нашая вёска? 
Мясцінай прыгожай сваёй,
Дзе явар, каліна, бярозка
Ўмываюцца чыстай расой.

Дзе людзі руплівыя ў працы,
Бы пчолкі шчыруюць, з душой,                                   
Вітаючы сонейка ўранцы –
Над лесам за Стыр’ю-ракой.

Дзе што ні жанчына – салоўка
І што ні мужчына – спадар,
Дзе песні разносяцца звонка –
На ўвесь галасісты абшар. 

Мой Ладараж – вёска-красуня –
Паселішча палешукоў.
Тут сэрцу прыязнаму ўтульна
І люба паміж землякоў.

        У Ладаражы

Як лёгка і светла тут дыхаць,
У хмаркі лунаць на плячы!
Тут нават мой бусел з бусліхай
Кружляюць вышэй аблачын.

Нішто не парушыць, здаецца,
Ціхуткую плыннасць ракі –
Ні сонца, што ў высях смяецца,
Ні вецер, што ў гушчы ракіт.

І я тут душой спачываю,
Натхняюся роднай красой…
Ах краю мой, любы мой краю,
Дазволь наталіцца табой!

       Плач душы

Адыходзяць мае землякі
У свет іншы – да вечнага дому,
Заціхае мой край гаманкі,
Нібы ўжо не патрэбны нікому.

А ці ж гэтага ён заслужыў,
Ці ж краса ўжо яго адбуяла?
А каб прадзед мой раптам ажыў,
Дык ад болю душа застагнала б.

Вось і зноў працаўнік адышоў –
Запусцее ягоны палетак. 
На вясковых кладах больш крыжоў,
Чым на лузе няскошаным кветак.

А ці светлы дзянёк, ці грыміць,
Ці мяцеліцы чуюцца стогны –
Зноў душа забаліць, зашчыміць,
На забітыя глянуўшы вокны.

А было ж тут калісьці, было,
Як мая мне матуля казала,
Што ад спеваў грымела сяло,
Песня птушкай пад высі ўзлятала.

...Адыходзяць мае землякі,
Сірацее мой Ладараж мілы,  
Заціхае мой край гаманкі,
Па-анёльску складаючы крылы…     
 

Вершы на ваенную тэматыку

Цвіце пераможна вясна

Даўно адгрымела вайна,
Зямля загаіла ўсе раны.
На свеце шчыруе вясна
Ў падзяку для вас, ветэраны.

Удзячна за мір і спакой
Квітнее, бы ў тым, сорак пятым:
Чаромхай – над Бугам-ракой,
Садамі – ля кожнае хаты.

Пяюць шматгалосна званы  
І мірную славяць гадзіну,
Каб чулі іх дочкі, сыны –
Хто жыцці аддаў за Радзіму.

Царкоўным набатам яны
Сягаюць пад самае неба,
Сцвярджаюць аб тым, што вайны –
Нам болей ніколі не трэба.   

Ода Брэсту

Над Бугам-ракою
Бяссмерце героі
І славу табе здабылі,
Каб ты красаваўся,
З бядою не знаўся
На вольнай і роднай зямлі.

Цябе не скарылі
Варожыя сілы
У самыя грозныя дні...
Ты выстаяў, горад,
У жудасным горы,  
Гарэў – не згарэў у агні.

Хоць плавіўся камень,
Бетон і жалеза,
Стагнала зямля пад табой, 
А Брэсцкая крэпасць,
Як мужная вежа,
Смяротны працягвала бой. 

Не чуў яшчэ свет,
І не ведалі людзі
Падобнай любові сыноў...
У памяці нашай
Жыве і жыць будзе
Іх подзвіг на сотні вякоў!

Слава Перамозе!
Ізноў вясна цвіце, буяе,
Амыў прысады дождж-сяўнік.   
Ізноўку шчыра мы вітаем
Цябе, наш мужны франтавік!

Віншуем сёння з Перамогай,
Якую ты здабыў для нас,
Ідучы вогненнай дарогай
У векапомны грозны час.

Ад ран смяротных і разрываў –
Пад вынішчальны шквал агню 
Ты выжываў, усім надзіва,
І зноў на захад гнаў вайну.

Гнаў і дабіў яе ў бярлозе,
Закалаціў-такі ў труне.
Хвала і слава Перамозе
І Пераможцу ў той вайне!

Шчаслівая раніца

Я вітаю цябе, мая раніца!
Я вітаю цябе, маё неба!
Больш бядою твой твар не апаліцца –          
Нам пажараў сусветных не трэба!

Анічога благога не здарыцца
З Беларуссю маёю ніколі...
Бласлаўляйся, блакітная раніца,
Падымай сваё сонца над полем!

Нам свяціць яно з высяў не зморыцца: 
Ёсць цяпла і святла ў ім багата.
Аніколі ўжо больш не паўторыцца
У гісторыі чорная дата.

Дый салдат, што ў баях цяжкіх выстаяў
І прынёс, падарыў нам свабоду –  
Верыць ў неба празрыстае, чыстае
І ў світальную ласку-пяшчоту.

Я вітаю цябе мірнай, раніца!  
Я вітаю цябе чыстым, неба!
Хай заўсёды так дзень пачынаецца,
А іначай... іначай не трэба!

З Днём Перамогі!

З Днём Перамогі, слаўны наш герой!
Паклон прымі і шчырую падзяку  
За тое, што на ворага ты ў бой
Не раз ішоў пад кулямі ў атаку.
 

За тое, што Радзіму бараніў,
Уратаваў ад нечысці праклятай,
За тое, што жыццё не разлюбіў,
Не зганьбіў звання вернага салдата. 

Грымяць ізноў салюты да нябёс
У гонар твой – за службу, і адвагу,
І за любоў, што ў сэрцы ты пранёс,
Айчыне даўшы верную прысягу. 

Позірк з нябёс

Маўчаць магілы нашых абаронцаў,
Спакойна ў іх сыны Радзімы спяць,
А душы з высяў зорамі і сонцам
На нас, жывых, з надзеяю глядзяць.

Глядзяць з нябёс і радуюцца шчыра
За мірны час, за вас, франтавікі,
І як на іх свяшчэнныя магілы
Кладуць нашчадкі кветкі і вянкі,

І як схіляе галаву сівую
Калісьці бравы іхні старшына,
І як, слязу сціраючы, шкадуе,
Што не для ўсіх красуецца вясна...

Цаніце, людзі, мір, прашу, цаніце!.. 

Цаніце, людзі, мір, прашу, цаніце,
Шануйце тых, хто нам яго здабыў,
Чые імёны свецяцца ў граніце,
Хто больш жыцця радзіны край любіў.

Іх паміж намі мала засталося…
Злятаюць душы родныя ў нябыт,
Прымаюць іх высокія нябёсы,
І абдымае сонечны блакіт.

А Пераможны дзень святочна крочыць,
У квет духмяны ўбраліся сады.
Ніхто вайны знішчальнае не хоча –
Нам мір усім патрэбен назаўжды.

З Днём абаронца Айчыны!

З Днём абаронца Айчыны
Вас, дарагія мужчыны,
Радзіма сардэчна вітае
Ды вечнага міру жадае!

Жадае шчаслівай вам долі,
А войнаў – не бачыць ніколі –
Ніводнаму сыну-салдату,
Ні мужу, ні бацьку, ні брату!

Не бачыць, не чуць і не ведаць
Пра жахі ваеннай навалы.
Няхай спачывае планета:
За мір заплацілі нямала.

 

Святому Міколаю Цудатворцу

Святому Міколе малюся шторання –
Заступніку веры Хрыста,
Які служыць Богу і людзям аддана,
Каб меней было ў свеце зла.

У трэцім стагоддзі, у другай палове
Паслаў Бог яго ў гэты свет,
Каб цуды тварыў ад вялікай любові,
Выконваў Хрыста Запавет.

Той час неймаверна быў цяжкім і грозным:
Ішла барацьба дзвюх міроў –
Язычніцкім людам бяздушным, бязбожным
І тымі, хто Бога знайшоў.

Па промыслу Божаму дзіўнаю сілай
Пасланнік Гасподні ўладаў.
І бедныя вернікі што б ні прасілі,
Заступнік святы падаваў.

Сляпому – відушчасць і чутнасць глухому,
І ногі, і рукі гаіў,
Дастаўшы з Дняпра, ён дзіцятку малому
Ў другі раз жыццё падарыў.

Сіротам быў бацькам і бедным кармільцам,
Няшчасным слязу выціраў,
Не быў аніколі зларадным зласліўцам,
Прыгнечаным ён спачуваў.

За існую веру, за дух Праваслаўя
Змагаўся пасланнік нябёс.
Каб вызваліць паству ад цемры бяспраўя,
Ён крыж свой дастойна пранёс.

 Я дзякую Табе…

Цяпер мая душа ратунак свой знайшла:
Ёй з неба ўпаў пучок праменняў.
Ён вымеў мой адчай дазвання, бы мятла,
І сыпануў свайго насення.  

Насеннем тым было не смутак і не зло,
Не ціша невыноснай адзіноты.
Як зернейка ўзышло, то сэрца ажыло
І сталася душы не да маркоты.

Я дзякую Табе, нябачны Дабрадзей,
За існую ў жыцці маім прысутнасць.
Пашлі Ты мне яшчэ пучок святых надзей,
Каб услаўляла я Тваю Прамудрасць.

Ты сілы-моцы дай і шлях мой асвяці
Святой Сваёй рукой, вадой жывою –
Каб песняй мне гучаць ці кветкаю цвісці,
У промнях блаславёнаю Табою.     

Перад Вялікаднем

Сціхлі птушыныя песні,
Сонца пайшло на спачын.
Хутка Хрыстос уваскрэсне,
Людзі, не спіце ўначы!             

Заўтра вялікае свята,
Заўтра ў заранкавы час
Зноў Вялікодная радасць
З Госпадам прыйдзе да нас!

Людзі, спяшайцеся ў храмы,
Бо менавіта туды
Сын Божы прыйдзе таксама
Ў вёсачкі і гарады.

Не праміне анікога.
Ён завітае й да тых,
Хто не асіліць дарогі
Да храма з-за боляў сваіх.                  

Гэту святую таемнасць
Нельга нам, людзі, праспаць:
Будзе Ісусу прыемна
Ўсіх нас на зорцы вітаць.

Свяшчэнны Госць

Ціхая ноч плыла
Над пілісцінскай зямлёй,
Зорка па небе йшла,
Волхваў вяла за сабой.

Знала нябесная дзе
Ў полі шырокім ёсць
Цёмны стары вярцеп –
Спіць там свяшчэнны Госць.

Ведала напярод:
Госцейкаў лёс цяжкі –
Помслівы, злы народ 
Скроіць Яму “грахі”.

Ззяла з усёй душой,
Шлях асвячала ім:
Бог падказаў для ёй
У месцы Ён спіць якім.

Госця паслаў з нябёс
Мудры Святы Айцец –
У яслях ляжаў Хрыстос
Паміж ягнят, авец.

Неслі валхвы дары –
Кожны узяў, што мог, –
Дзіцятку ўсёй Зямлі
Клалі да Божых ног.

Золата – як Цару –
Вечнаму Мудрацу,
Ладан – як Святару,
Смірну – як Агнецу.

У яслях ляжаў Хрыстос –
Бога Адзіны Сын,
Місіянер нябёс,
Душаў людскіх Святынь.

 Пачуйце, народы!

Пачуйце, народы, пачуйце, краіны!
Вялікую радасць Зямлі:
На свет нарадзіўся Сын Божы Адзіны,
Каб мы ўратавацца маглі.

Паслаў Яго людзям з нябёсаў свяшчэнных
Сусвету прамудры Ўладар,
Як Збаўцу ад смерці для ўсіх пакаленняў,
Як шчасце бясцэннае ў дар.

Ён прыме ўсе нашы грахі і пакуты
На чыстую душу Сваю
І будзе, як Агнец, да крыжа прыкуты,
Каб нам апынуцца ў Раю.

Дык станем прад Богам хутчэй на калені –
За міласць падзяку ўзнясём!
У светлую ноч, у агульным маленні
Хвалу Яму й славу спяём!

 Новы Запавет

Я сышоў на зямлю з нябёс
З ласкі Божае і з любові –
Запавет абвясціць вам новы,
Каб паменела крыўд і слёз.

Вы ж маліліся доўгі час
На зласліўцаў – сваіх куміраў...
З верай, з праўдаю, з існым мірам
Я прыйшоў на зямлю да вас.

Прапаведаваў скрозь дабро –
Вы ж мяне, людзі, не пазналі...
Прадалі мяне, ўскрыжавалі
За пабляклае серабро.  

З дроту ржавага мне вянок
Нацягнулі вы, дзеля здзеку,
І крычалі: “Чаму твой Бог
Не акажа табе апеку?..” 

... О, даруй, Божа, нам грахі,
Што жывем на зямлі сляпыя,
Што прад намі нябёс Месія
Распінаецца ўжо вякі!..     

Малітва да святой Сафіі Слуцкай 

Святая заступніца наша Сафія,
У Госпада ласкі прасі –
Каб нас мінавала ліхая стыхія,
Малі ў Яго літасці ўсім.       

Нам вымалі ў Бога здароўя і сілы,
Каб жыць Праваслаўем, як ты,
Каб даў нам духоўныя моцныя крылы
І Дух ніспаслаў Прасвяты.

Яшчэ папрасі ў Яго сіратам - дзецям
Багацця з нябесных дароў,
Шчасліва дажыць да свайго паўналецця,
З пашанай пранесці Любоў.

Над родным ты Слуцкам і ўсёй Беларуссю
Ўзнімаеш ратуючы крыж,
Каб веру святую ніхто не парушыў –
Нам зоркай вякамі гарыш.                             

З нябесных святыняў бяссмертнай душою
Свяціць табе людзям заўжды.
А нам, беларусам, малітвай тваёю
Наш край берагчы ад бяды.

О мудрая, слаўная наша княгіня!
Мацуй нашу веру й любоў!
Над Белаю Руссю – над любай краінай
Распні Ратавальны Пакроў!     

Ты сонцам глядзіш на мяне
Глядзіш Ты, Божа, на свой свет
Уладара вачыма,
Тваіх у космасе планет
Злічыць нам немагчыма.     

Тваё і Сонца, і Зямля,
І зорныя каскады
І недасяжны далягляд
І небасхіл распяты.          

Магутнай Божаю рукой
Ты шар зямны трымаеш,
Усеабдымнаю Душой
Свет белы саграваеш,           

Не забываеш пра мяне
Ў людской бясконцай плыні –
Шторанку сонейкам зірнеш
З блакітнае святыні.

Душу спагадную заўжды
Пашлеш на дапамогу...
Мне без Цябе анікуды –
Ні дома, ні ў дарогу.   

 Званар               

Званар па прыступках званіцы
Паволі ідзе на памост,
Каб зноў да нябёс дазваніцца,
Якімі ўладарыць Хрыстос.

Трохперсцем сябе перахрысціць,
Каб Госпаду Богу ўслужыць,
Каб прэч адступіўся нячысцік
Ад вернае Высям душы.

Званоў ён з пяшчотай кранецца,
Нібыта яны з крышталю, –
І ўвысь перазвон панясецца, 
Яднаючы неба й зямлю,

Яднаючы небныя далі
І сэрцы людзей на зямлі.
Узнёсла - ўрачыстыя хвалі
Абудзяць лясы і палі.

Спыніся, прахожы, паслухай,
Як неба гаворыць з табой –
Мелодыяй чыстага гука
І ласкай Гасподняй святой... 

Прочитано 3417 раз Последнее изменение Понедельник, 14 Май 2018
© 2018 Государственное учреждение культуры "Брестская центральная городская библиотека им. А.С. Пушкина". Все права защищены.