Любовь к животным мы теперь не ставим в людях ни в грош, а над привязанностью к кошкам даже смеёмся. Но разлюбив животных — не неизбежно ли мы потом разлюбливаем и людей?

Александр Солженицын «Раковый корпус»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Езуіцкі калегіум

         Каталіцкі манаскі ордэн езуітаў, быў заснаваны ў першай палове 16 ст. ў 1534 г. іспанскім дваранінам Ігнатам Лаёлам, для барацьбы з Рэфармацыяй і ўзмацненнякаталіцтва. У Брэст ордэн прыйшоў амаль  праз стагоддзе.
       Спачатку езуіты пасяліліся пры парафіяльным касцёле, а потым ў каменным доме каля рынку, на месцы якога пасля ўзвялі ўласны каменны касцёл. У гэты час яны набылі бліжэйшыя гарадскія ўчасткі і атрымалі багатыя ахвяраванні, у прыватнасці падараваны ваяводам Астафіем Валовічам фальварак Адамкова, а канцлерам Львом Сапегам - фальварак Ляревная. 30 тысяч злотых даў на касцёл сын Сапегі Казімір, і ў 1656 г. будаўніцтва пачалося з цаглянага завода побач з  Мухаўцам.
       У пачатку 18 ст. горад атрымаў прыгажун-касцёл з адштукаваным рызалітам уваходам, пазалочанымі рэзнымі алтарамі і падлогай са шведскага мармуру. Касцёл уяўляў трохнефную базіліку з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам, які завяршаўся масіўным франтонам з валютамі, а бакавыя часткі - вежамі. Пластыку фасада ўпрыгожвалі шматлікія элементы апраўлення праёмаў і нішаў, лепка.
       Езуіты не будавалі манастыроў з келлямі і высокімі сценамі, каб адгарадзіцца ад знешняга свету, - яны, наадварот, ішлі ў гэты свет. Езуіты прыцягвалі да сябе людзей, зачароўвалі  прыгажосцю  сваіх будынкаў. Яны і ў знешняй дзейнасці не прызнавалі шэрасці, былі выдатнымі дыпламатамі, праяўлялі да ўсяго непадробную цікавасць і акружалі чалавека сваёй увагай.
       З «Правіл сціпласці», распрацаваных Ігнатам Лаёлай для членаў ордэна: «Ва ўсіх іх знешніх дзеяннях павінна праглядваць сціпласць і пакора, злучаныя з рэлігійнай сталасцю ... Твар павінны адлюстроўваць хутчэй весялосць, чым сум ... Рукі, калі яны не падымаюць убор, павінны знаходзіцца ў спакоі ... Убор і адзенне павінны быць чыстыя і апранутыя адпавядаючым чынам ... Падчас размовы трэба памятаць аб сціпласці і прыстойнасці як у словах, так і ў манеры гаварыць ... »
       Гэта быў вельмі своеасаблівы ордэн. Езуіты актыўна ўваходзілі ва ўсе сферы гаспадарчага, палітычнага, ідэалагічнага, культурнага жыцця, прыцягваючы ўсё новых прыхільнікаў часам незаўважна для іх саміх. Амаль адразу езуіты атрымалі добрую славу сваёй асветніцкай дзейнасцю, будуючы калегіумы для навучэння сыноў літоўскіх, беларускіх, украінскіх феадалаў, гараджан і нават праваслаўнага духавенства. Не выстаўляючы саслоўных і канфесійных абмежаванняў, езуіты выклікалі прыхільнасць да сябе карэннага  насельніцтва, іх адкрытыя ва ўсіх буйных гарадах Вялікага княства Літоўскага агульнаадукацыйныя школы былі бясплатнымі і даступнымі для розных сацыяльных груп.
       У 1618 г. ў Брэсце быў створаны езуіцкі калегіум - спецыяльная ўстанова, дзе выхоўвалі моладзь. У асноўным там вывучалі тэалогію, філасофію, грэцкую і лацінскую мовы, матэматыку і фізіку. Але таксама тут спасцігалі мудрасці свецкіх дысцыплін, такіх, як плаванне, верхавая язда, фехтаванне, класічны танец, гульня на музычных інструментах і нават асновы тэатральнага мастацтва. Адукацыя, атрыманая ў езуіцкім калегіуме, была вельмі грунтоўная, даступная - яе маглі дазволіць сабе  нават бедныя людзі. Адной з асноўных дысцыплін у калегіуме была рыторыка. Навучалі   складанню  лістоў па розных  тэмах і ў розных жанрах, вядзенню публічных і прыватных гутарак, дыспутаў, складанню выступленняў на зададзеную тэму, падзяк, прывітальных прамоў, віншаванняў на розныя выпадкі жыцця. Рыторыка мела высокі статус у калегіуме не толькі як навуковая дысцыпліна, але і як адзін з самых важных напрамкаў адукацыі таго часу. Працы навучэнцаў гэтак жа складалі асноўную частку бібліятэкі калегіума. Бібліятэка езуітаў у Брэсце была ўнікальнай. У дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца вопіс бібліятэкі Берасцейскага калегіума. Яна налічвае 1732 тома: кніг аскетаў - 100, кніг Святога Аўгустына - 2, Бібліі - 11, творы прапаведнікаў - 157, кніг царкоўнай гісторыі - 120, кніг свецкай гісторыі - 136, кніг філосафаў-69, працы матэматыкаў - 24, працы навучэнцаў - 150, кніг паэтаў - 162 і інш.
       Тэатр (дарэчы, першы ў Брэсце) таксама быў даступны для гледачоў з гараджан. Да спектакляў старанна рыхтаваліся, паколькі выступаць трэба было перад бацькамі і гасцямі. Раздаваліся прыгожа аформленыя праграмкі. Бацькам было асабліва прыемна бачыць сваіх дзяцей на сцэне, яны наглядна пераконваліся, якіх поспехаў дасягнулі іх сыны, навучаючыся ў езуітаў. Раз’ехаўшыся, яны ўзнімалі і ўсхвалялі гвардзейцаў Лаёлы як ўмелых педагогаў.
       Сёння вельмі цікавымі выглядаюць іх педагагічныя прынцыпы. Прынцып канцэнтрацыі, які патрабаваў засяроджвання. Да прыкладу, у адзін дзень вывучалі толькі адно граматычнае правіла, да якога падбіраліся прыклады, практыкаванні, урыўкі з тэксту з мэтай дасягнуць поўнага засваення. Прынцып практычнасці прадугледжваў прымяненне засвоенай інфармацыі ў жыцці. На аснове пройдзенага матэрыялу вучні пісалі сачыненні і вершы, выступалі з дэкламацыямі, ставілі драмы. Асабліва падкрэслівалася недапушчальнасць перагрузкі. Езуіцкія педагогі таксама прытрымліваліся правіла паступовага ўскладнення заданняў і прынцыпу індывідуальнага падыходу. У малодшых класах даваліся дыктоўкі для перакладу на родную мову, а потым выпраўленыя настаўнікам заданні перакладаліся назад на латынь. Вышэйшай ступенню былі практыкаванні творчага характару ў класах паэтыкі і рыторыкі: вершаскладанне на зададзеную тэму, выклад сваімі словамі скончаных урыўкаў з тэксту, пісьмовыя заданні скласці вершы, прозу, ліст, прадсову як  антычныя аўтары. Цікавы быў і прыём так званай эмуляцыі - спаборніцтвы паміж вучнямі і цэлымі класамі. Клас разбіваўся настаўнікам на дзве паловы, кожная з якіх выбірала сабе назву: рымлян і карфагенян, грэкаў і македонцаў. Кожны «рымлянін» меў максімальна роўнага па ўзроўні ведаў «карфагеняніна».  Калі першы адказваў на пытанне прафесара недастаткова поўна, падымаўся супернік. Здаралася, што справіцца з пытаннем не маглі абодва, тады ўступала іншая пара. Любая добрая ці дрэнная адзнака заносілася ў фонд ўсёй каманды. У канцы месяца падлічвалася сума адзнак - кожны ведаў, што ад яго поспехаў у вучобе залежыць поспех ўсёй каманды. Некалькі разоў у годзе кіраўніцтва рабіла публічнае абмеркаванне якасці ведаў вучняў класа. На такіх публічных справаздачах на вачах усяго калегіума консулы і педагогі,  задавалі пытанні. Тут канчаткова высвятлялася, хто засвоіў матэрыял добра, а каму трэба будзе наганяць упушчанае. У абмеркаванне адказаў актыўна ўмешваліся старэйшыя вучні, у якіх праграма курса была шырэйшая. Клас у такіх выпадках выступаў як адзінае цэлае. Адначасова трымаў адказ за сваё выкладанне і прафесар. Выхаванне і навучанне доўжылася 12 гадоў. Але вынік быў варты гэтага. Праўдзівыя езуіты былі выключна верныя ордэну і яго мэтам і ў той жа час разумныя, праніклівыя і адважныя.
       Стымулючы цікавасць, педагогі прысвойвалі лепшым выхаванцам тытулы імператараў, прэфектаў, цэнсароў, ўзнагароджвалі вучняў медалямі, кнігамі, малюнкамі  з выявай святых. «Імператары» карысталіся прывілеем займаць ганаровыя першыя парты. Для тых, хто не зрабіў дамашнее заданне мелася «лаўка аслоў».  Практыкаваліся і фізічныя пакарання - бярозавая розга і вяровачны бізун, так званая «дысцыпліна». Непрыгожым зваротным бокам медалі быў шпіянаж, ўзаконены нагляд за вучнямі і дарослымі езуітамі адзін за адным, віталіся і даносы. Даючы добрую, якасную адукацыю, езуіты адначасна ператваралі дзяцей праваслаўных і прыхільнікаў Рэфармацыі ў шчырых каталікоў. Фанатызм пранікаў у душы незаўважна. Было  і тое, калі выхаванцы езуіцкіх устаноў пры ўсёй знешняй свецкасці парой неабыяк бузілі, прымаючы ўдзел у пагромах іншаверцаў.
       Двухпавярховы каменны будынак калегіума быў дабудаваны да касцёла пазней. Фасадная частка калегіума цягнулася ў адну лінію з храмам, элегантна паўтараючы ў плане паварот вуліцы Кавальскай. Акрамя натуральных для падобнай навучальнай установы класаў, келляў, пакояў рэктара і прафесараў тут размяшчалася тэатральная зала, студэнцкі араторый, агульнадаступная аптэка, а ў глыбіні за фасадам - некалькі садкоў (адзін з іх - аптэчны, дзе выгадоўваліся лекавыя расліны), кветнікі, калодзеж, увянчаны альтанкай з вялікай статуяй святога Ксаверыя, і цэлы шэраг гаспадарчых памяшканняў: піваварня, свіран, стайня. Дваровую і вулічную часткі калегіума злучаў багата дэкараваны двухпавярховы калідор, які ідзе ўздоўж бакавой часткі і касцёла. У ХVІІ ст. у Берасцейскім езуіцкім калегіуме вучыўся, а потым быў намеснікам рэктара Казімір Лышчынскі, які за свой трактат аб  неіснаванні Бога быў у 1689 г. спалены ў Варшаве.
       У канцы XVIII стагоддзя ордэн езуітаў па ўсім свеце набраў такую моц, што стаў небяспечны нават для Ватыкана. Папа Клімент XIV прыняў рашэнне скасаваць ордэн і у 1773 г. Пасля скасавання ордэна ў 1773 г. рухомая і нерухомая маёмасць калегіума была перададзена базыльянам. З пачаткам будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1836 г. архітэктурны комплекс калегіума быў рэканструяваны ў каменданцкае кіраванне. Тут жа размяшчалася інжынернае кіраванне. Да нашых дзён комплекс калегіума не захаваўся.
       Скасаванне Ордэна расцягнулася на 40 гадоў. Аднак у некаторых краінах ён так і не быў знішчаны. Сёння ордэн налічвае каля 18 тысяч чалавек. Па большай частцы гэта свяшчэннікі. Яны прапаведуюць ў больш чым у сотні краінах свету. А 13 сакавіка 2013 г. прадстаўнік Ордэна, кардынал, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыё Бергольо быў абраны Папай Рымскім. Гісторыя езуітаў яшчэ не скончана.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

1.Брэсцкі езуіцкі калегіум / Т. Б. Блінова // Беларуская энцыклапедыя : ут. Мінск, 1998. Т. 3. С. 295.

2.Брэсцкі езуіцкі калегіум / Т. Б. Блінова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : ут. Мінск, 1994. Т. 2. С. 100.

3.Езуіты / Дз. У. Кароў. Езуіцкае выхаванне / В. Ф. Шалькевіч. Езуіцкія навучальныя ўстановы / В. Ф. Шалькевіч // Беларуская энцыклапедыя : ут. Мінск, 1998. Т. 6. С. 383.

4.Калегіум / В. С. Болбас, С. А. Сергачоў // Беларуская энцыклапедыя : ут. Мінск, 1998. Т. 7. С. 458.

5.Езуіты / Я. Н. Мараш. Езуіцкія калегіі і акадэміі / С. А. Падокшын // Беларуская савецкая энцыклапедыя : ут. Мінск, 1971. Т. 4. С. 376–377.

6.Дэкрэт паміж горадам Берасцем і вяльможнымі міласцямі айцамі езуітамі берасцейскага калегіума. Фундуш касцёла і калегіі іх міласцей айцоў езуітаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : укн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 85.

7.Казімір Лышчынскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 84–85.

8.Ціборовська-Римарович, І. Стародруки з бібліотеки Берестейського єзуїтського колегіуму в фондах Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського / Ірина Ціборовська-Римарович // Берасцейскія кнігазборы. Мiнск, 2010. С. 399–418.

9.Цярохін, С. Ф. Многія прыйдуць пад імем маім : езуіты на Беларусі / С. Ф. Цярохін. – Мінск : Полымя, 1995. – 141, [2] с.

10.Блинова, Т. Б. Иезуиты в Белоруссии / Тамара Борисовна Блинова. – Минск : Беларусь, 1990. – 108, [2] с.

11.Сцебурака,. А. М. Развіццё адукацыі ў Беларусі ў другой палове XVI – першай палове XVII стагоддзяў: этнаканфесійны і сацыяльны аспекты : аўтарэферат дысертацыi... кандыдата гістарычных навук / Анатоль Мікалаевіч Сцебурака; НАН Беларусi, Iн-т гiсторыi. – Мiнск, 2011. –с.

12.Палікоўская, Т. І. Культурна-асветніцкая дзейнасць езуітаў на беларускіх землях у апошняй трэці XVI – 20-ыя гг. XIX стст. (стан і праблемы айчыннай гістарыяграфіі другой паловы XIX – пачатку XXIcт.) : аўтарэферат дысертацыі... кандыдата гістарычных навук / Таццяна Ігараўна Палікоўская; БДУ. – Мінск, 2006. – 21 с.

13.Цеплякоў, А. Езуіты і Беларусь: на мяжы цывілізацыяў ці на скрыжаванні культураў? / Аркадыюш Цеплякоў // Беларускі гістарычны зборнік. Беласток, 2006. Вып. 25. С. 45–66.

14.Сарычев, В. Комплекс иезуитов // Сарычев, В. В поисках утраченного времени : книга 1 / Василий Сарычев. Брест, 2006. С. 17–21.

15.Диханова-Внуковская, Л. А. Положение иезуитов в Великокняжеском обществе с конца XVI века по 1773 год / Л. А. Диханова-Внуковская // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць : зборнік матэрыялаў міжнар. навук.-практ. канф. 7–8 кастрычніка 2004 года. Брэст, 2005.142–145.

16.Манастыры Брэста ХVII–ХVIII стст. // Страчаная спадчына / укл. Т. В. Габрусь. Мінск, 1998. С. 116–127 : іл.

17.Здановіч, У. Берасцеская зямля ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай / Уладзімір Здановіч // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 2. С. 24–34. Са зместу. : [Езуіцкі калегіум]. С. 30.

18.Лявшук, В. Е. Гиппократова чаша в иезуитском коллегиуме: становление и функционирование иезуитских аптек на белорусских землях ВКЛ (1569–гг.) / В. Е. Лявшук // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2016. № 4. С. 96–103.

19.Семашко, С. Исчезнувшая библиотека старого Бреста : [библиотека Брестского иезуитского коллегиума] / Светлана Семашко // Брестский вестник. 2016. 15 сентября (№37). С. 20.

20.Палікоўская, Т. І. Айчынная гістарыяграфія другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. гісторыі адукацыйнай дзейнасці езуітаў на тэрыторыі Беларусі / Т. І. Палікоўская // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2015. № 4. С. 7–11.

21.Лявшук, В. Е. Иезуитский коллегиум в социокультурном городском контексте белорусских земель ВКЛ в 1569–1773гг.: проблемы и итоги изучения / В. Е. Лявшук // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1, Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. 2015. № 3. С. 39–43.

22.Барташэвіч, А. Ю. Гісторыя каталіцкіх ордэнаў на беларускіх землях у другой палове XVII стагоддзя: місіянерства і культурна-асветніцкая дзейнасць / А. Ю. Барташэвіч // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. 2013. № 9. С. 54–58.

23.Ляўшук, У. Я. Персанальныя каталогі ордэна езуітаў як крыніца па гісторыі ўзаемадзеяння езуіцкага калегіума з гарадскім сацыякультурным асяроддзем на беларускіх землях Вялікага княства Літоўскага ў 1569–гг. / У. Я. Ляўшук // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1, Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. 2013. № 2. С. 57–64.

24.Палікоўская, Т. І. Гісторыя станаўлення школьнага іезуіцкага тэатра ў Беларусі ў айчыннай гістарыяграфіі 30–80-х гг. ст. / Т. І. Палікоўская // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2010. № 2. С. 34–37.

25.Позднякова, А. Жизнь на благо отечества: [о жизни и деятельности Казимира Лыщинского] / А. Позднякова // Брестский вестник. 2008.марта. С. 6.

26.Цеплякоў, А. Езуіты і Беларусь: на мяжы цывілізацый ці на скрыжаванні кльтур? / А. Цеплякоў // Спадчына. 2006. № 2. С. 55–67.

27.Блинова, Т. Б. Выпускники иезуитских школ Беларуси - известные деятели науки и культуры (1740–1773 гг.) / Т. Б. Блинова // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта. Серыя 1. 2003. № 3. С. 3–9.

28.Лавровская, И. Судьба памятников истории и архитектуры Бреста (ХIV–ХIХ вв.) : [костелы и монастыри] / Ирина Лавровская // Архитектура и строительство. 1991. № 6. С. 29, 42–44.

Прочитано 691 раз Последнее изменение Суббота, 20 Январь 2018

Сейчас 42 гостей и ни одного зарегистрированного пользователя на сайте

© 2018 Государственное учреждение культуры "Брестская центральная городская библиотека им. А.С. Пушкина". Все права защищены.