Оттенки красоты бесконечно различны - в этом богатство мира.

Иван Ефремов «Час Быка»


ek  вк  brest-kult  

VideoHosting 

Фяцісаў Іван Якаўлевіч

ІВАН ЯКАЎЛЕВІЧ ФЯЦІСАЎ - жывапісца, заслужаны работнік культуры Беларусі
     Заслужаны работнік культуры Беларусі - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, працаваў у станковым жывапісе, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, пейзажа. Аўтар архітэктурна-мастацкіх афармленняў экспазіцый шэрагу музеяў Брэстчыны.
   Нарадзіўся мастак 21 кастрычніка  1920 г. у вёсцы Тума Разанскай вобласці. Дастатак у доме быў невялікі, але на дзяцей дабратворна ўплывала атмасфера сямейнага свету, працавітасці, парадку, дружбы і ўзаемнай любові. У доме любілі кнігі, пастаянна чыталі ўслых дзецям. Дзеці былі зусім маленькімі, калі Стэфаніда Іванаўна страціла мужа, не стала прытулку і сродкаў да існавання. Сям’я блукала па чужых кутах. Маці не магла аплачваць навучанне сына. Іван скончыў 7 класаў і паступіў у Іванаўскае мастацкае вучылішча. З гэтага моманту пачалося яго самастойнае жыццё - без усялякай фінансавай і маральнай падтрымкі. Яго настаўнікамі былі кнігі. Руская дэмакратычная літаратура навучыла паважаць асобу чалавека, любімымі паэтамі былі Пушкін, Лермантаў і Байран. Музычная камедыя, тэатральная класіка, фільмы трыццатых - усё гэта спрыяла фарміраванню светапогляду мастака, на гэтым будавалася яго стаўленне да жыцця.
   У 1940-м  г. з чацвёртага курса Фяцісава прызвалі ў армію. З сабой ён узяў томік Пушкіна, скрыпку і фарбы. Але вайна пісала свае палотны дымам і агнём. Ён удзельнічаў у Сталінградскай бітве, ваяваў на Курскай дузе, прайшоў усю вайну і Перамогу сустрэў ў Празе. За адвагу франтавы разведчык Фяцісаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Іван Якаўлевіч прайшоў праз вогненныя вёрсты Вялікай Айчыннай, і  доўгія гады ён не дакранаўся гэтай тэмы ў сваёй творчасці. З вайной была звязана самая вялікая сардэчная боль - страта самай дарагой жанчыны - маці.
   Ваенная тэма па-асабліваму адлюстроўваецца ў працах Івана Якаўлевіча Фяцісава. Старшы лейтэнант, начальнік разведкі дывізіёна, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Баявога Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны I ступені, Іван Фяцісаў быў у гушчы ваенных падзей. Яго ваенная тэма - гэта невялікія штрыхі, як бы ўспаміны з далёкага мінулага, асабіста ўбачанага і перажытага аўтарам палотнаў. Гэтыя ўспаміны глыбока хвалявалі яго і настойліва патрабавалі ад мастака расказаць людзям пра сваё стаўленне да іх. Так карціна «Вера ў жывых» - гэта зварот да нас жанчыны маці з дзіцём на руках - як сімвалам будучыні. Яна заклікае нас не дапусціць паўтарэння страшнай трагедыі. Вобраз дзяўчыны-санітаркі натхніў мастака да напісання карціны «Разведчыкі».
   Гады службы ў разведцы зрабілі Івана Якаўлевіча тонкім псіхолагам, навучылі добра разбірацца ў людзях, глыбока пранікаць у іх душы. Вось гэтую прафесійную асаблівасць, уменне выведваць не толькі баявую абстаноўку, але і чалавечыя душы і прынёс з сабой у мастацтва мастак.
  У 1947 г.  Іван Якаўлевіч скончыў Іванаўскае мастацкае вучылішча і з гэтага ж года ён з'яўляецца ўдзельнікам мастацкіх выстаў. З 1947 г.  Фяцісаў назаўжды звязвае свой лёс з Брэстам. У Брэсце Іван Якаўлевіч выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме народнай творчасці, адначасова займаўся жывапісам.
   Праз 2 гады яго запрашаюць у Саюз мастакоў Беларусі.  Ен член Беларускага Саюза мастакоў з 1949 г. 
  І. Я. Фяцісаў ніколі не быў абыякавым сузіральнікам жыцця, ён заўсёды выказваў сваё стаўленне да тых ці іншых падзеяў. Фяцісаў пастаянна выязджаў у сельскую мясцовасць, знаёміўся з вяскоўцамі, з іх бытам, нацыянальнымі абрадамі. У людзях Івану Якаўлевічу заўсёды імпанавала «пачуццё ўласнага вобразу». Нават у агульным сельскім тыпе, які быў у тыя гады вызначаны афіцыйным сацыяльным заказам як «перадавік» вытворчасці, Фяцісаў здолеў убачыць непаўторныя індывідуальныя рысы, вядучыя ад агульнага тыпу мастацтва соцыялістычнага рэалізму да таго астраўка, дзе схаваная душа, якая вызначае сутнасць чалавека, яго каштоўнасць. Характэрны ў гэтым дачыненні партрэт працаўніцы вёскі маладой сялянкі Праскоўі.  А ў карціне «Зайдзіце заўтра» мастак ўдала перадаў вобраз савецкага бюракрата.
  Мастак шмат падарожнічае. У 1976 г. ў складзе дэлегацыі ён пабываў у Парыжы. Так з'явілася карціна «Парыжская вулачка».
  Вочы і рукі - асноўнае ў партрэтах Фяцісава. Ён не шукае знешніх эфектаў, для яго важней тое, што ўнутры чалавека, што вызначае яго характар. Выразнасці ён дасягае за кошт дакладнага жэсту і кампазіцыйнага пабудовы. Яго партрэтам уласцівы выразныя псіхалагічныя і сацыяльныя характарыстыкі: “Беларус” (1949), “Будаўніца” (1958), А.А. Ус (1959), даярка Н. Жук (1962), “Ганаровыя грамадзяне Брэста” (1978), серыі партрэтаў будаўнікоў Бярозаўскай ДРЭС (1960), ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (1958-1980).
  Ён аўтар сюжэтна-тэматычных карцін “Юныя мічурынцы” (1952), “Салдацкія хваляванні ў Брэсцкай крэпасці ў 1905 г.” (1956), “Пераемнасць” (1970), “Памяць пра невядомыя магілы” (1977), лірычных пейзажаў.
  Персанальныя выставы мастака праходзілі не раз ў г. Брэсце  і ў 1992 г. у Мінску. 
  Творы мастака  знаходзяцца ў найбуйнейшых музеях і карцінных галерэях Беларусі.
  Іван Якаўлевіч Фяцісаў вядомы не толькі сваімі шматлікімі маляўнічымі палотнамі. Ён аўтар архітэктурна-мастацкіх рашэнняў экспазіцый музеяў: гістарычнага - у Бярозе, краязнаўчых - у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Століне, музея касманаўтыкі на радзіме двойчы Героя Савецкага Саюза П.І. Клімука, музея «Бярэсце», музея-помніка «Камянецкая вежа». Разам з прафесарам Антонам Якаўлевічам Асам яны стваралі і універсітэцкі біялагічны музей.
  Фяцісаў - Заслужаны работнік культуры РБ (1989 г.), Ганаровы грамадзянін станіцы Мокрая Ельмута Растоўскай вобласці (Расія).
   Памёр Іван Якаўлевіч у Брэсце 5 кастрыніка 1994 г .

 Літаратура:

  1. 1.Фетисов Иван Яковлевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 6 т.]. Т. 7. Минск, 2008.
  2. 2.Фетисов Иван Яковлевич // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 1, кн. 2. Брестская область. Минск, 2009. С. 435.
  3. 3.Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 16.  Мінск, 2003. С. 512.
  4. 4.// Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Кн.2. Мінск, 2001. С. 648.
  5. 5.Валасюк, Л. Мастак Іван Фяцісаў // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды / Лявон Валасюк. – Брэст,С. 60–61.
  6. 6.Фёдараў, Л. Творчасць пазітыву : да 90 – годдзя вядомага берасцейскага мастака Івана Фяцісава / Леанід Фёдараў // Народная трыбуна.  2010. 23 кастр. С. 12.
  7. 7.Рубашевский, Ю. Иван Фетисов : [выставка памяти художника] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2004. 24 нояб.
  8. 8.Александров, Н. Высота Ивана Фетисова: десять лет спустя / Николай Александров // Брестский курьер. 2004. 18 нояб.
  9. 9.Александров, Н. Пейзаж души художника Фетисова: [о выставке пейзажей И. Я. Фетисова] / Николай Александров // Брестский курьер. 1994. 29 сент. – 5 окт. С. 9.
  10. 10.[интерьвью с брестским художником Иваном Яковлевичем Фетисовым] / беседовал А. Гарай // Заря. 1993. 19 авг.
  11. 11.Іван Фяцісаў : хроніка мастацкага жыцця сёння // Мастацтва. 1992. №8. С. 75.
  12. 12.Шилин, П. След на земле : [персональная выставка И. Я. Фетисова] / П. Шилин // Заря. 1992. 6 мая.
  13. 13.Кисть мужественная и добрая : [выставка картин живописца И. Я. Фетисова в Бресте] // Брестский курьер. 1992. 8–14 мая.
  14. 14.Фетисов, И. “… И мне есть что сказать” / Иван Фетисов // Народная трыбуна. 1991. 4–10 лют. С. 5.
  15. 15.Лавров, С. Люблю  - значит сущетсвую : [брестскому художнику И. Я. Фетисову 70 лет] / С. Лавров // Заря. 1990. 30 окт.
  16. 16. Дороги и дни художника Фетисова / Николай Александров // Заря. 1980. 19 дек.
  17. 17.Гарай, А. В союзе с музой истории : [о брестском художнике И. Я. Фетисове] / А. Гарай // Заря. 1980. 25 сент.
  18. 18.Сурский, А. Разведка кистью : [выставка картин И. Я. Фетисова] / Аркадий Сурский // Заря. 1971. 21 янв.
Прочитано 2140 раз