Человек может все, – тихо рассказывал старик Нику, лежа вечером у костра. – Все, что угодно. Все, что он осознал своей целью. Невозможного нет.

Роман Злотников «Землянин»



Аляксей Кузьміч Гардзіцкі

  Аляксей Кузьміч Гардзіцкі,

крытык, літаратуразнаўца

Аляксей Кузьміч Гардзіцкі – беларускі крытык, літаратуразнаўца, даследчык беларускай літаратуры.

Нарадзіўся 2 мая 1934 г. у сялянскай сям’і. У 1952 г. скончыў сярэднюю школу ў Брэсце і паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута.

Пасля яго заканчэння ў 1956 г. працаваў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома Ленінскага (цяпер Лунінецкага) р-на. Адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Мікашэвіцкай сярэдняй школе рабочай моладзі. Вясной 1957 г. выбраны другім сакратаром Ленінскага райкома ЛКСМ Беларусі. На пачатку 1959 г. перайшоў працаваць у рэдакцыю раённай газеты “Ленінская праўда”. У 1959 – 1962 гг. аспірант, з 1962 па 1966 гг. працуе малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР. З 1966 г. – старшы рэдактар Дзяржаўнага камітэта СМ БССР па друку. З 1972 г. – літаратурны кансультант па ўзаемасувязях літаратур Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Першая публікацыя Аляксея Гардзіцкага з’явілася ў 1953 г. у брэсцкай абласной газеце “Зара”. У 1959 г. упершыню выступіў у рэспубліканскім друку – апублікаваў у часопісе “Маладосць” рэцэнзію на зборнік вершаў Уладзіміра Нядзведскага “Вясновыя барозны”.

 У 1968 г. выйшла першая кніга Аляксея Гардзіцкага  – “Дыялогі”. У ёй ён даследуе праблемы сучаснай беларускай літаратуры і яе ўзаемасувязі з літаратурамі іншых народаў. Кніга “Дыялогі” Алекся Гардзіцкага – даволі рэдкі ў беларускай практыцы вопыт жывой, змястоўнай, насычанай багатым фактычным матэрыялам размовы крытыка і пісьменніка, у ходзе якой высвятляюцца важныя пытанні псіхалогіі мастацкай творчасці, пісьменніцкага майстэрства, творчай гісторыі многіх прыкметных з’яў сучаснай айчыннай і замежных літаратур. І далей Аляксей Кузьміч найчасцей выступае ў жанры дыялогу-інтэрв’ю.  Ён выдаў шэраг кніг, змест якіх складаюць інтэрв’ю з вядомымі пісьменнікамі.

Таксама Гардзіцкі выступаў і ў жанры малой прозы. Аляксей Кузьміч аўтар даследаванняў: “Пра майстэрства дэталі” (1969), “Творчасць Івана Шамякіна” (1971), складальнік бібліяграфічных даведнікаў: “Пісьменнікі Савецкай Беларусі” (1981),  “Беларускія пісьменнікі (1917 – 1999)” (1994). Пра надзённыя літаратурныя клопаты і праблемы майстэрства ён паведаміў   у сваіх кнігах “Вачыма сяброў” (1977), “Сябрына”(1986), “Гутаркі” (1988) і інш.

 

Літаратура:

1.Гардзіцкі Аляксей Кузьміч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т.5. С. 59.

2.Гардзіцкі Аляксей Кузьміч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 6 т. Мінск. 1985. Т.С.46.

3.Гардзіцкі Аляксей // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск. 1993. Т.2. С. 123 – 125.

4.Гардзіцкі Аляксей Кузьміч // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн.2. С. 651.

Прочитано 4125 раз Последнее изменение Суббота, 07 Февраль 2015