"Ты пытаешься просто копировать, - сказал мне тогда отец, - а поток должен исходить изнутри, безостановочно течь сквозь тебя, подобно дыханию или жизни".

Эмми Итяранта «Дневник чайного мастера»



Уладзімір Мікалаевіч Карват

Уладзімір Мікалаевіч Карват

Уладзімір Мікалаевіч Карват,
ваенны дзеяч, першы Герой Беларусі

    Уладзімір Мікалаевіч Карва́т — беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслацыраванай у горадзе Баранавічы. Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 21 лістапада 1996 года быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі». Уладзімір Карват стаў першым Героем Беларусі.
    Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч у Брэсце. Працоўную дзейнасць пачаў у 1976 г. слесарам механазборачных работ.  Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. У 1981 г. скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, пасля чаго быў накіраваны для праходжання службы на Далёкі Ўсход,  дзе прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23. Асвоіў самалёты: Л-29, МіГ-23, Су-27. Агульны налёт - 1226 гадзін. Быў жанаты, жонка - Ніна Кірылаўна, дачка - Каця, 1982г., сын - Вячаслаў, 1989г. Пасля распаду СССР, у жніўні 1994 года па ўласным жаданні прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь.
    11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы.
    23 мая 1996 года Карват выконваў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малай вышыні ў складаных метыяўмовах уначы.
    Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з'яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.
    Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у бок. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў непадкантрольны, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.
    Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу. Самалёт загарэўся, мясцовыя жыхары спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякераю былі перарублены рамяні, але выцягнуць пілота не атрымалася. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя, але Карват загінуў пры падзенні. Цела пілота здолелі выцягнуць толькі на наступны дзень.
    Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.
    З Карватам развітваліся ў Баранавічах. Пахаваны Уладзімір Мікалаевіч 26 мая 1996 года ў Брэсце.
    У 2004 г. быў зняты фільм “Звычайны герой” пра Уладзіміра Мікалаевіча Карвата. У гэтым фільме Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года — камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу так: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён ўпаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі».
    У Брэсце у гонар Уладзіміра Карвата названа вуліца.  Яна знаходзіцца ў заходняй частцы горада. Яе забудова пачалася ў другой палове XIX стагоддзя. Да 1997 г. гэтае імя насіла адна з вуліц былога ваеннага гарадка ў Паўднёвым, пераназваная затым у вул. Абаронцаў Айчыны. У 1998 годзе вул. Лермантава ў Брэсце стала называцца вуліцай Карвата (непадалёк знаходзяцца СШ N 8, дзе вучыўся Карват, дом, у якім жыве яго мама Агрыпіна Дзмітрыеўна Карват). Працягласць больш за 200 м - ад вул. Чыгуначнай да вул. Брэсцкіх дывізіі.
    У 1997 годзе, у дзень нараджэння Карвата, на будынку школы № 8, дзе ён вучыўся, усталявана памятная дошка. 10 сакавіка 1997 года Савет Міністраў Беларусі пастановаю № 179 надаў гэтай школе імя Уладзіміра Мікалаевіча Карвата.  У госці да вучняў СШ N 8 часта прыязджаюць аднапалчане героя. Штогод, у дзень нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча, вучні і выкладчыкі збіраюцца ў двары школы на ўрачысты мітынг, потым яны адпраўляюцца да бюста Карвата на бульвар  Касманаўтаў, каб ускласці кветкі, і на могілках «Плоска»,  дзе хлопцы даглядаюць за магілай загінуўшага лётчыка. І кожны год 23 мая ў музеі школы праходзіць Дзень мужнасці. Традыцыйным сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна Брэста стаў турнір па валейболе на прыз Уладзіміра Карвата. Паглядзець на фінальныя гульні абавязкова прыходзяць Агрыпіна Дзмітрыеўна і Слава - маці і сын героя. У 2012 г. у школе быў адчынены музей Уладзіміра Карвата.
    На скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і вуліцы Гогаля 5 мая 2000 года усталяваны помнік герою. Помнік Уладзіміру Карвату пастаўлены не на самым месцы трагедыі, а ў самой вёсцы Арабаўшчына, перад Домам культуры.
    Зацверджана іменная стыпендыя Героя Беларусі, якую атрымліваюць найлепшыя курсанты авіяцыйнага факультэту Ваеннай Акадэміі Беларусі, заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболу на прыз Уладзіміра Карвата. Загадам міністра абароны № 263 ад 22 мая 1997 года падпалкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карват назаўсёды залічаны ў спісы 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць імя У. М. Карвата.
    У маі 2009 года ў Баранавічах на базе 61-й авіябазы адчынены музей Уладзіміра Карвата. Яшчэ ў Баранавічах існуе сквер імя Карвата. У Мінску яго імем названа вуліца. 
    Пра Уладзіміра Мікалаевіча Кавата зняты фільмы “Звычайны герой”(2004), “Памятае неба” (2008).
    Уладзімір Карват узнагароджаны : Герой Беларусі (1996, пасмяротна), ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені (1990), медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988)

Літаратура:

        1.Карват Владимир Николаевич
// Регионы Беларуси : энциклопедия. В. 7 т. Т.1 кн.1. Брестская область. Минск, 2009. С. 449.
        2.Карват Уладзімір Мікалаевіч  // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2003. Т. 8. С. 64.
        3.Герой Беларусі. Палёт ў бессмяротнасць  [У. Карват] // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 638 - 639.
        4.Карват Уладзімір Мікалаевіч  // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 638.
        5.Альшова, И. Первому Герою Беларуси посвящая… : 28 ноября 2008 г. В. Карвату исполнилось бы 50 лет / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2008. 4 дек. С. 1.
        6.Богданова, К. Прерванный полёт : 28 ноября первому Герою Беларуси В. Карвату исполнилось бы 50 лет / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2008. 28 нояб. С. 3.
        7.Гибок-Гибковский, А. Огромное небо Владимира Карвата : В эти дни исполняется пятнадцать лет подвигу первого героя Беларуси / Алесь Гибок-Гибковский // Народная газета. 2011. 19 мая. С. 5.
        8.Грыцук, Т. А. Не згасне памяць пра героя / Т. А. Грыцук // Пачатковая школа. 2006. №4. С. 28.
        9.Данилова, Е. Достучаться до сердец… : [ о фильме «Помнит небо», рассказывающем о В. Карвате] / Елена Данилова. // Заря. 2008. 13 нояб. С. 7
        10.Иващенко, А. Полёт в бессмертие : [в СШ № 8 г. Бреста открылся музей В. Карвата] / А. Иващенко // Заря. 2012. 1 дек. С. 2.
        11.Качук, Н. В созвездии героев:[первые герои Беларуси, Армении Украины, России, Казахстана, Туркменистана ] / Н. Качкук, А. Макаров // Армия. 2006. №3. С. 24-25.
        12.Крэйдзіч, М. Над Арабаўшчынай неба чыстае… : [памяці У. Карвата] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2006. 27 мая. С. 8.
        13.Литвинович, Е. Его помнят и любят, им гордятся… : [ о Владимире Карвате] / Евгений. Литвинович // Заря. 2006. 23 мая. С. 2.
        14.Тулин,Ф. Первый герой Беларуси : [о Владимире Карвате] / Фёдор Тумин // Брестский вестник. 2009. 29 янв. С. 4.
        15.Юркевич, Е. Полёт в бессмертие совершил 10 лет назад лётчик Владимир Карват / Елена. Юркевич // Заря. 2006. 23 мая. С. 1, 2.

 

Прочитано 4621 раз