Я говорю «удача», но я не встретил бы ее на своем пути, если б не искал.

Артур Конан Дойл «Архив Шерлока Холмса»



«Я адплаціў народу, чым моц мая магла...»

«Я адплаціў народу, чым моц мая магла...»

Да 130-годдзя з дня нараджэння цудоўнага беларускага пісьменніка Янкі Купалы

Біяграфія

Жыве з iм дум маiх сям'я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

                                               Я. Купала

Сапраўднае імя Янкі Купалы - Іван Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня1882 г. (па новым стылі) у фальварку Вязынка Менскага павета Менскай губерніі (цяпер вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці). Бацькі - Дамінік і Бянігна - паходзілі з дробнай чыншавай шляхты, якая мела свае адметныя саслоўныя рысы. Пры хрышчэнні ў Радашковіцкім касцёле Іван (для блізкіх - Ясь) Луцэвіч быў запісаны дваранінам, але пазней паводле афіцыйных дакумэнтаў належыў да мяшчан.

З дзяцінства будучага паэта цікавіў беларускі фальклор. Даволі рана ён навучыўся чытаць, імкнуўся да ведаў. Але бацькі не мелі сродкаў, каб даць сыну сістэматычную і дастаткова поўную адукацыю. Шмат што хлопчык спасцігаў шляхам самаадукацыі. З 1888 па1890 г. вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, займаўся ў Сенніцкім Народным Вучылішчы, у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску.. 

З 1895 да1904 г. сям'я жыла ў засценку Селішча (цяпер у Лагойскім раёне Мінскай вобласці). Вялікі ўплыў на фармаванне светапогляду маладога беларуса мела знаёмства з ўладальнікам суседняга маёнтка З. Чаховічам, які удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Ясь карыстаўся яго багатай бібліятэкай, дзе была і нелегальная літаратура, пераважна пра паўстанне1863 г. Знаёмства з Чаховічам стала штуршком для развіцця нацыянальнай самасвядомасці юнака, абудзіла ў ім цікавасць да мінулага Беларусі. 

Дапамагло гэта асэнсаваць і знаёмства з кнігамі беларускіх літаратараў XIX ст. Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча.

Найбольш ранні з вядомых твораў маладога паэта Луцэвіча, напісаных па-беларуску, - верш "Мая доля", датаваны 15 ліпеня1904 г., перадае псіхалагічнае самаадчуванне чалавека з народа, яго прыгнечанасць і зададзенасць жыццёвага шляху.

15 мая1905 г. у мінскай газэце "Северо-западный край" быў надрукаваны верш "Мужык" - першы апублікаваны твор паэта на беларускай мове. У ім закрануты тэмы чалавечай годнасці і самасцвярджэння працоўнага селяніна. 

З гэтага ж часу замест афіцыйнага імя - Іван Луцэвіч - літаратар пачаў ужываць псэўданім Янка Купала. Выбар такога літаратурнага імя звязаны з беларускім народным святам Купалля, пошукам чароўнае кветкі шчасця, што для паэта стала ўвасабленнем пошуку лепшай долі для народа, памкнення да светлай будучыні Беларусі.

11 мая1907 г. у газеце "Наша ніва" быў змешчаны верш "Касцу", які стаў першым выступленнем Купалы ў беларускамоўным друку. Пасля гэтага Купала ў "Нашай ніве" друкаваўся рэгулярна. Асноўныя тэмы тагачасных вершаў - бяспраўнае становішча селяніна, прыгажосць роднай зямлі. Купала - паэт-рамантык.

У гэтыя гады створаны паэмы "Зімою", "Нікому", "Калека", "Адплата кахання", заснаваныя на рэальных фактах з жыцця беларускіх сялян, якія засведчылі схільнасць іх аўтара да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый, а таксама драматычная паэма "Адвечная песня" - апафіёз мужычаму імкненню да шчасця.

У пачатку1908 г. у Санкт-Пецярбурзе выйшаў першы зборнік Янкі Купалы - "Жалейка", дзе былі надрукаваныя вершы 1905-1907 гг. і паэма "Адплата кахання". У гэтых лірычных творах у элегічнай форме выразна адлюстравана адвечная скарга селяніна на сваю цяжкую долю, выказаны памкненні народа і самога паэта як выразніка яго думак і пачуццяў. У зборніку ўпершыню апублікаваны знакаміты верш "А хто там ідзе?", які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. "Жалейка" двойчы канфіскоўвалася расійскімі ўладамі.

Летам1912 г. адбылася сустрэча дзвюх вялікіх беларусаў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дагэтуль яны асабіста знаёмыя не былі, хоць добра ведалі адзін аднаго па літаратурных творах. Знаёмства з часам перарасло ў сяброўства двух вялікіх майстроў слова.

У 1910-1913 гг. былі створаны паэмы "На Куццю", "На Дзяды", "Яна і я", рамантычныя паэмы на фальклорнай аснове "Курган", "Бандароўна", "Магіла льва", драматычныя паэмы "Сон на кургане", "На папасе", дзе Купала выявіў сябе буйнейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. Ва ўсіх гэтых творах - глыбокі філасоўскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю.

Восенню1910 г. выйшаў з друку другі Купалаў зборнік - "Гусляр", у якім выразна выяўлена рамантычнае светаадчуванне паэта, яго хваляванне за лёс Бацькаўшчыны.

У1913 г. быў выдадзены трэці паэтычны зборнік "Шляхам жыцця". Побач з творамі выразнай грамадзянскай патрыятычнай накіраванасці сюды ўвайшлі шэдэўры Купалавай пэйзажнай і інтымнай лірыкі. Ва ўсіх гэтых паэтычных выданнях Купала заклікаў беларускі народ да барацьбы за нацыянальнае вызваленне.

Пачаў працаваць Я. Купала і ў галіне драматургіі. Ужо першыя яго вопыты ў гэтым накірунку былі вельмі паспяховамі і сталі падмуркам беларускай нацыянальнай камедыі і драмы. У камедыі "Паўлінка", сцэнічным жарце "Прымакі" высмейваюцца дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Разам с тым вобразы Паўлінкі і яе каханага Якіма ўвасабляюць сабой новыя перадавыя павевы ў жыцці вёскі. У драме "Раскіданае гняздо" раскрываецца цяжкі лёс беларускага абеззямеленага сялянства пасля рэформы1861 г., пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні.

Творчасць Купалы мела свае праявы і ў перакладчыцкай дзейнасці. Да1913 г. ён пераклаў на беларускую мову з рускай асобныя творы І. Крылова, А. Кальцова, М. Някрасава, з украінскай - Т. Шаўчэнкі, з польскай - А. Міцкевіча, М. Канапніцкай. З верасня1915 г. знаходзіўся ў Маскве, займаўся ў народным універсітэце А. Шаняўскага на гісторыка-філасофскім факультэце. У студзені1916 г. узяў шлюб з Уладзіславай Станкевіч.

Рэвалюцыйныя падзеі1917 г., грамадзянская вайна 1918-1920 гг. нарадзілі матывы асуджэння гвалту, класавай нянавісці, антыгуманізму. У канцы кастрычніка1918 г. пасля доўгага творчага маўчання Купала напісаў вершы "Для Бацькаўшчыны", "У дарозе", "Песня", "Свайму народу" і "На сход!", у якіх выявілася яго расчараванне ў рэвалюцыі, трывога за родны народ, прагучаў заклік да беларусаў згуртавацца і самім вырашыць лёс Беларусі.

У1922 г. быў выдадзены зборнік "Спадчына", у які ўвайшлі вершы, напісаныя ў кастрычніку - снежні1918 г. У1925 г. выйшаў зборнік "Безназоўнае", складзены пераважна з вершаў 1919-1924 гг. У1930 г. выдадзены зборнік вершаў Я. Купалы "Адцвітанне", у які галоўным чынам увайшлі творы, напісаныя да1915 г. і ў 1918-1919 гг.

У трагікамедыі "Тутэйшыя", напісанай у1922 г., прагучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі як ад Захаду, так і ад Усходу, у вострай сатырычнай форме выкрываліся прыстасаванства і нацыянальны нігілізм.

У1937 г. Я. Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсій, аднак, хоць мясцовыя рэпрэсіўныя органы і звярталіся да вышэйшага кіраўніцтва па дазвол на яго арышт, такой санкцыі не атрымалі. 

У1941 г. выйшаў зборнік "Ад сэрца", куды ўвайшлі паэма "Тарасова доля" - паэтызацыя жыццёвага лёсу ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі і вершы, напісаныя ў 1937-1939 гг., якія ўслаўлялі савецкую рэчаіснасць.

28 чэрвеня Янка Купала трагічна загінуў (упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха) у гасцініцы "Масква" пры нявысветленых абставінах. У1962 г. урна з прахам паэта перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых Могілках.

Дзейнасць Янкі Купалы, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным Адраджэньні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі. 

Працуюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску і чатыры яго філіялы: "Акопы" ў Лагойскім раёне, "Яхімоўшчына" ў Маладзечанскім раёне, Купалаўскія мемарыяльныя запаведнікі "Вязынка" ў Маладзечанскім раёне (дзе штогод праводзяцца купалаўскія святы паэзіі) і "Ляўкі" ў Аршанскім раёне.

Драматургічныя творы Янкі Купалы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. Яго п'есы "Паўлінка", "Раскіданае гняздо", паэма "Магіла льва" экранізаваны. 

Творчасць Янкі Купалы заслужыла сусветнае прызнанне - пра гэта сведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна атрымала ў многіх краінах свету. Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш "А хто там ідзе?" перакладзены на 82 мовы народаў свету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя - англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.

У 1996 г. створаны Міжнародны Фонд Янкі Купалы. 100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 2007 г. у Беларусі адзначалася 125-годдзе з дня нараджэння вялікага паэта Янкі Купалы.