Четверг, 28 Февраль 2019

Фотавыстава “Храмы Белай Русі”.

Оцените материал
(7 голосов)

 “Над галавою бездань просіні, душа ірвецца ў вышыню…” – радкі з верша Віктара Хмарука. Бездань просіні амаль на кожным фотаздымку Віктара на фотавыставе “Храмы Белай Русі”. А таксама – царквы, капліцы, касцёлы, саборы. Побач з кожным здымкам – кароткія гістарычныя звесткі пра храм.

Віктар Хмарук – аўтар чатырох зборнікаў вершаў і лірычных замалёвак, а яшчэ ён – двойчы пераможца фотаконкурсу “Краявіды малой радзімы” часопіса “Родная прырода”.  З пытаннямі да фатографа звярнулася Ірына Фаміна. 

Віктар, традыцыйнае пытанне. Як даўно Вы займаецеся фатаграфіяй?

Фатаграфаваць пачаў, калі зразумеў, што мае малюнкі не могуць перадаць прыгажосць і непаўторную маляўнічасць нашых краявідаў.

Лічыцца, што ў фотаздымка павінен быць сюжэт, сэнс, глядач. Ці згодны Вы з гэтым выказваннем?

У кожным фотаздымку павінна быць і жыць душа. Калі гэта ёсць, тады і сюжэт, і сэнс, і глядач знойдзецца.

Ці можаце Вы расказаць гісторыю сваіх фотаздымкаў: дзе зроблены, чым уразілі, якія эмоцыі выклікалі?

У кожнага фотаздымка свая гісторыя і свае эмоцыі. Яны ніколі не паўтараюцца.

Якія здымкі атрымліваюцца ў Вас лепш: спантанныя ці падрыхтаваныя?

Лепшыя  – падрыхтаваныя. У тым сэнсе, што ў цябе ў руках не бракуе камеры, а за акном добрае надвор’е.

Калі глядзіце ў аб’ектыў, бачыце адразу рэзультат? Ці бывае так, што для Вас самога атрыманы кадр з’яўляецца адкрыццём?

Заўсёды стараюся бачыць вынік. Навучаны яшчэ з тых часоў, калі плёнка каштавала не танна, тым больш каляровая, якую мне прывозілі з Германіі.

Зараз стала модна прыбіраць з фатаграфій колер? У Вас жа практычна няма чорна-белых здымкаў. Чаму?

Я больш здымаю прыроду, там заўсёды колер пары года… Чорна-белыя больш, мне здаецца, імпануюць гарадскім пейзажам – тварэнню рук. Хаця, гэта толькі маё асабістае меркаванне.

Вы любіце падарожнічаць, амаль заўсёды з фотаапаратам. Раскажыце, калі ласка, культура якой краіны прыцягнула больш за ўсё Вашу ўвагу, як творчага чалавека?

У кожнага народа, а іх у кожнай краіне можа быць некалькі, свая культура, свае звычаі, свае выбітнасці. Усё новае мяне прыцягвае, але бліжэй па духу і менталітэту Украіна, Польшча і Літва. А больш за ўсё люблю здымаць сваю краіну.

Ці ёсць месцы, што запомніліся больш за ўсё сваёй фотагенічнасцю?

На Беларусі – мая Нясвіжчына, Прыпяць, палескія балоты. За межамі – Карпаты, Татры, Партугалія і Іспанія.

А ці ёсць месцы, якія ўразілі настолькі, што зусім не хацелася дзівіцца на іх праз аб’ектыў фотаапарата, а хацелася зберагчы іх у памяці больш, чым у кадры?

Хутчэй гэта не месцы, а людзі і эмоцыі. З цягам часу менавіта фотаздымкі і дапамагаюць іх аднавіць і перажыць нанова.

Якую пару года больш за ўсё любіце здымаць?  Чаму?

За зеляніну, квітнеючыя сады  і пяшчоту люблю вясну. За аблокі і світанкі - лета. За колеры і бяздоннае неба - восень. За шэрань і белую бяскрайнасць - зіму.

Фатаграфія і паэзія для Вас гэта часткі аднаго цэлага? Ці яны ніяк не звязаны?

Мае вершы гэта і ёсць фотаздымкі, якія я збіраю і калекцыйную ў сваёй душы.

Некалькі слоў пра выставу “Храмы Белай Русі”. Чым Вас вабіць сакральная фатаграфія? Што па-першае: рэлігія, архітэктура ці вобраз у цэлым?

Храм – гэта неба на зямлі…

У кожнага храма – асабістая энергетыка. Адны храмы ачышчаюць, другія напаўняюць, але галоўнае - гэтыя месцы, як кажуць, “намоленыя”, у іх душа імкнецца ў неба. Псіхолагі, да рэчы, раяць глядзець на неба. Яно пазбаўляе нас ад непатрэбных турбот і акрыляе.

Якія храмы Вас больш прывабліваюць, сучасныя ці старадаўнія, капліцы ці саборы?

Храм не можа вабіць. Ён у душы. І калі душа трапеча, напаўняецца любоўю і радасцю – гэта і ёсць твой храм.

Вашы здымкі зроблены выпадкова ці Вы спецыяльна наведваеце розныя мясціны дзеля кадра?

Выпадковасці ў жыцці не бывае.

Усё па волі Божай.

У Вашай кнізе вершаў і лірычных замалёвак “Соцветия” ёсць укладышы з фотаздымкамі. А ці няма жадання выдаць фотаальбом разам з Вашымі вершамі?

На сённяшні дзень не стае часу. А можа, проста няма натхнення на гэту справу.

Прочитано 165 раз

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены


Антиспам: пожалуйста, составьте картинку

Сейчас 297 гостей и ни одного зарегистрированного пользователя на сайте

© 2019 Государственное учреждение культуры "Брестская центральная городская библиотека им. А.С. Пушкина". Все права защищены.