Гордае, скалечанае ў бойцы,
Цягнецца да неба ўсё ж яно,
Хоць агнём спалілі яго бомбы,
Хоць гранаты рваліся ля ног.
Дрэва, што пад націскам варожым
Шапацела маладой ліствой:
— Я клянуся быць непераможным,
Быць заўсёды з роднаю зямлёй.
Дрэва, што над бурай устаяла,
Не схіліла гордай галавы
Перад ветрам, полымем, металам,
Нібы верны клятве вартавы.
З ім, зеленакосым, летуценным,
Справіцца снарады не змаглі.
Не, не вырвеш чэрпкае карэнне
З роднае, абжытае зямлі.
Пад свінцовым ліўнем смертаносным
Ў дзень цяжкі трывогі баявой,
Як салдаты, паміралі сосны
Каля Мінска, Вязьмы, пад Масквой.
Рускія бязмежныя прасторы…
Пад снягамі — трупы чужаніц…
Краю партызанскага дарогі,
Вобліскі трывожныя зарніц…
Віску бомб не чулі нашы лозы,
Сонечнай Арменіі сады, —
Гэта ж беларускія бярозы
Засланілі іх у час бяды:
Дрэва каля Буга цёплым летам
Выпрастала пачарнелы стан,
Пазірае на прастор сагрэты,
Як вайны апошняй ветэран.
Пояць раўчукі яго карэнне,
І звіняць жывыя галасы.
Ветэрану гордаму на змену
Вырастаюць новыя лясы.
У пшанічным стэпе зелянеюць,
Ў мірны дзень стаяць яны ў страі,
Адбіваюць націск сухавею,
Нібы пагранічнікі ў баі.
Пераклад з армянскай Хв. Жычкі.