Этнаграфічная экспедыцыя “Чым займаліся нашы продкі”

Нясем сваю мы спадчыну,
Здабытую ў вяках,
Шануем песню матчыну –
Наш неацэнны скарб.

 

Вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў бібліятэкі імя Янкі Купалы, па-ранейшаму, карыстаецца этнаграфічны куток “Беларуская хатка”. Этнаграфічны куток гэта дзівосная скарбонка самабытнасці, непаўторнасці, якая складвалася на працягу многіх стагоддзяў і ўвабрала ў сябе мудрасць, вопыт і традыцыі нашых продкаў, перадавалася з пакалення ў пакаленне. Гэта той агеньчык, які асвятляе нашы душы, прымушае па-іншаму зірнуць на тое, як жылі нашы дзяды і прадзеды.
Падрастаючае пакаленне беларусаў хочуць ведаць свае карані. 25 студзеня бібліятэку наведалі навучэнцы 8-ых класаў. Для іх была арганізавана этнаграфічная экскурсія “Чым займаліся нашы продкі”.
Спрадвеку займаліся беларусы земляробствам. Зямлю сваю шанавалі, дзяцей з малых гадоў прывучалі дапамагаць дарослым у сялянскай працы. Былі яны добрыя рыбакі, паляўнічыя, пчаляры, займаліся рознымі рамёствамі: бондарствам, ганчарствам, ткацтвам, кавальствам. Але адным з багатых і старажытных рамёстваў беларусаў з’яўляецца народнае ткацтва. У ткацтве знайшлі сваё адлюстраванне векавая гісторыя беларускага народа, яго майстэрства і мастацкі густ. У зімовы час сялянская хата пераўтваралася ў рамесную майстэрню. Кожная вясковая дзяўчына павінна была ўмець ткаць і прасці.
Многія з прылад ткацтва прадстаўлены ў нашым кутку. Так, напрыклад, верацяно – прылада для скручвання ніткі ў працэссе прадзення, чаўнок і цэўка, прасніца і калаўрот, матавіла. Але ганаровае месца сярод іх займае адзіны ў нашым горадзе, самаробны драўляны ткацкі станок кросна. Ткалі найчасцей з лёну. Для апрацоўкі лёну існавала шмат спосабаў і прылад: яго мялі, трапалі, часалі, пралі. Затым бялілі або фарбавалі пражу, снавалі яе. I толькі потым пачыналі ткаць. Рыпелі панажы, стукалі бёрды з набіліцамі, хадзілі ўверх-уніз ніты, ткалася палатно, белае ці расквечанае яркімі ўзорамі.
Усе дзяўчаты ўмелі і добра вышываць. У кожнай мясцовасці вышыўка была непаўторная, каларытная. У Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.
Экскурсія праводзілася на роднай беларускай мове, вельмі спадабалася навучэнцам і нікога з іх не пакінула абыякавым.