Архітэктура прысутнасці

Алесь Паплаўскі – чалавек творчы. Паэт, арыгінальны празаік, аўтар і выканаўца песень на ўласныя вершы, фатограф. У кастрычніку мінула года ў фае Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна дэманстравалася яго персанальная фотавыстава “Па той бок імгнення”. З фотавыставай “Архітэктура прысутнасці” можна будзе пазнаёміцца там жа на працягу лістапада гэтага года. Маленькія вуліцы і завулкі з розных гарадоў Сусвету. З пытаннямі да Алеся звярнулася Ірына Фаміна.

Алесь, з чаго пачалося Ваша захапленне фатаграфіяй? У якім узросце Вы пачалі здымаць самастойна? Як Вы пачалі бачыць “свае” кадры?

Гэта даўняя гісторыя. Жыццё пачынаецца з уражанняў і пачуццяў. Іх чамусьці хочацца захаваць. Як мага даўжэй трымаць у памяці або на паперы. Мо таму мне заўжды хацелася маляваць. Я пазнаваў свет, пазнаваў сябе. І мне хацелася дзяліцца сваімі ўражаннямі з іншымі, з сябрамі, з блізкімі людзьмі. Відаць, гэта асаблівасць майго характару.
На той час мне падарылі набор каляровых алоўкаў. Я насіўся са сваімі наіўнымі дзіцячымі ідэямі, псаваў паперу, і быў няздольны занатаваць убачанае і адчутае. У мяне не атрымлівалася перанесці на паперу, намаляваць нават самую просценькую рэч.
Прызнацца, гэта быў час не толькі пазнанняў, але і вялікіх расчараванняў. Іншы раз мне здаецца, што менавіта тады нараджаўся ў маёй свядомасці, даруйце за нясціпласць, паэт.
Вернемся да пытання пра фатаграфію. Неяк у нашу вёску з горада прыехаў сапраўдны фатограф. Ён крочыў ад падвор’я да падвор’я і за пэўны кошт прапаноўваў людзям свае паслугі. Да гэтага часу я захоўваю, зроблены гэтым майстрам здымак, першы ў маім жыцці. На ім я з мамай. Ён пажаўцеў ад часу, але ўсё яшчэ захоўвае памяць аб тых часінах. А яшчэ ён захоўвае памяць аб маіх дзіцячых марах. Гэты фатограф, сам таго не ведаючы, і стаў тым самым сейбітам, які пасеяў ў маёй падсвядомасці зерне надзеі, што і я некалі стану такім як ён, што і мне некалі пашанцуе набыць прафесійны фотаапарат.
І я яго набыў. Значна пазней, калі вучыўся ў школе. Праўда, не зусім прафесійны. На той час месца школьнага фатографа было занятае. Адзін з маіх аднакласнікаў меў даволі круты фотаапарат, і я з сваёй “Зменай” не мог скласці яму канкурэнцыю. Школьнае жыццё фатаграфаваў пераважна ён. Я фатаграфаваў прыроду.
Дарэчы, любоў назіраць за прыроднымі з’явамі праз шкельца фотааб’ектыва захавалася дасюль. На той час чорна-белыя здымкі не заўжды адпавядалі маім патрабаванням. Яны не былі здольныя перадаваць багацце колераў і фарбаў, якія я бачыў. Я пачаў шукаць адпаведныя словы. А часцей, для таго каб выказаць свае пачуцці, карыстаўся і тым, і тым. І ўсё ж фотаапарат вучыў мяне бачыць свет фрагментарна, вучыў бачыць дробязі, якія большасць людзей ігнаруе.

З чаго трэба пачынаць, каб атрымалася харошая прафесійная фатаграфія? Што трэба ўлічваць, калі здымаеш? Раскажыце аб фотатэхніцы, якой Вы карыстаецеся. Ці выкарыстоўваеце нейкія спецыяльныя прыстасаванні?

Па-першае. Я ніколі не лічыў, не лічу і не буду лічыць сябе прафесіяналам. Болей таго, мне сапраўды іншы раз не стае нейкіх элементарных ведаў. І гэта повад вучыцца.
Ёсць тэорыя, ёсць практыка, і ёсць ўнутранае чуццё, інтуіцыя. У мяне ёсць разуменне і бачанне таго, што я хачу. І гэта галоўнае.
Не хацелася б дзяліць людзей на катэгорыі, але, на жаль, незалежна ад майго меркавання, такі падзел існуе і не сказаць пра яго, было б таксама з майго боку, няшчырасцю.
Не сакрэт, што кожны з нас бачыць гэты свет па-свойму. Але свет значна багацейшы і больш разнастайны, чым яго бачыць пераважная большасць людзей. Ёсць тыя, хто бачыць яго разнастайнасць і складанасць, і ёсць тыя, хто бачыць гэта толькі тады, калі ім тое пакажуць. Ёсць таксама і такія, якім паказвай, не паказвай, яны ўсё адно не ўбачаць.
Што тычыцца вашага пытання наконт майго захаплення, то яно для мяне мае зусім іншы сэнс і нясе ў сабе іншую нагрузку. Фотаапарат для мяне хутчэй толькі прылада, з дапамогай якой я пазнаю свет, назіраю за навакольным жыццём. Калі жадаеце, гэта толькі сродак для медытацыі. Паўтаруся, фотаапарат вучыць мяне мысліць фрагментарна, вучыць бачыць дробязі, з якіх і складаецца наша жыццё.
Безумоўна, ведаць яго тэхнічныя магчымасці, гэта іншая справа – карысная і неабходная. Але навучыць, бачыць свет ва ўсёй яго складанасці і красе, мне здаецца, немагчыма.
Што тычыцца пытання якасці здымкаў, то адназначнага адказу на яго я не маю. Для мяне гэта таксама таямніца. Магчыма, на вынік аказвае ўплыў талент, вопыт і веды. Фотаапарат, гэта ўсё роўна што гэблік у руках майстра, ці стрэльба ў руках паляўнічага, прабачце за такое параўнанне, ты заўважаеш аб’ект і страляеш наўскідку. Але заўважце, выдатны стралок ніколі не мажа.
Ну, а калі больш дакладна, то здымак зараджаецца спачатку ў галаве, а ўжо потым ты націскаеш на гузік. Усё адбываецца само сабой, імгненна і спантанна. Прыладжвацца няма часу. Бо тое, што ты прыкмеціў і спрабуеш сфатаграфаваць, усяго праз хвіліну стане нечым іншым, не тым, што ты бачыў…

Алесь, Вы шмат падарожнічаеце. Фотаздымкі – гэта своеасаблівае матэрыяльнае пацвярджэнне Вашых уражанняў. А ці бываюць моманты, калі прырода ці гарадскі пейзаж захопліваюць настолькі, што нават забываеш пра фотаапарат, хочацца зберагчы імгненне не столькі ў кадры, колькі ў асабістых адчуваннях?

Менавіта так яно і бывае часцей за ўсё. Менавіта ў гэтым і ёсць цымус гэтага занятку. Працэс фатаграфавання для мяне, паўтаруся, гэта працэс медытаціі. Таму, хіба можна, скажам, забыць уражанні і эмоцыі, якія я адчуваў, калі здымаў у юначым узросце прыроду Каўказа? Мінула столькі гадоў, засталося ўсяго некалькі чорна-белых здымкаў, але памяць так і не сцерла самага галоўнага – радасці сустрэчы з Прыгажосцю. Памяць вяртае мне зноў і зноў тыя пачуцці. Для мяне тая паездка была першым у жыцці спатканнем з сур’ёзнымі гарамі. Падымаючыся на пад’ёмніку высока ў горы, да заснежаных вяршынь, я з затоеным дыханнем узіраўся ў векавую прыгажосць, у застылую белую моўчу і выціраў мітусліва вочы, якія слязіліся ад замілавання, а можа ад сустрэчнага ветру. Цяжка цяпер сказаць ад чаго. Сакральны халадок гэтых слёз я запомніў на ўсё жыццё. З глядзельнай пляцоўкі быў бачны пік Эльбруса. Мройны, няўлоўны для позірку, ён то з’яўляўся на даляглядзе, то зноў знікаў. Я ўзіраўся ў шэрую далячынь у пошуках яго снежнай шапкі і мяне перапаўняла адчуванне нейкай незямной адзіноты. Як ніколі я адчуваў сваю мізэрнасць і сваю безабароннасць. Я баяўся сваімі рухамі апаганіць нешта Вялікае, Святое. Мне здавалася, што знаходжуся ў Храме.

Ці ёсць месцы на карце якія Вам абавязкова хацелася б наведаць дзеля ўдалых кадраў?

Безумоўна, у свеце існуе шмат прыгожых мясцін, дзе хацелася б пабыць. Але, для таго, каб сузіраць і радавацца Прыгажосці, неабавязкова ездзіць на край свету. Так, я адносна шмат вандрую па свеце, але мае вандроўкі не толькі і не столькі за прыгожымі здымкамі, найперш яны пазнавальныя. Паўтаруся, прыгажосць побач з намі¸ калі ты здольны яе бачыць.
Скажам, я даўно ўжо здымаю наш Мухавец, і кожны раз адчуваю радасць сустрэчы з нечым іншым, адметным. Як мне здаецца, у тым і ўвесь сэнс нашага жыцця, прымячаць прыгажосць у любых, здавалася б самых прымітыўных на першы погляд, рэчах. Прыгажосць тоіцца ўнутры нас. Ва ўсякім разе, менавіта там яе неабходна шукаць. Памятаеце, што сцвярджаў Вільям Блэйк?

“Увидеть мир в одной песчинке
И Космас весь в одной травинке!
Вместить в ладони бесконечность
И в миге мимолетном вечность…”

На фотавыставе “Архітэктура прысутнасці” прадстаўлены фотаздымкі розных гарадоў свету. Які горад аказаў на Вас найбольшае ўражанне? Якімі асаблівасцямі запомніўся? Аб чым хочацца расказаць ці паказаць на фотаздымках?

Не ўсе так адназначна насамрэч. Кожнае месца па-свойму адметнае, здольнае нечым нас вабіць і цікавіць. Для таго, каб шчыра адказаць на вашае пытанне, мне б варта было пажыць у тым ці іншым горадзе, перад тым як даваць адназначны адказ. Хаця б месяц. На жаль мае разавыя, мімалётныя вандроўкі не дазваляюць рабіць таго. Калі шчыра, мне вельмі падабаецца Прага. Мне пашчасціла пабыць там некалькі разоў і нават напісаць аповесць звязаную з гэтым месцам. А яшчэ там жылі і працавалі мае куміры Франц Кафка і Густаў Майрынк. Я знаёмы з гэтым горадам і па іх творах.

Вы шмат здымаеце на вуліцах нашага горада. Чым Брэст, на Вашу думку, адрозніваецца ад іншых гарадоў?

Брэст невялічкі памежны горад. Апошнім часам ён заўважна мяняецца. У нечым у лепшы бок, а ў нечым – наадварот. Гэта горад у якім я жыву. Гэта горад, які я напаўняю сваім зместам. І гэтым усе сказана. Безумоўна, я фатаграфую яго. І не толькі архітэктуру, але і яго жыхароў. Гэтыя вулачкі, гэтыя кавярні па вуліцы Савецкай, дзе я люблю бавіць час за кубкам піва, тояць часцінку і мяне самога. Брэст горад маёй прысутнасці. А таму, ці маю я права крытыкаваць яго? Верагодна, не. Інакш гэта азначала б, што ёсць у тым кепскім і частка маёй віны.

Як Вы лічыце, ці можна назваць Вашы работы “філасофіяй ў здымках”?

Што вы! У мяне няма філасофскіх здымкаў. Болей таго, як па мне, такіх здымкаў не існуе ў прыродзе. Мы напаўняем візуальнае самі. Кожны сваім сэнсам і зместам. У гэтым і ёсць чароўнасць здымкаў. Так склалася, што людзі давяраюць найперш візуальнаму, таму, што яны бачаць, а не таму, што чуюць. Убачанае больш пераканаўча дзейнічае на нас, чым пачутае. Мне б хацелася, каб мае здымкі былі медытыўнымі, каб людзі разглядвалі іх і напаўнялі зместам, кожны сваім, у тым ліку і філасофскім.

Якія фотаздымкі ўпрыгожваюць сцены Вашай кватэры?

На сценах у маім пакоі вісяць здымкі двух гарадоў Прагі і Іерусаліма. Безумоўна, гэта знакавыя ў маім жыцці гарады. У адным і другім я прабыў некалькі сутак. Як выявілася, і гэтага часу стала дастаткова, каб напісаць аб іх творы і расказваць пра ўбачанае гадзінамі.

Які з відаў творчасці Вы лічыце для сябе галоўным – літаратура ці фатаграфія? Што для Вас найбольш цікава – пісаць вершы, прозу ці рабіць здымкі?

Якраз выдзеляць нешта з кантэксту, ды сцвярджаць, што той ці іншы від творчасці пасуе мне больш, што ён і ёсць лёсавырашальны ў маім жыцці, я не стаў бы.
У прынцыпе, для мяне няма вялікай розніцы, чым займацца, пісаць вершы, ці медытаваць са здымачам, назіраючы за заходам сонца. Куды важней для мяне, быць заўжды ў працэсе. А гэта значыць, займацца творчасцю. Ствараць сябе. І гэта не проста словы, гэта маё жыццё. Гэта шчасце быць, а не здавацца.