“Адкрыццё” збірае сяброў

У многіх творчых людзей настае час, калі хочацца запісаць свае думкі. А запісаўшы, часцей за ўсё ўзнікае жаданне падзяліцца напісаным з чытачамі. Нехта друкуе свае запісы у інтэрнэце, хтосьці выдае кнігі, а іншыя збіраюцца ў творчыя аб’яднанні і ўслых чытаюць і абмяркоўваюць напісанае.
Літаратурнае аматарскае аб’яднанне “Адкрыццё” створана пры бібліятэцы па ініцыятыве пісьменніцы, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Зінаіды Іосіфаўны Дудзюк. У аб’яднанне ўваходзяць творчыя людзі ўсіх узростаў, якія цікавяцца літаратурай і самі спрабуюць пісаць.
26 лютага адбылася своеасаблівая справаздача ўдзельнікаў аб’яднання перад чытачамі бібліятэкі. Прагучалі аўтарскія вершы ў выкананні Марыі Навумчык, Кацярыны Мізерыя, Таццяны Шульга, Мікалая Бурляева, Ніны Зарэцкай, Вольгі Лебядзевай-Смірновай, Лідзіі Касачук. Празаічныя творы ці іх невялікія ўрыўкі прачыталі Ірына Морых і Ірына Фаміна. Святлана Ярошык і Галіна Гедзік выканалі песні, прысвечаныя гораду Брэсту.
Пасяджэнні аматарскага аб’яднання адбываюцца ў канферэнц-зале бібліятэкі ў апошні панядзелак месяца. Прыняць ўдзел у іх могуць усе жадаючыя.